Расея рыхтуе тэракты ў Еўропе, атаку на Вялікую Брытанію і ядравую вайну?


Расея плануе тэракты і дыверсіі ў Еўропе. Пра гэта піша «Financial Times». Уплывовае выданне спасылаецца на словы прадстаўнікоў трох еўрапейскіх спецслужбаў. Але калі гэта праўда, то якая мэта ў Крамля?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Зыходзячы з апошніх некалькіх гадоў, гэта, вядома, адразу некалькі мэтаў адначасова. Галоўная мэта – гэта, вядома, перамагчы ва Украіне і, адпаведна, аслабіць Захад, каб Захад не мог так моцна дапамагаць Украіне, як ён робіць гэта зараз», – кажа эксперт Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Рыгор Ніжнікаў.

У артыкуле «Financial Times» адзначае, што Масква плануе нанесці шкоду інфраструктуры Еўропы пры дапамозе выбухаў і падпалаў, не зважаючы на гібель мірных жыхароў.

«Будуць хутчэй за ўсё спрабаваць запалохаць еўрапейскіх грамадзянаў, каб яны аказалі ціск на свае ўрады. Калі не пры сёлетніх выбарах, то пры наступным цыкле. Каб яны проста выйшлі з гэтай вайны і зрабілі новую дамову па бяспецы з Расеяй. Вось, я думаю, часткова калі Расея будзе гэтага дамагацца, то яна будзе дамагацца гэтага і тэрарыстычнымі метадамі», – мяркуе Рыгор Ніжнікаў.

Летась і сёлета на тэрыторыі краінаў Еўрапейскага Звязу ўжо фіксавалася некалькі дыверсіяў. «Financial Times» нагадвае, што ў красавіку ў Вялікай Брытаніі двое мужчынаў падпалілі склад з грузамі, прызначанымі для дапамогі Украіне. У Швецыі спецслужбы расследуюць серыю нядаўніх чыгуначных катастрофаў, за якімі можа стаяць Расея.

«Я б вельмі не выключаў, што Расейская Федэрацыя можа правесці нейкія тэрарыстычныя акты, нейкія дыверсіі. Але пры гэтым проста ні ў якім разе не паказаўшы сябе», – кажа былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак.

«Верагодна, адна з мэтаў менавіта таемных аперацыяў у тым, каб пазбегчы эскалацыі, што ўзнікае ў выніку адкрытых аперацыяў: запуску ракетаў, адпраўкі самалётаў, адпраўкі войскаў, якія ствараюць эскалацыйную праблему. Расея не хоча дапусціць сітуацыі вайны з NATO. Расея хоча не дапусціць трапляння зброі ва Украіну, але пры гэтым любыя больш сур’ёзныя дзеянні пагражаюць эскалацыяй. Так што Расея будзе працягваць рабіць тое, што яна робіць цяпер», – мяркуе эксперт у пытаннях выведкі і міжнароднай бяспекі з Лондану Кевін Рыл.

Дзмітрый Пяскоў і Уладзімір Пуцін.
Фота: ИТАР-ТАСС

На фоне папярэджанняў заходнімі выведкамі сваіх урадаў аб магчымых тэрактах з боку Расеі Пуцін загадаў у найбліжэйшы час правесці вучэнні ў прымяненні тактычнай ядравай зброі. Выконваць пастаўленыя задачы адведзена Паўднёвай вайсковай акрузе Расеі на мяжы з Украінай. Паводле прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова, гэта будзе адказам на магчымае перакідванне войскаў NATO ва Украіну. Што можа супрацьпаставіць гэтаму Альянс?

«Мабілізацыя Альянсу, мабілізацыя NATO, Еўразвязу. Нарошчванне і адраджэнне абароннай прамысловасці ў сітуацыі непасрэднай небяспекі. Трансфармацыя арміі і большыя інвестыцыі ў войска, агульныя вучэнні. Усё, што робіцца, мае значэнне. Гэта паказвае сілу Паўночнаатлантычнага альянсу», – адказаў на гэтае пытанне міністр абароны Польшчы Владыслаў КасінякКамыш.

Сёння ж у расейскі МЗС выклікалі амбасадараў Францыі і Вялікай Брытаніі. Апошняму ў ведамстве Сяргея Лаўрова заявілі, што калі ЗСУ нанясуць удары брытанскай зброяй па тэрыторыі Расеі, то Масква адкажа ўдарам па вайсковых абʼектах Лондану за межамі Украіны.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»