«Гэта можа быць яшчэ адзін Чарнобыль ці яшчэ горш». Запарожская АЭС, магчыма, замінаваная


Чарнобыльская катастрофа можа паўтарыцца і ў яшчэ большых маштабах. І зноўку працуе чалавечы фактар. Запарожская АЭС, захопленая расейскімі войскамі, можа быць імі замінаваная. Пра гэта паведамляюць крыніцы выдання The Insider. Магчымасць гэткіх небяспечных дзеянняў расейцаў не выключае і мэр Энергадару Дзмітрый Арлоў.

Машынная зала Запарожскай атамнай электрастанцыі можа быць замініраваная. Журналісты The Insider апублікавалі відэа, як на станцыю прыбывае вайсковая тэхніка расейцаў. А напярэдадні Запарожскую АЭС абстралялі. Былі зафіксаваныя тры ўдары.

«Акупанты стварылі чарговую надзвычай рызыкоўную сітуацыю для ўсіх у Еўропе – яны абстралялі Запарожскую АЭС, прычым двойчы за дзень. Гэта самая вялікая атамная станцыя на нашым кантыненце. І любыя абстрэлы гэтага абʼекту – гэта адкрытае, нахабнае злачынства, акт тэрору. Расея павінна несці адказнасць ужо за сам факт стварэння пагрозы АЭС», – так пракаментаваў абстрэл прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Старух заявіў, што расейцы патрапілі ў высакавольтную лінію сувязі, ад энэргасістэмы давялося цалкам адключаць 4-ты энэргаблок:

«Учора ўвечары варожы абстрэл быў зроблены па магістралі, якая транспартуе вадарод на ЗАЭС. Узнік пажар. Інфармацыі пра пацярпелых няма. Таксама ў выніку пашкоджання электралініяў 4-ы энергаблок станцыі адключаны ад энергасістэмы і пераведзены ў рэзерв».

У сваю чаргу Масква прадказальна ўва ўсім абвінаваціла Кіеў. Улады акупаванага Энэргадару заявілі, што ўкраінскія вайскоўцы абстралялі станцыю падчас перазменкі. У самым горадзе, дзе жывуць у тым ліку семʼі персаналу станцыі ды яе былыя работнікі, заклікаюць спыніць баявыя дзеянні.

«Калі абстрэльвалі Энэргадар, былі ўдары па ЦЭЦ і АЭС. Збіралі неразарваныя крылатыя ракеты. Вядома, гэта вельмі небяспечна. Гэта можа быць яшчэ адзін Чарнобыль ці яшчэ горш», – кажа былы работнік Запарожскай АЭС Васіль.

«Мы як гараджане заклікаем як войскі Расейскай Федэрацыі, так і войскі Украіны на тэрыторыі Энэргадару, дый у прынцыпе за 20–30 кіламетраў ад АЭС адкрытых баявых дзеянняў не праводзіць. Бо гэта бяспека ўсёй планеты. Не толькі Украіны, Беларусі, Расеі і блізкага замежжа», – кажа валанцер пункту гуманітарнай дапамогі Уладзімір Мартынюк.

У той жа час, як заяўляюць адмыслоўцы ў галіне ядравай бяспекі, на АЭС застаюцца рызыкі выцёку вадароду і распылення радыеактыўных рэчываў, а таксама ўзнікнення пажараў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»