Да 20 гадоў турмы пагражае абвінавачаным за падпал дому Гайдукевіча


Да 20-ці гадоў турмы пагражае абвінавачаным у падпале дому праўладнага палітыка Алега Гайдукевіча. Падрабязнасцяў мала, бо справу разглядаюць у закрытым рэжыме. Але задоўга да суду дзяржаўныя медыі шырока растыражавалі гэтую гісторыю. Чаму ўладам выгадныя гэткія справы? Хто такі Алег Гайдукевіч? Якая ягоная роля ў лукашэнкаўскай сістэме? 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Агулам васямнаццаць абвінавачаных. Траіх судзяць завочна. Справу разглядае Менскі гарадскі суд. Група людзей нібыта хацела падпаліць аддзел міліцыі ды дом дэпутата Алега Гайдукевіча. Канкрэтна ў замаху на маёмасць праўладнага палітыка вінавацяць сям’ю Вайцяховічаў. Гэтай справе прапаганда надала шырокі розгалас.

З сюжэтаў дзяржаўнага тэлебачання вынікае, што за меркаванымі падпальнікамі сачылі спецслужбы. Дом Гайдукевіча, дарэчы, не пацярпеў. Улады выкарыстоўваюць гэтую справу, каб дыскрэдытаваць пратэсты 20-га года, мяркуе палітык, дарадца Святланы Ціханоўскай у справе канстытуцыйнай рэформы Анатоль Лябедзька.

«З аднаго боку, спроба заявіць, што рыхтаваліся нейкія банды, якія рабілі стаўку на гвалт. І чыста практычнае выкарыстанне для таго самага Гайдукевіча», – кажа Анатоль Лябедзька.

Да прыходу ў палітыку Алег Гайдукевіч працаваў у міліцыі. Па заканчэнні службы стаў намеснікам свайго бацькі, кіраўніка Ліберальна-дэмакратычнай партыі. А потым узначаліў гэтую арганізацыю, стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Ахвотна ішоў на дыялог з апазіцыйнымі коламі ды недзяржаўнымі медыямі, піярыў сваю партыю.

«Ён любіў казаць пра тое, што менавіта яны – гэта такая нармальная сапраўдная апазіцыя Лукашэнку і рэжыму ў Беларусі. Не гэтыя ўсе маргіналы і нацыяналісты, а яны – канструктыўная, як ён любіў казаць, апазіцыя», – прыгадвае журналіст «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук.

У 2020-м Алег Гайдукевіч нават выстаўляў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкае крэсла. Але пасля зняўся з гонкі ды стаў даверанай асобаю Лукашэнкі. А ў інтэрвʼю «Белсату» кіраўнік ЛДПБ страшыў гледачоў развалам краіны ў выпадку змены ўлады. Так флёр канструктыўнай апазіцыі з Гайдукевіча канчаткова зляцеў, адзначае Зміцер Лукашук.

«Які выбар артыкуляваў Лукашэнка і лукашэнкаўская адміністрацыя, тое падтрымлівала ЛДПБ і тое ў сваім стылі шматслоўным артыкуляваў Гайдукевіч», – кажа Зміцер Лукашук.

Часта лукашэнкаўскага парламентарыя можна пабачыць госцем прапагандысцкіх эфіраў, у якіх ён бэсціць апанентаў уладаў. За тыдзень да поўнамаштабнай вайны ва Украіне Гайдукевіч следам за Лукашэнкам запэўніваў у міралюбнасці рэжыму. З пачаткам вайны падхапіў антыўкраінскую і антызаходнюю рыторыку. Але прапаганда, падобна, не адзіная функцыя Гайдукевіча ў лукашэнкаўскай сістэме.

«Ён выконвае вельмі спецыфічную ролю ў гэтай сітуацыі. Ён будзе ствараць уражанне, што ў Беларусі ёсць шматпартыйная сістэма. Яму дазволена гэта рабіць», – кажа Анатоль Лябедзька.

Палітык прагназуе, што ў выніку ў Беларусі застанецца тры-чатыры палітычныя партыі, якія будуць паслухмяныя рэжыму. Адной з іх нібыта і мае быць партыя Гайдукевіча.

Валянцін Васіленка, «Белсат»