Сёння прысудзілі амаль 100 год зняволення па «Справе Рэвалюцыйнага дзеяння»


Лічбы гэтай справы ўражваюць. 160 тамоў, 10 крымінальных артыкулаў, паўтары гады следства, 10 абвінавачаных. Але самая страшная – агулам фігурантам «справы рэвалюцыйнага дзеяння» далі 94 гады зняволення.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аляксандру Францкевічу суддзя Сяргей Хрыпач даў самы вялікі тэрмін з усіх абвінавачаных – 17 гадоў зняволення. Іншыя 9 фігурантаў справы «Рэвалюцыйнага дзеяння» атрымалі ад 5 да 16 гадоў. У апошнім слове Аляксандр Францкевіч сказаў:

«Нягледзячы на ўсю жорсткасць, усю нахабную хлусню, агрэсіўнае невуцтва, нягледзячы на велізарную колькасць бессэнсоўнага гвалту, я ведаю: час моцных гаспадарнікаў і збіральнікаў земляў сышоў. Гэта ведаюць нават тыя, хто з інерцыі ці са страху выконваюць усе распараджэнні, указы і задачы».

Яшчэ 4 фігуранты справы збеглі і застаюцца на волі. Іхныя справы разглядаюць на асобным судовым працэсе, этап якога невядомы. Раман Халілаў – адзін з такіх фігурантаў, якому раней удалося выехаць з Беларусі.

«Лягчэй было б пералічыць, што ў гэтым працэсе было ў адпаведнасці з КПК, таму што парушэнняў была вялізарная колькасць. Многіх фігурантаў, як Аляксандр Францкевіч, Акіхіра Гаеўскага-Ханада, катавалі. Таксама я ведаю, што фізічны і маральны ціск аказваўся на Андрэя Чапюка. Усяляк ім ствараліся невыносныя ўмовы».

Фігуранты – гэта анархісты і двое праваабаронцаў. У тым ліку каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова.

ОНТ паведамляла, што праваабаронцу затрымалі на ўкраінскай мяжы нібыта за закідванне кактэйлямі Молатава кіеўскага суда.

Яшчэ адно абвінавачванне – арганізацыя лагераў для трэнавання анархістаў. Насамрэч Марфа займалася маніторынгам судоў, навучаннем незалежных назіральнікаў. А таксама праваабаронца сцвярджае, што не прытрымліваецца анархічных поглядаў. Перад затрыманнем арганізоўвала перадачы для вязняў. Чаму яна магла апынуцца на лаве падсудных? Разважае праваабаронца «Вясны» Павел Левінаў.

«Прысуд вельмі жорсткі. Зараз у турмах сядзяць тысячы людзей, якія ў прынцыпе таксама нічога не здзейснілі. Асабліва сёння, калі ўлада кажа пра нейкую амністыю. Я калі толькі гэта пачуў – падумаў: «Ну зараз пачнуцца моцныя рэпрэсіі і большыя тэрміны».

За кратамі здароўе праваабаронцы пагоршылася – у красавіку Марфа мела болі ў жываце, запаленне лімфавузлоў і крышэнне зубоў. А што з астатнімі фігурантамі справы? Анархістка Лера Хоціна падзялілася інфармацыяй пра іх самапачуццё.

«Я ведала адтуль чалавекі 4. Ведаю Сашу Казлянку з Берасця – такі стары мой таварыш. З таго, што атрымліваю – ён трымаецца вельмі добра. Гэта такія ўжо людзі, каторыя не ўпершыню трапляюць за краты. Гэта мне дазваляе верыць у тое, што з імі ўсё добра».

Раман Халілаў паведаміў нам, што астатнія таксама трымаюцца добра. Абвінавачваюць іх паводле 10 крымінальных артыкулаў за дзейнасць з 2016 да 2020 года анархічных груповак «Рэвалюцыйнае дзеянне», «Народная самаабарона» і «Революційна дія». Раман Халіпаў прывёў прыклады абвінавачванняў:

«Акцыя супраць Белтэлерадыёкампаніі ў 2016 годзе, закідванне дымавой шашкай будынку ГУБАЗіК у Берасці ў 2017, здаецца, годзе. Удзел у «маршах недармаедаў» у 2017 годзе. Блакаванне трасы М1 у 2018 годзе. Ну і шэраг такіх агульных злачынстваў у стылі ўдзела ў экстрэмісцкай суполцы».

Праваабаронца Павел Левінаў упэўнены: гэта несправядлівыя тэрміны за такія ўчынкі.

«За забойства чалавека ўлада дае меншыя тэрміны, чым за нейкія дзеянні, якія, ёй здаецца, замахваюцца на яе ўласнасць, на ўладу».

Анархістка Лера Хоціна нагадвае, што гэта далёка не першыя рэпрэсіі супраць анархістаў. Да іх у беларускага рэжыму асаблівая ўвага.

«Усім анархістам накідваюць артыкул за экстрэмізм і таксама, я думаю, у «Рэвалюцыйнага дзеяння» агромністыя тэрміны не толькі таму што некалькі разоў перакрылі дарогу за 10 гадоў свайго існавання. Але таму што гэта была суполка людзей, якія дзейнічалі разам, якія давяралі адно аднаму, у якіх была нейкая мэта палітычная. Вось гэта пужае рэжым».

Цяпер за кратамі застаюцца 20 анархістаў, адзін – пад хатнім арыштам.

Яна Шэк, «Белсат»