Пуцін спрабуе шантажаваць Захад «чырвонымі лініямі»


Пуцін зноў спрабуе запалохаць заходнія краіны. З-за таго, што ключавыя саюзнікі Украіны далі ёй дазвол біць сваёй зброяй па вайсковых аб’ектах у Расеі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Чаму ў нас няма права пастаўляць зброю такога ж класа ў тыя рэгіёны свету, дзе будуць наносіцца ўдары па адчувальных абʼектах тых краін, якія робяць гэта ў дачыненні да Расеі?» – пытае ён.

Рэагаваць краіна-агрэсар збіраецца пакуль менавіта на ўдары па яе тэрыторыі дальнабойнымі заходнімі ракетамі ATACMS і Storm Shadow.

«Я думаю, што ён мае на ўвазе хусітаў, ён мае на ўвазе Іран, ён мае на ўвазе іншыя краіны, магчыма, некаторыя афрыканскія, якія будуць там дзейнічаць супраць краін захаду», – заўважыў палітолаг Яўген Магда.

Агулам адказ Расеі на новыя для яе рэаліі вайны, паводле Пуціна, можа быць асіметрычны.

«Ці ёсць у Расейскай Федэрацыі магчымасць паставіць нешта ў трэцюю краіну, свае каштоўныя комплексы? Яны павінныя іх забраць аднекуль, яны не гумовыя. Рабіць іх доўга, цяжка, нудна. Паступова Украіна робіць дэмілітарызацыю РФ. Я пакуль разглядаю больш як слабасць і спробу запужвання», – кажа вайсковы эксперт Іван Ступак.

Акрамя таго, Расея збіраецца ўдасканальваць свае сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Паводле крыніцаў агенцтва Associated Press, украінская армія ўжо біла амерыканскімі ракетамі па тэрыторыі Расеі для абароны Харкаўскай вобласці. І ўдары гэтыя былі эфектыўныя.

«Мы разумеем, што ракеты ATACMS таксама доўга не змогуць быць нейкім ноу-хау. Раней ці пазней яны навучацца іх збіваць. Так, не ўсе, але частку мы будзем губляць. Гэта выклік для нашых інжынераў, для інжынераў Lockheed Martin, General Dynamics, The Boeing Company і гэтак далей. Яны павінныя хутка рэагаваць на гэтыя пагрозы», – дадае Ступак.

Нашыя эксперты дапускаюць, што ў кантэксце падрыхтоўкі да так званага асіметрычнага адказу Расеі можна разглядаць і актыўныя, асабліва апошнія месяцы, перамовы Пуціна і Лукашэнкі, сустрэчы кіраўнікоў міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі.

Паводле BYPOL, на гэтых сустрэчах абмяркоўвалі ў тым ліку размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай часткі. Мяркуецца, што ў ёй будуць дыслакаваныя да 5-ці тысячаў расейскіх вайскоўцаў з цяжкой вайсковай тэхнікай. Пад выглядам забеспячэння аховы тактычнай ядравай зброі.

Уладзімір Пуцін падчас наведвання 27 сакавіка 344-га цэнтру баявога ўжывання і перавучвання лётнага складу Мінабароны РФ.
Фота: Kremlin.ru

«Расея выкарыстоўвае Беларусь як плацдарм для ціску на іншыя краіны Еўропы, таму што яна можа выкарыстаць яе для правакацыйнага ўдару па іншых еўрапейскіх краінах. Могуць нават апранутыя ў беларускую форму вайсковыя атакаваць літоўцаў ці палякаў», – мяркуе Яўген Магда.

«У Беларусі ўжо ёсць ракеты “Іскандэр”, ёсць “Паланэз”. Што яшчэ Пуцін можа паставіць у Беларусь, каб хтосьці на Захадзе спужаўся і забараніў Украіне выкарыстоўваць зброю амерыканскай ці заходняй вытворчасці па тэрыторыі Расеі? Мне здаецца, што гэта такая пуставатая заява, каб напужаць», – кажа аўтар і вядоўца праграмы «ПраСвет» на «Белсаце».

Красамоўнай рэакцыяй на шантаж Пуціна могуць служыць словы канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца. Ён заявіў, што ў адпаведнасці з міжнародным правам Украіна мае права абараняцца ад нападаў. У тым ліку тых, што адбываюцца ў Харкаўскай вобласці і якія ажыццяўляюцца з пазіцыяў у расейскіх памежных рэгіёнах.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»