«Я атрымліваю задавальненне ад пляцення, і ад таго, што мая праца захавае жыццё не аднаму байцу»


Стужка да стужкі, нітка да ніткі. Алена Чараднічэнка пакінула сваю асноўную працу і ўвесь вольны час бавіць за пляценнем маскавальных халатаў. Сёння яна ўплятае падрыхтаваныя лапікі тканіны ў чарговую «кікімару».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я атрымліваю задавальненне ад пляцення, і ад таго, што мая праца захавае жыццё не аднаму байцу», – распавядае валанцёрка Алена Чараднічэнка.

Да вайны яна працавала су-шэфам. Тады давялося адрэзаць доўгую касу. Валасы ляжалі дома і чакалі свайго часу. З пачаткам валанцёрскай дзейнасці тут Алена без роздумаў прадала касу, а на атрыманыя грошы набыла тканіну для валанцёрскай арганізацыі «Пячэрскія коцікі», каб шыць «кікімараў». За 80 долараў удалося купіць 30 метраў неабходнай на той момант тканіны.

«Знайшла ў інтэрнэце найбольш актуальную цану і прадала. Купіла тканіну. Прывезла яе сюды. Плюс тады неабходнасць была ў зялёным колеры».

За гэты час каса адрасла. Кажа, калі зноў спатрэбіцца, не задумваючыся адрэжа яе. Мужчыны і жанчыны абсалютна рознага ўзросту і сацыяльнага статусу прыходзяць сюды кожны дзень. За восем гадзінаў працы пункт пашыву маскавальных халатаў наведваюць да 80-ці чалавек. За дзень паспяваюць вырабіць каля трох кікімараў. На адзін халат сыходзіць 8 метраў тканіны.

«Буду прашываць рукаў плюс вось капюшон, вось полачка, а вось прашыты рукаў».

Кожны, хто прыходзіць дапамагаць «Пячэрскім коцікам», можа самастойна выбраць сабе занятак, які пасуе. Хтосьці рэжа тканіну, а хтосьці пляце. Больш дасведчаныя займаюцца кроем і шыюць. Марына Цітарэнка – швачка паводле першай адукацыі. Да вайны кроем не займалася, а цяпер аддае гэтаму занятку большую частку свайго часу.

«Першае патрабаванне было – хто ўмее прашываць роўны радок, прыходзьце. Калі ёсць машынка. Я прынесла машынку. Але потым стала зразумела, што роўным радком усё не скончыцца», – кажа валанцёрка Марына Цітарэнка.

Алёна Талько пляце кікімараў другі месяц. Дапамагаць украінскім салдатам зрабілася для жанчыны справай блізкай і важнай.

Яна жонка і маці вайскоўцаў, ейныя муж і сын – на перадавых пазіцыях.

«Яны ж пытаюцца: што ты робіш? Я кажу: хаджу на працу. Апошні раз мужу паказвала так зверху. Ён паглядзеў: усім прывітанне. Гэта таксама важна. Плюс гэта такая медытацыя, калі ты можаш не толькі фізічна дапамагчы, але і псіхалагічна разгрузіцца», – распавядае Алёна.

На сённяшні дзень валанцёрская арганізацыя «Пячэрскія коцікі» з дапамогай неабыякавых украінцаў ужо вырабіла 177 маскавальных кікімараў. Усе, хто мае дачыненне да пашыву вырабаў, укладаюць сюды ўласную душу, клопат і абарону. Самыя маленькія перадаюць украінскім ваярам свае вітанні.

«Фішкай нашых кікімараў ёсць вось такія ўлёткі, якія робяць нашыя дзеткі. Дзеці валанцёраў, якія плятуць кікімараў. І мы іх хаваем. У нас тут ёсць таемная кішэня. Малюнкі ад дзяцей з зычэннямі шчасця, здароўя і просьбаю берагчы сябе. Мы маем шмат водгукаў ад байцоў, што ім прыемна атрымліваць такія сюрпрызы», – кажа валанцёрка Юлія Канак.

Маскавальныя халаты ад «Пячэрскіх коцікаў» запатрабаваныя на ўсіх кірунках фронту – ад Харкава да Херсону. Часцей за ўсё іх выкарыстоўваюць разведчыкі і снайперы.

Андрэй Яковін, «Белсат»