Сі Цзінь Пін распачаў еўрапейскае турнэ


«Мы хацелі б падзяліцца з вамі – у духу сяброўства і даверу – нашымі рознагалоссямі і асцярогамі ды паспрабаваць іх пераадолець. Відавочна, што будучыня нашага кантыненту залежыць таксама ад нашай здольнасці працягваць развіваць збалансаваныя адносіны з Кітаем», – заявіў Макрон. Сярод тэмаў для абмеркавання – эканоміка, найперш нармалізацыя гандлёвай палітыкі паміж Кітаем і ЕЗ, а таксама вайна ва Украіне і крызіс на Блізкім Усходзе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Візіт Сі паказвае, што сяброўства з Еўропай, менавіта эканамічна моцныя адносіны – яны ўсё яшчэ ў прыярытэце. Таму што гэта агромністы аб’ём гандлю. Гэта сотні мільярдаў долараў. Кітай таксама прапагандуе сваю формулу міру, якая заключаецца ў тым, што трэба спыніць агонь, адвесці сілы», – кажа кітаіст Андрэй Дагаеў.

Паводле Сі Цзінь Піна, КНР мае намер працаваць з Францыяй і ўсёй міжнароднаю супольнасцю над пошукам шляхоў выйсця з украінскага крызісу. Еўрапейская дыпламатыя падтрымлівае:

«Прэзідэнт Сі адыграў важную ролю ў дээскалацыі безадказных ядравых пагрозаў з боку Расеі. І я ўпэўненая, што прэзідэнт Сі працягне рабіць гэта на фоне далейшых ядравых пагрозаў з боку Расеі», – заявіла старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

З іншага боку, вядома, што афіцыйны Пекін падтрымлівае Расею на дыпламатычным узроўні. Паводле ж крыніцаў у Кангрэсе ЗША, КНР дзеліцца з расейцамі спадарожнікавымі здымкамі ўкраінскага фронту, а таксама перадае агрэсару неабходныя для працягу вайны абсталяванне і тэхналогіі.

«У Кітаі ва ўладзе, якія б яны ні былі, – камуністы. А камуністы – дагматыкі. Для іх вайна ва Украіне – гэта вайна з Захадам. Абмежаванне дапамогі можа наступіць, далей за гэта Кітай будзе і гандлявацца яшчэ», – упэўнены палітолаг Дмытро Левусь.

Пераабранне Сі Цзінь Піна старшынём КНР.
Фота: Синьхуа

Кітай, у адрозненне ад Расеі і Беларусі, уваходзіць у лік 160 краінаў, запрошаных на саміт міру ў Швейцарыі, што мае адбыцца ў сярэдзіне чэрвеня. Што праўда, кітайскі бок яшчэ думае, ці браць у гэтым саміце ўдзел. Калі ж Захад зможа дабіцца ад Кітаю большага спрыяння ў спыненні вайны ва Украіне, то:

«Калі Кітаю будзе цікавы мір, то ён зможа націснуць на Пуціна. Асабіста Сі Цзінь Пін. Умоўна, Уладзімір, пара спыніцца. Калі Пуцін з нейкіх прычынаў не захоча спыняцца, то Кітай можа заблакаваць перамяшчэнне грузаў, тавараў, мікраэлектронікі – усяго. І гэта будзе вельмі балюча для РФ», – лічыць вайсковы аналітык, былы працаўнік СБУ Іван Ступак.

Пакуль жа Сі Цзінь Пін паабяцаў адкрыць кітайскі рынак для заходніх кампаніяў. Маўляў, ён разумее эканамічныя наступствы для Еўропы ад вайны ва Украіне.

«ЕЗ, вядома, імкнецца хаця б на ўзроўні заяваў дабіцца сваіх мірных ініцыятываў, напрыклад, ва Украіне. Дабіцца нейкіх паслабленняў, адводу Кітаю ад жорсткай пазіцыі падтрымкі сваіх вытворцаў тых жа электрамабіляў і дасягнуць іншых дамоўленасцяў у пашырэнні ўзаемнага гандлю», – дадае Андрэй Дагаеў.

Пасля Францыі кітайскі лідар наведае Вугоршчыну і Сербію. Тут, паводле аналітыкаў, найперш будуць абмяркоўвацца менавіта эканамічныя пытанні. Гэтыя дзве краіны ёсць брамаю для рэалізацыі кітайскага праекту «Новы шаўковы шлях» – глабальнай транспартнай ініцыятывы для перамяшчэння грузаў і пасажыраў па сушы з Кітаю ў краіны Еўропы.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»