Міністэрства цынізму: ці хоча Алейнік вайны?


Вялікдзень Аляксандра Лукашэнкі чарговы раз прайшоў у манастыры. Былі чарговыя заявы пра мір ды адзінства трох народаў. На словах за мір і кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Лукашэнкі. Сяргей Алейнік даў інтэрв’ю расейскаму прапагандысцкаму выданню «РИА Новости».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ізноў паўсюль ворагі ды агрэсары. У сваю чаргу, Беларусь, паводле Сяргея Алейніка:

«Беларусь заўсёды была і застаецца міралюбіваю дзяржаваю. З тэрыторыі Беларусі ніколі не зыходзіла і не будзе зыходзіць пагроза. Згодна з нашаю Канстытуцыяй, з тэрыторыі Беларусі не можа быць здзейсненая аніякая агрэсія. Гэта непарушныя пастулаты».

Але факты сведчаць пра адваротнае: 24 лютага 2022 года расейскія войскі пачалі поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. У тым ліку з Беларусі. Паводле інфармацыі маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», за першыя паўгода вайны з тэрыторыі Беларусі па Украіне выпусцілі прынамсі 721 ракету.

«Гэта арыентавана на беларускую публіку, гэта тая ж самая ідэя, што ўвогуле мы за мір. Што дзякуючы Лукашэнку Беларусь не ўцягнутая ў вайну, што Лукашэнка – гарант міру. Заява Алейніка – гэта працяг гэтай лініі», – мяркуе палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

У сваю чаргу намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка заяўляе:

«Алейнік кажа пра гэта, бо ён баіцца адказнасці. Бо, дарэчы, літаральна нядаўна Рада міністраў замежных справаў Рады Еўропы дала даручэнне генеральнаму сакратару гэтай арганізацыі прыступіць да перамоваў “Рада Еўропы-Украіна” ў пытаннях заключэння пагаднення аб стварэнні трыбуналу адказнасці за агрэсію супраць Украіны».

Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік выступае на Генеральнай асамблеі ААН. 23 верасня 2023 года.
Фота: С. Пак / Un.org

Апроч міру, афіцыйны Менск за перамовы. Больш за тое, часткаю гэтага працэсу бачыць сябе.

«Гэта, відавочна, паўтарэнне пазіцыі Крамля. Паколькі Крэмль ужо заяўляў аб тым, што любыя перамовы аб вырашэнні гэтай вайны Расеі супраць Украіны без удзелу Расеі і, канечне, яе сатэлітаў, каб павысіць вагу галасоў Крамля, лічацца нелегітымнымі», – кажа журналіст «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

Усё часцей пра неабходнасць перамоваў Масква і яе саюзнікі кажуць па меры набліжэння мірнай канферэнцыі ў Швейцарыі, куды не запрасілі ані Расеі, ані Беларусі. Саміт мае адбыцца 15-16 чэрвеня. На думку Валера Карбалевіча:

«Перад замежнай палітыкай Масквы стаіць задача калі не сарваць Швейцарскую канферэнцыю, якую спрабуюць ладзіць Украіна і яе партнёры на Захадзе, то хоць бы мінімізаваць яе значэнне, яе палітычны ўплыў».

Тым часам у NATO неафіцыйна назвалі два сцэнары, у якіх Альянс можа ўмяшацца ў вайну ва Украіне. Першы сцэнар акурат тычыцца Беларусі. Калі Менск уступіць у вайну, умяшаецца і NATO. Пра гэта паведамляе польскае выданне «Rzeczpospolita» са спасылкаю на італьянскае выданне «La Repubblica».

«Я не думаю, што гэта будзе нейкая падстава для дзеяння NATO, паколькі, мне здаецца, усе выдатна разумеюць, што Лукашэнка – гэта проста яшчэ адзін інструмент уплыву Крамля на сітуацыю, і, відавочна, тут толькі ад Крамля залежыць, ці будзе гэты інструмент выкарыстаны», – мяркуе Зміцер Міцкевіч.

Паводле заходніх медыяў, другая сітуацыя, якая можа змусіць краіны Альянсу ўмяшацца ў вайну, – вайсковая правакацыя супраць Польшчы ці краінаў Балтыі. Зрэшты, сродкі гібрыднай вайны Крэмль у дачыненні гэтых краінаў выкарыстоўвае не першы год.

Алесь Яшчанка, «Белсат»