Давер страчаны: Украіна адмовілася прыязджаць у Менск на перамовы аб Данбасе


Нават калі каранцін скончыцца, прадстаўнікі Украіны не прыедуць у Менск на перамовы аб Данбасе. Пра гэта заявіў украінскі віцэ-прэм’ер Аляксей Рэзнікаў у эфіры тэлеканалу ICTV.

«Праз тое, што сёння Украіна і Беларусь яшчэ застаюцца пад уплывам Расейскай Федэрацыі, у нас няма даверу да гэтай тэрыторыі. Сёння вы бачыце, што там дамінуе пэўная думка прарасейскага кірунку і антыўкраінскага характару», – тлумачыць віцэ-прэм’ер Украіны Аляксей Рэзнікаў у праграме «Свабода слова».

Цяпер паседжанні Трохбаковай кантактавай групы адбываюцца праз відэасувязь. Украіна мела намер перанесці пляцоўку ў жніўні пасля жорсткага здушэння ў Беларусі мірных пратэстаў. Тады паўнамоцны прадстаўнік у кантактавай групе Леанід Краўчук прапанаваў Швецыю.

«Дыпламатычны канфлікт без прамых наступстваў пакуль што на эканамічныя дачыненні, бо для Украіны эканамічная супраца важная. Для Беларусі гэта таксама важна. Але дыпламатычны канфлікт набірае тэмпы, і тая ж самая негатыўная рыторыка афіцыйнага Менску спрычыніла сярод іншага адказ Украіны ў палітычнай плашчыні», – лічыць аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Ці варта Украіне пераносіць з Менску перамовы праз недавер да Беларусі? З такім пытаннем мы звярнуліся да жыхароў Берасця.

«Мне цяжка патлумачыць сваю думку, але я думаю, што гэта правільна».

«Абсалютна няправільна, з той простай прычыны, што мы, славянскія народы, ніколі не будзем жыць у варажнечы».

«Усе павінны жыць дружна, я лічу гэтак».

«Тут, я б сказаў, справа прынцыпу і проста нагода адмовы ад нейкіх дыялогаў і ўзаемадзеянняў».

Наш эксперт лічыць, што ніводны бок ад пераносу пляцоўкі перамоваў Трохбаковай кантактавай групы нічога не страціць:

«Гэта быў у нечым геаграфічны кампраміс, куды сярод іншага могуць выехаць і баевікі, гэта было патрабаванне і жаданне Расейскай Федэрацыі. І Беларусь – адна з нешматлікіх краінаў, куды яны заехаць могуць праз Расею. Але пытанне ў тым, што для афіцыйнага Менску гэта была магчымасць атрымаць пэўны замежнапалітычны бонус, час якога таксама прайшоў. Таму пытанне ТКГ у Менску – гэта ўжо адыграная карта».

Сябра міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе Украіны Саламія Баброўская лічыць, што змена месца перамоваў нямоцна паўплывае на палітыку Уладзіміра Зяленскага ў дачыненні Беларусі:

«Але, можа быць, гэта ўсё ж такі прымусіць яго зрабіць радыкальныя крокі і ўрэшце адклікаць амбасадара ці перавесці на іншы ўзровень размовы з Лукашэнкам».

26 сакавіка на падкантрольнай прарасейскім сепаратыстам частцы Украіны пасля абстрэлу з боку Расеі загінулі чацвёра вайскоўцаў Узброеных сілаў Украіны, двое атрымалі раненні. 31 сакавіка ўкраінская дэлегацыя на паседжанні Трохбаковай кантактавай групы паведаміла, што Расея адхіліла просьбы спыніць агонь.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»