Змены ў законы пра нацыянальную бяспеку


Масавыя зборы вайсковаабавязаных, як і вучэнні асобных вайсковых падраздзяленняў, працягваюцца ў Беларусі практычна несупынна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Цяпер такія абставіны ў свеце, што трэба. Ад гэтага нікуды не дзецца», – кажа на камеру адзін з удзельнікаў збораў.

Ужо на гэтыя зборы некаторых вайсковаабавязаных выклікалі праз СМС, а з заўтрашняга дня СМС-позвы стануць законным спосабам выкліку ў ваенкамат у ваенны час.

«Табе СМС прыйшло, ты не заўважыў, але ж ты ўжо адразу парушыў закон. То бок такая методыка ўладаў Беларусі. Ёсць у юрыспрудэнцыі тэрмін – прэзумпцыя невінаватасці, але пра гэта ўсе даўно забылі», – абураецца сустваральнік Паспалітага рушэння Сяржук Кедышка.

Ваенкаматы атрымліваюць права абмяжоўваць выезд за мяжу грамадзянаў, якія парушаюць абавязкі вайсковага ўліку і – не толькі тэрміновай ды рэзервовай службы, але й вайсковых збораў.

«Грамадзяне, якія гатовыя паўдзельнічаць у абаронных мерапрыемствах у мірны час, таксама будуць мець такую магчымасць», – пералічвае новаўвядзенні старшыня Сталай камісіі Савету Рэспублікі ў міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў.

На вайсковую службу паводле кантракту, калі гэтага будуць патрабаваць інтарэсы нацыянальнай бяспекі, цяпер змогуць набіраць людзей любога ўзросту, а таксама вязняў, тых, хто перабывае пад следствам ці мае непагашаную судзімасць.

«Лукашэнка гэта робіць, хутчэй за ўсё, не проста так, бо яму хочацца правесці парад з зэкаў а для таго, для чаго і Расея робіць. І гэта будзе вялікая трагедыя для Беларусі, калі, па-першае, ён сапраўды пачне вайну, а па другое, калі гэтыя людзі з крымінальным мінулым пачнуць з вайны ў Беларусь вяртацца», – кажа юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.

Узмацняецца новым законам адказнасць за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву і за няяўку ў ваенкамат. Большасць палажэнняў закону набудуць моц ужо заўтра і стануць абавязковымі для выканання.

«Толькі калі пратэст, адмова, сабатаж, дэзерцірства – як хочаце назавіце – будуць масавыя, толькі тады грамадства беларускае мае шанц на няўдзел у выкананні злачынных загадаў. Калі гэта будуць адзінкавыя выпадкі – гэта будзе трактавацца з боку ўлады Лукашэнкі як дэзерцірства», – кажа Сяржук Кедышка.

Новыя законы цалкам могуць быць прыкметаю таго, што Лукашэнка рыхтуецца да вайны, мяркуюць нашыя суразмоўцы. Як і іншыя ягоныя дзеі.

«Гэта пацвярджаюць ягоныя апошнія заявы, што ён рабіў на адрас Польшчы і Літвы. І пасля адказу Польшчы «няхай паспрабуе» мусіў рэагаваць: і браць свае словы назад, і казаць, што мы не ворагі з Польшчай», – нагадвае Міхаіл Кірылюк.

Наведваючы ў канцы сакавіка танкавы батальён на Ашмяншчыне, Лукашэнка выказваўся наконт заходніх суседзяў і так званага Сувалкаўскага калідору:

«Дарма яны так паводзяцца. Але цяпер табе давядзецца супрацьстаяць балтыйскім рэспублікам. І частку Польшчы ты прыхопліваеш. Так, невялікую».

Пра магчымае рыхтаванне ваеннай агрэсіі з Беларусі ў бок Літвы мінулым тыднем казалі прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету Валерый Сахашчык, а пазней – Павел Латушка.

Хоць апошнім часам Лукашэнка пераважна падкрэслівае, што толькі абараняецца, суседзі непакояцца. Паводле Міністэрства абароны Польшчы, больш за трыццаць тысяч польскіх вайскоўцаў прайшлі ўжо рыхтаванне для аховы мяжы з Беларуссю. А краіны Балтыі рыхтуюць супрацьтанкавыя равы, каб у выпадку пагрозы абараніцца ад непрадказальнага суседа.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»