Дзяцей нелаяльных да Лукашэнкі беларусаў прапанавалі аддаваць у манастыры


Улады ў Беларусі хочуць аддаваць сацыяльных сіротаў – дзяцей, якіх забралі з праблемных сем’яў, – у манастыры. Маўляў, такое практыкуецца ў Расеі і дае добрыя вынікі. А праўладныя прапагандысты пайшлі далей ды прапанавалі адбіраць і адпраўляць у манастырскія прытулкі тых дзяцей, чые бацькі выступалі ці выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі. Чым гэта небяспечна для сіротаў і ці гатовыя аўтарытарныя ўлады аднімаць дзяцей у нелаяльных грамадзянаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дзяцей, чыіх бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў, варта аддаваць на выхаванне ў прытулкі пры праваслаўных манастырах. З такой ідэяй выступіла кіраўніца верхняй палаты лукашэнкаўскага парламенту Наталля Качанава. І нават сабрала нараду, каб абмеркаваць неабходныя змены ў законах. Падобны досвед выхавання сіротаў існуе і ў Заходняй Еўропе, але ён не заўжды пазітыўны.

«Еўрапейскі досвед паказвае, што ў такіх прытулках можа быць шмат злоўжыванняў. Асабліва ў сітуацыі, калі мы жывем у аўтарытарным рэжыме, дзе на ўсіх узроўнях існуе ціск, дзе прысутнічае апраўданне гвалту», – кажа тэолаг, заснавальніца працоўнай групы «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч.

Гэтак, на нарадзе ў Качанавай прысутнічала ігумення Гаўрыіла, ачольніца жаночага манастыра ў Горадні. У 2020-м яна горача дзякавала сілавікам, што збівалі мірных дэманстрантаў падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў. А саміх пратэстоўцаў ігумення ахрысціла варʼятамі.

Ідэя Качанавай не арыгінальная. Тая сама прызналася, што падглядзела яе падчас паездкі ў Расею. Там Качанаву ўразіў дзіцячы прытулак пры Пакроўскім манастыры.

Але ў самой Расеі стаўленне да такіх установаў неадназначнае. Яны не раз траплялі ў цэнтр скандалаў і крымінальных справаў.

«Вельмі частыя выпадкі ґвалту ў дачыненні да дзяцей. У тым ліку сексуальнай эксплуатацыі. Напрыклад, прытулак сямейнага тыпу ў Аранбургу закрылі, бо яго кіраўніка, святара, асудзілі за сексуальны гвалт», – распавядае сацыёлаг Мікалай Мітрохін.

Паводле сацыёлага, з гэтых прычынаў духавенства стала адмаўляцца ад стварэння дзіцячых прытулкаў пры семʼях святароў або пры манастырах. Колькасць такіх установаў у Расеі скарачаецца. Апроч таго, іх персанал часта не мае педагагічнай адукацыі. А дзецям, што трапілі ў прытулак з праблемных семʼяў, патрэбны асаблівы падыход, адзначае Наталля Васілевіч.

«Дзеці адтуль, хутчэй за ўсё, выйдуць не сацыялізаванымі, не сапраўды развітымі асобамі, а выйдуць забітымі, зняважанымі, траўмаванымі фізічна і псіхічна людзьмі».

Аднак у рэжыму Лукашэнкі, падобна, свае ўяўленні аб правільным выхаванні моладзі. Ідэю Качанавай падхапілі прапагандысты. Яны прапанавалі адпраўляць у манастырскія прытулкі дзяцей так званых змагароў.

«Дзяцей нельга пакідаць гвалтаўнікам, п’яніцам, наркаманам і «змагарам». Усе пералічаныя катэгорыі пагражаюць жыццю і здароўю дзяцей, якія апынаюцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне… Таму ідэя Наталлі Іванаўны Качанавай выглядае перспектыўнай і патрабуе заканадаўчай дэталізацыі», – піша праўладны палітолаг Аляксандр Шпакоўскі.

Змяшчэнне дзяцей так званых ворагаў народу ў адмысловыя ўстановы практыкавалася яшчэ за сталінскім часам. Пакуль у Беларусі гэта проста размовы, мяркуе палітолаг Вадзім Мажэйка. Але яны яскрава характарызуюць мысленне цяперашняга рэжыму.

«Лічыцца, што звышкаштоўнасць – гэта дзяржава, беларусы – уласнасць дзяржавы. Адпаведна дзеці – гэта чалавечы рэсурс, як калій, якім дзяржава лепей ведае, як распарадзіцца. Таму няма чаго, каб дзяцей выхоўвалі ідэйныя ворагі. Таму трэба іх перадаць, напрыклад, у манастыры», – тлумачыць пазіцыю ўладаў каардынатар экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Вадзім Мажэйка.

Таталітарная біяпалітыка – так акрэслівае гэтыя погляды Вадзім Мажэйка. Паводле яго, аналагічна разважае і пуцінскі рэжым, што разглядае ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з акупаваных тэрыторыяў, як рэсурс для перавыхавання.

Валянцін Васіленка, «Белсат»