Ізраіль і ЗША рыхтуюцца да нападу Ірану


Злучаныя Штаты Амерыкі і Ізраіль прывялі свае войскі ў павышаную баявую гатовасць у чаканні ўдару Ірану па іх аб‘ектах на Блізкім Усходзе. Іранскі прэзідэнт абяцаў адпомсціць за авіяўдар, нанесены па будынку амбасады гэтае краіны ў Дамаску. Афіцыйна Ізраіль не дэклараваў сваёй датычнасці да паветранай атакі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Эквадоры арыштавалі былога віцэ-прэзідэнта Хорхэ Гляса. Паліцыя на бронемашынах ўварвалася на тэрыторыю амбасады Мексікі ў сталіцы краіны, горадзе Кіто, дзе палітык заставаўся з леташняга студзеня. Пятага красавіка ўлады Мексікі пастанавілі даць Глясу палітычны прытулак і адмовілі выдаваць яго ўладам Эквадору.

«Нацыянальны ўрад інфармуе грамадзянаў, што Хорхэ Гляс Эспінэль, прыгавораны да турэмнага зняволення сістэмаю правасуддзя Эквадору, быў сёння арыштаваны і перададзены кампетэнтным уладам. Эквадор – суверэнная краіна, і мы не дазволім ніводнаму злачынцу застацца беспакараным», адзначыў прэзідэнт Эквадору Даньель Набоа.

Хорхэ Гляс быў віцэ-прэзідэнтам Эквадору з 2013 да 2017 года. У канцы 2022-га ён выйшаў на волю пасля пяці гадоў турмы за хабарніцтва і злачынную змову. Сёлета ў снежні яго прыгаварылі да шасці гадоў турмы на падставе новай карупцыйнай справы. Аднак выдача ордару на ягоны а́рышт адбылася ўжо пасля таго, як ён схаваўся ў мексіканскай амбасадзе. Мексіка імгненна адрэагавала на штурм сваёй амбасады ў Эквадоры.

«Мексіка абвяшчае неадкладнае прыпыненне дыпламатычных стасункаў з Эквадорам. Наш дыпламатычны персанал у Эквадоры неадкладна пакіне краіну. Нашая краіна звернецца ў Міжнародны суд, каб прыцягнуць Эквадор да адказнасці за парушэнні міжнароднага права», заявіла міністарка замежных справаў Мексікі Алісья Барсэна.

Паводле Міністэрства замежных справаў Мексікі, адбылося, цытата, «абуральнае парушэнне Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах». Паведамляецца, што ў часе штурму некалькі дыпламатаў атрымалі раненні.

Тым часам у Харкаве прынамсі сем асобаў загінулі і сама меней 11 атрымалі раненні. Гэтым разам расейскія войскі атакавалі горад ракетамі С-300. Пашкоджаныя 6 шматпавярховікаў, аўтазаправачная станцыя, крама і аўтамабіль.

Белгародская вобласць Расеі трапіла пад абстрэл беспілотнікаў. У самім Белгарадзе ў выніку абстрэлаў пашкоджана 12 шматкватэрных дамоў, а таксама выбітыя вокны ў дзіцячай паліклініцы, пашкоджаныя тры аўты. А ў паселішчы Дубовае згарэў прыватны дом. Пра гэта распавёў губернатар Вячаслаў Гладкоў. Са сведчання расейскага боку, сродкамі паветранай абароны былі збітыя 10 снарадаў РСЗА «Вампір» – ракетнай сістэмы чэшскае вытворчасці.

Не менш як 4 асобы загінулі, затоплена больш як 6000 дамоў. Такія наступствы павадкі ў Арэнбургскай вобласці Расеі. Там вада прарвала ахоўную дамбу. Мясцовыя ўлады спрабавалі яе ўмацаваць, аднак сітуацыя імкліва развілася ў горшы бок. Узровень вады ў рацэ Урал, на беразе якой стаіць Орск, на 2 метры вышэйшы за небяспечны. Экстранныя службы пільна эвакуявалі з вобласці больш за чатыры тысячы асобаў. Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу паводле факту здарэння.

Італьянская гара Этна зачароўвае наведнікаў віхравымі кольцамі. Яны ўяўляюць сабой натуральныя колы газу, якія выпускае вулкан. З‘ява выкліканая сталым выпусканнем пароў і газаў: Этна выкідвае іх больш, чым любы іншы вулкан на Зямлі, адзначаюць навукоўцы. Апошні раз такая з’ява адбывалася на вулкане летась у снежні. Мясцовыя жыхары празвалі вулкан – Уладарніца пярсцёнкаў.

Павел Алейнікаў «Белсат«.