Рэжым адмовіўся ад «гандлю» зняволенымі журналістамі?


Суд Менскага раёну распачаў працэс над чатырма журналістамі інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. У залежнасці ад ролі ім інкрымінуюць ухіленне ад выплаты падаткаў, грубае парушэнне грамадскага парадку, стварэнне і кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем і… здраду дзяржаве. Запланаваныя суды над іншымі прадстаўнікамі медыяў, якія за кратамі не першы год. Чаму гэтак рэзка стартавалі расправы і што не так з абвінавачаннямі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Без лішніх ілюзіяў і з чыстым сумленнем» абяцаў ехаць на працэс у суд Менскага раёну Андрэй Аляксандраў – журналіст агенцтва БелаПАН, які прабыў пад следствам паўтара года. Абяцаў гэта ў лісце, які прасіў апублікаваць у дзень суда. Там жа – выказаў гонар падсудным калегам.

Урывак з ліста Андрэя Аляксандрава:

«Ірына Леўшына – чалавек з добрым сэрцам і жалезнымі прынцыпамі, супер-рэдактар, профі найвышэйшага ўзроўню. Дзіма Наважылаў – надзвычай прыстойны, абавязковы, спагадны і гатовы прыйсці на дапамогу. Іра Злобіна – чалавек з самым неймаверным спалучэннем дабрыні, розуму і прыгажосці ва ўсіх яе праявах, што я сустракаў у жыцці».

Згаданыя асобы – працаўнікі БелаПАН – найбуйнейшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва Беларусі, якое рэжым разграміў у 2021-ым годзе. Менавіта праз БелаПАН айчынныя і многія сусветныя медыі атрымлівалі беларускія навіны. У тым ліку з месца масавых пратэстаў у 20-ым годзе, з месцаў затрыманняў і судоў.

«Школа БелаПАН – гэта школа сапраўднай журналісткі. Не ў адным медыя няма такой дакладнай структуры верыфікацыі, вычыткі, правярання фактаў, як у інфармагенцтве ПАН», – кажа намеснік старшыні БАЖ.

Барыс Гарэцкі падкрэслівае – як і ў выпадку арыштаў у рэдакцыі Тут.бай, сілавікі затрымалі ключавых асобаў БелаПАНу, здольных хутка аднавіць структуру выдання. Агулам жа ў няволі цяпер знаходзяцца 28 прадстаўнікоў медыяў. Затрыманага напярэдадні дырэктара газеты «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых сёння абвінавацілі ў распальванні варожасці.

«Падобна, што ўлада да гэтага часу не мела канкрэтнага плану, што рабіць з журналістамі. Іх трымалі на выпадак імавернага гандлю – вызваліць/не вызваліць… Цяпер Дадзены старт палітычным працэсам над журналістамі, таму яны гэтак кучна адбываюцца», – лічыць Барыс Гарэцкі.

У гэтым месяцы – працэс над былою прадстаўніцай нашага тэлеканалу Ірынаю Слаўнікавай, якую вінавацяць у нібыта «кіраванні і фінансаванні грамадзянаў, якія стваралі і размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы на польскіх медыя рэсурсах».

Восьмага чэрвеня будзе расправа над Андрэем Кузнечыкам – журналістам Радыё Свабода. Яго затрымалі шэсць з паловаю месяцаў таму падчас шпацыру на ровары. Абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання». У гэткі спіс рэжым занёс інтэрнэт-рэсурсы Свабоды. Калега арыштаванага Сяргей Навумчык пытаецца:

«Хто ў нас абвяшчаецца экстрэмісцкімі арганізацыямі? Беларускія патрыёты. Тыя, хто выступае за незалежнасць і суверэнітэт Беларусі. Хто іх абвяшчае экстрэмістамі? Іх абвяшчае экстрэмістамі тэрарыстычны рэжым. Хто можа расказаць народу, што адбываецца, даць праўдзівую інфармацыю? Журналісты. Таму зараз журналісты для яго – ворагі нумар адзін».

Інкрымінаваныя журналістам артыкулы – са столлю 4, 7, 10, і нават 15 гадоў зняволення – у выпадку медыяменеджара Андрэя Аляксандрава, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве. Суд над белапанаўцамі праходзіць у закрытым рэжыме. Былая калега палітвязня з міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Article 19» Ёанна Шыманьска кажа:

«Мы ж маем права ведаць, як праходзіць паседжанне, што там адбываецца. Але, на жаль, такой магчымасці ні ў кога не будзе».

За нібыта здраду дзяржаве, імаверна – у чэрвені, пачнуць судзіць ужо зняволенаю журналісту «Белсату» Кацярыну Андрэеву. Той жа артыкул – у журналіста «Новага Часу» Дзяніса Івашына, які сустракае за кратамі ўжо другі дзень народзінаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»