«Вывелі, звязалі рукі і стрэлілі ў патыліцу. І такіх вельмі багата». Увесь свет назірае за вызваленнем Украіны


У Гастомэлі, што недалёка ад Кіева, зніклі без звестак больш за 400 асобаў, заявіў кіраўнік населенага пункту Тарас Думэнка. Знойдзеныя дзясяткі целаў забітых і закатаваных мірных жыхароў. І гэта – толькі невялікая частка вынікаў «вызваленчай вайсковай спецаперацыі» расейскіх войскаў ва Украіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Папа Рымскі Францішак пацалаваў сцяг, дастаўлены яму напярэдадні з Бучы. Пантыфік таксама павітаў маленькіх украінцаў, запрошаных на гэтую аўдыенцыю:

«Гэтыя дзеці мусілі ўцякаць, каб трапіць у бяспечную краіну. Гэта вынік вайны. Давайце не будзем забывацца на іх, як і на ўвесь украінскі народ».

Тое, што выкрылася пасля вызвалення гораду ад расейскай акупацыі, прымусіла здрыгануцца, без перабольшання, увесь свет.

Жыхары вызваленай Бучы са слязьмі і жахам цяпер узгадваюць той месяц, які ім давялося перажыць пад расейскай акупацыяй.

«Вывелі, звязалі рукі і стрэлілі ў патыліцу. І такіх вельмі багата. За пераездам шмат людзей, якім стралялі ў патыліцу. І чамусьці звязвалі рукі», – кажа Людміла Іванаўна.

А пажылая жанчына, што назвалася бабаю Валяй, ледзь не плача: «Расстралялі майго суседа. Ён ішоў, а яны ані з чаго яго забілі. У галаву. І забілі суседскую дзяўчыну Аню Капачову. Таксама ішла – і застрэлілі. А за што? Ні за што!» Іхная суседка Ірына Шкуратава пра той час узгадвае, што бамбілі ў кірунку Ірпіня з сёмай раніцы да сёмай вечару, гэта быў жах.

У сваёй прамове Папа Францішак чарговы раз заклікаў тэрмінова спыніць вайну – зрэшты, як і раней, ён не звярнуўся ні да каго асабіста. Магчыма, таму, што разумее: усе просьбы, маленні і патрабаванні ўшчэнт разбіваюцца аб глухую Крамлёўскую сцяну. А за ёю ўпарта называюць фэйкам тое, што цяпер відавочнае для ўсіх, хто мае вочы… і сэрца.

«Жахлівыя кадры з Бучы нас усіх глыбока ўзрушылі, – заявіў Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц. – Цынічнае сцвярджэнне Расеі, што гэтыя выявы былі нібыта пастановачныя, няхай будзе на сумленні тых, хто распаўсюджвае гэтую хлусню».

Яго падтрымаў і прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан:

«Тое, што адбываецца ў Бучы, што Пуцін зрабіў ва Украіне, – на мой погляд, блізка да генацыду. І я не сумняваюся, што міжнародная супольнасць, найперш Вялікая Брытанія, і далей будзе дзейнічаць разам, каб увесці больш санкцыяў і больш пакаранняў рэжыму Уладзіміра Пуціна».

Колькі ні паўтарай «ихтамнет», факты даводзяць адваротнае. Відаць, пра гэта ўжо скемілі ў расейскім кіраўніцтве. І вось ужо сёння Марыупальская гарадская рада паведаміла, што расейскія мабільныя крэматорыі ў горадзе спальваюць целы закатаваных і забітых жыхароў. Паводле звестак гарадскіх уладаў, самую брудную працу расейцы пакінулі для тэрарыстаў з «ДНР».

Шмат выпрабаванняў дасталася і Барадзянцы, што ў Бучанскім раёне. Гэты населены пункт наведаў сёння дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка. Ён адзначыў, што «горад быў ключавым пры абароне Кіева, бо праз яго прарываліся вялікія орды пуцінскіх забойцаў, якія ішлі акружаць Кіеў з захаду. Ворагі не шкадавалі авіябомбаў і снарадаў для таго, каб забіваць мірных украінцаў і нашых вайскоўцаў у Барадзянцы, яны разбурылі горад».

Але не толькі крывавымі забойствамі «праславіліся» ва Украіне расейскія «вызваліцелі». Не грэбавалі яны таксама сексуальным гвалтам, крадзяжамі і рабаўніцтвам. Жыхар Бучы Пятро Дзям’янавіч распавёў, што ў жыхароў, якія заставаліся ўдома, проста правяралі дакументы і перапісвалі дадзеныя. Але калі дом пусты – «грамілі ўсё. Заходзілі – лом, кувалда ў яго – і пайшоў біць: вокны білі, дзверы выбівалі, і ў хаце – вось такі гармідар…» Ірына Шкуратава шакаваная дагэтуль: «Што толькі тут не грузілі! Лядоўні, тэлевізары, мэблю! Нават ложкі забіралі – перад тым, як з’ехаць, у апошні дзень».

Днямі праект «Беларускі Гаюн» апублікаваў тры гадзіны запісаў з онлайн-камеры курʼерскай службы СДЭК у Мазыры. Толькі за адзін дзень 2 красавіка расейскія вайскоўцы здалі для адпраўкі на радзіму больш за дзве тоны рэчаў, відавочна, не купленых ва ўкраінскіх і беларускіх крамах. І ўжо ўстаноўленыя асабістыя звесткі адпраўнікоў. Украінскія сілавікі сцвярджаюць, што ніводзін акупант-марадзёр не ўнікне крымінальнай адказнасці. Дарэчы. З украінскіх дамоў і з забітых украінцаў расейцы забіралі нават нацельныя крыжыкі і дзіцячыя гумкі для валасоў.

«Яны проста злыя на нас праз тое, што мы жывем вольна, добра і выдатна, а яны… у мяне словаў няма!» – абураецца жыхарка Бучы Ірына Шкуратава.

Гастомэль, Буча, Ірпінь, Ворзэль, Марыупаль… Гэтыя ды іншыя ўкраінскія гарады ўжо можна ставіць у адзін шэраг з іспанскай Гернікай, японскай Хірасімай або баснійскай Срэбрэныцаю.

Але пакуль у горадзе ёсць хоць адно дзіця, здольнае спяваць сярод разрухі ды смерці, – горад выжыве, нягледзячы ні на што. А ў Ірпіні чысты і звонкі голас спявачкі-дзяўчынкі звініць так прыгожа, так дзівосна! Такі народ – непераможны.

Марына Яновіч, «Белсат»