«Новая Беларусь» праз публічныя спрэчкі


Пачуць адно аднаго, улічыць пажаданні і разам ствараць умовы для годнага жыцця ў Беларусі… У ініцыяванай Офісам Святланы Ціханоўскай канферэнцыі «Новая Беларусь» зрабілася больш мэтаў, чым было ў дзень анонсу. Напярэдадні сустрэчы Офісу давялося выслухаць і пахвалу і крытыку ў свой адрас. Таму будаваць на канферэнцыі будуць не толькі «Новую Беларусь», але і не ідэальныя ўзаемаадносіны.

З Берліну, Бруселю, Варшавы, але і з радзімы… у Вільню едуць беларусы на канферэнцыю «Новая Беларусь», дзе будуць пераасэнсоўваць стратэгію змагання з Лукашэнкам, да якога ва ўсіх аднолькавыя прэтэнзіі. Да лідараў дэмсілаў за гэтыя два гады таксама назбіралася пытанняў.

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч паведаміў сваім падпісантам: «Ну што, ваш дэпутат адпраўляецца ў Вільню. Магу далажыць, што пасля апублікавання 5 дзён таму 12-ці пытанняў да апазіцыі, двое з шасці адрасатаў адказалі мне паўнавартасна і паслядоўна, і хутка я вам пра гэта распавяду. Астатнія пакуль маўчаць, але і канферэнцыя ж пакуль не пачалася».

Запрошаны на падзею Аляксандр Кныровіч аформіў канкрэтныя пытанні арганізатарам спаткання – Офісу Ціханоўскай, а таксама ў Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, Форум дэмакратычных сілаў, а таксама Дзмітрыю Шчыгельскаму і Вадзіму Пракоп’еву: «Чаму ніхто не кажа сёння пра тое, што адбываецца з Аўтуховічам… Што будзе калі заўтра памрэ дыктатар? Якой канкрэтна будзе тая самая «Новая Беларусь»?

Гэтае відэа сталася рэакцыяй бізнесоўца на публічны абмен апазіцыянераў прэтэнзіямі. Больш за ўсіх дасталася найбольш заўважнай фігуры на полі змагання з Лукашэнкам – Святлане Ціханоўскай. У эфіры Еўрарадыё прагучала шмат.

«Той хто ўзяў на сябе асноўную адказнасць, в первую очередь должен отчітываться», – словы Валерыя Цапкалы.

«Трэба прайсці праз працэдуру выбарнасці прадстаўнічасці дэлегатаў. Але на сённяшні дзень – 300-350 чалавек атрымалі асабістае запрашэнне на канферэнцыю ад Святланы Ціханоўскай», – не пагадзіўся Павел Латушка.

«Мы галасавалі за транзіт улады, за новыя дэмакратычныя выбары дэмакратычныя, за выхад усіх палітвязняў. Мяне і шмат каго абурае як мінімум тое, што Святлана Ціханоўская прысвоіла сабе перамогу на гэтых выбарах», – заявіла Анджэліка Агурбаш.

Двухгадовая ўжо праца ад імя беларусаў, не ўзгадненне стратэгіі з іншымі лідарамі апазіцыі, адсутнасць справаздачаў па выкарыстанні атрыманых ці ахвяраваных фізічнымі асобамі грошай – бадай, ТОП-3 пытанняў да Офісу Ціханоўскай.

«Зʼявілася палітычная дыскусія дэбаты. Часам яны пераходзілі этычныя межы, пераходзілі ў абразы», – пракаментаваў старэйшы дарадцы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Каб супакоіць хвалю і даць людзям адказы, Офіс абвесціў тэндар на аўдыт сваёй дзейнасці вонкавай кампаніяй. З папраўкаю, што апублікаваныя будуць толькі тыя яго вынікі, якія не пакажуць каналаў фінансавання беларускага падполля.

Франак Вячорка запэўніў:

«Мы рэагуем на ўсе запыты. Ідэя анкеты прыйшла з Фэйсбуку. Ідэя пераназваць Кангрэс у канферэнцыю прыйшла ад аргкамітэту, ідэя дадаць панэльныя дыскусіі на тэму стратэгіі прыйшла ад НАУ і Каардынацыйнай рады. Святлана Ціханоўская зрэагавала на прапанову Веранікі Цапкалы – пагаварыць адкрыта, і дадалі элемент свабодная дыскусія – адкрыты мікрафон».

Палітык казаў пра анкету, якую размясцілі ў сеціве дзеля збору заўвагаў і стратэгічных парадаў апазіцыі. На яе запаўненне застаецца яшчэ адзін дзень.

У прома-роліку да канферэнцыі Святлана Ціханоўская прамовіла:

«Можа скласціся ўражанне, што дэмсілы – гэта рух для беларусаў, якія ўжо не ў краіне… Але прыярытэт заўжды мае быць накіраваны на вызваленне палітвязняў».

…змена ўлады, заканчэнне вайны… Гэта бясспрэчна для ўсіх прыхільнікаў пераменаў, але шляхі дасягнення гэтых мэтаў тактычна не заўжды супадаюць.

«Хтосьці хоча, каб далучылі асабіста яго, каб рэалізаваць свае амбіцыі. Хтосьці хоча, каб Офіс Ціханоўскай увогуле быў больш рашучы і займаўся ледзь не вайсковым вырашэннем пытанняў, а хтосьці зараз робіць закіды, што на канферэнцыі мала прадстаўленыя жанчыны», – заўважыў палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.

Ён лічыць непазбежным існаванне канфліктаў і напружання ў сітуацыі, калі палітыкі не могуць дамагчыся нейкай адной глабальнай мэты. Але добры сігнал, што яны сустракаюцца і будуць размаўляць.

Юлія Цяльпук, «Белсат»