Дзяржава вядзе барацьбу з прыватнай адукацыяй


Рэжым Лукашэнкі раскручвае рэпрэсіі супраць недзяржаўнай сярэдняй адукацыі. Сёння сталася вядома пра закрыццё чарговай прыватнай школы пры каталіцкім Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Менску. Заняткі там праводзіліся на беларускай мове. Напярэдадні па ўсёй краіне закрылі абсалютную большасць прыватных школаў, а некаторых іх працаўнікоў затрымаў АМАП.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Усе вашыя шарашкіны канторы накрыем, усе вашыя прыватныя элітныя школкі скруцім у бараноў рог, усё, шляхта, па конях і ехаць “да Польскі”», – усё, як анансаваў дзяржаўны прапагандыст Рыгор Азаронак. Прыватныя школы пачалі масава правяраць і прыпыняць іх дзейнасць.

Беларуска, якая вадзіла сваё дзіця ў прыватную школу, на ўмовах ананімнасці распавяла нам пра сітуацыю:

«Бацькі вырашаюць пытанне па-рознаму. Многія пайшлі ў дзяржаўныя ўстановы, таму што іх пужаюць пастановай на ўлік паводле скарочанай працэдуры. Маўляў, яны гэта будуць расцэньваць, нібыта сям’я не дае дзіцяці выкарыстаць яго права на адукацыю, а таму яно ў сацыяльна небяспечным становішчы. І адразу прыходзіць з камісіяй на пастаноўку сям’і на ўлік. Настрой напружаны. Даверу ні ў кога да дзяржавы няма».

Праблемы ў прыватных школах пачаліся яшчэ перад першым верасня, але масавы характар яны атрымалі пасля інцыдэнту ў менскай школе «Смарт скул»: 15 верасня вучань прыйшоў на заняткі з пнеўматычнай зброяй і стрэліў у сваю аднакласніцу. Былая настаўніца Вольга Павук мяркуе, што гэты выпадак проста згуляў на руку ўладам:

«Яны даўно чакалі такога моманту, што нешта здарыцца і можна будзе пазакрываць гэтыя школы, яшчэ два гады таму вялося, што гэта рассаднікі антыдзяржаўнай ідэалогіі, што гэта аплот апазіцыі і там нейкіх экстрэмістаў выхоўваюць».

Афіцыйная падстава для прыпынення дзейнасці прыватных школаў – адсутнасць сертыфікатаў гатовасці і розныя дробныя парушэнні, якія звычайна выпраўляюцца за гадзіну ці дзень.

«Не стварылі ўмоваў, а школы адкрылі. Найчасцей прыватныя ўстановы адукацыі месцяцца ў будынках, якія далёка не могуць прыняць установы адукацыі, адсутнічае тэрыторыя, адсутнічаюць кабінеты фізікі, працоўнай адукацыі, хіміі, спартовыя залы. Выяўленыя парушэнні ў частцы пажарнай бяспекі, санітарнага дабрабыту – яны вельмі сур’ёзныя», – заявіла першая намесніца старшыні камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Людміла Барысенка.

Для аднаўлення дзейнасці прыватным школам будзе недастаткова проста выправіць парушэнні. Хутка набудзе моц закон «Аб ліцэнзаванні», паводле якога ўстановы адукацыі мусяць атрымаць яшчэ і ліцэнзіі.

Пры гэтым прыватныя школы развязвалі праблемы, якія немагчыма развязаць у дзяржаўных школах. Напрыклад, там вучыліся дзеці з асаблівасцямі развіцця, якім патрэбны індывідуальны падыход.

«Дзяржаўная школа, нават найлепшая, проста не можа пасадзіць у клас 15, а не 25 дзяцей, не можа наняць групу псіхолагаў, не можа забяспечыць прысутнасці вузкага спецыяліста, напрыклад, па дыслексіі. Прыватныя школы гэта рабілі», – на ананімных умовах патлумачыў настаўнік прыватнай школы.

У прыватных школах Менску навучалася 2066 дзяцей. З іх каля 70 адсоткаў перайшло ў дзяржаўныя школы. Частка дзяцей перайшла ў Менскую міжнародную гімназію – адну з нешматлікіх прыватных школаў, якая працягнула працаваць. Паводле супадзення, акурат гэтая гімназія была заснаваная меркаванай маці Мікалая Лукашэнкі Ірынай Абельскай.

«Дакладна сказаць, ці гэта перадзел рынку ці не, мы не можам, бо не маем на гэта ніякіх доказаў. Нейкія дзеці перайшлі ў Менскую міжнародную гімназію. Ну, яна сапраўды зарабляе, бо месяц навучання каштуе каля 300 долараў і яе даход можа быць каля 1 млн долараў на год», – распавяла расследавальніца беларускага расследавальніцкага цэнтру Ксенія Вязнікоўцава.

На яе думку, для кашалькоў Лукашэнкі гэтая сума не ўяўляе цікавасці, таму, верагодна, іншая прычына – кантроль за адукацыяй. Пра гэта кажуць і шматлікія затрыманні працаўнікоў прыватных школаў паводле палітычных матываў. Да таго ж сёння набывае моц пастанова Міністэрства адукацыі, згодна якой настаўнікі абавязваюцца фармаваць у вучняў пачуццё патрыятызму і павагі да абаронцаў Айчыны.

«Менавіта калі ты бярэш пад сваю ўладу адукацыю, ты бярэш пад уладу будучыню – вось гэтым сёння і займаецца лукашэнкаўская сістэма: яны хочуць, каб дзеці, выпускнікі былі ўжо, як яны кажуць, “настаяшчыя патрыёты”», – лічыць былая настаўніца Вольга Павук.

Пры гэтым чыноўнікі працягваюць абцяжарваць сферу адукацыі дадатковымі абмежаваннямі і забаронамі. Старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава заявіла наступнае: «Мы занадта шмат далі волі бацькам, бацькі не павінны ўмешвацца ў навучальны працэс у школе, вось маё глыбокае перакананне, бо ў нас атрымліваецца так: чалавек прыйшоў і адцягвае настаўніка, настаўнік павінен займацца навучаннем маладых людзей. Таму зараз правільна робяць у шмат якіх школах: закрываюць уваход, ён толькі паводле пропускаў, у шматлікіх школах бацькі ўжо толькі прывялі – і ідзіце».

Паводле лічбаў Белстату, з 2010 да 2021 года беларускія школы згубілі больш за 25 тысяч настаўнікаў. Амаль 5 тысяч з іх сышлі з сістэмы ў мінулым годзе.

Вольга Васільева, «Белсат»