Арцём Праскаловіч: «Улады хочуць набраць сабе новых закладнікаў. Як яны іх выкарыстаюць – гэта пытанне часу»


Для беларусаў, якія выехалі за мяжу ад пераследу рэжыму Лукашэнкі, запрацаваў сайт камісіі для вяртання. На ім размешчаная інфармацыя, як падаць зварот, колькі яго будуць разглядаць, а таксама падаюцца адказы на асноўныя пытанні. На сайце ёсць беларускамоўная версія, а звярнуцца ў камісію можна праз электронную пошту ці нават чат-бот. Аднак, чытачы «Еўрарадыё» паведамляюць, што акурат праз тэлеграм-бот сілавікі атрымоўваюць ID карыстальніка. Таму казаць, што вяртацца на радзіму бяспечна, не выпадае.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Яны хочуць набраць сабе новых закладнікаў. Як яны іх выкарыстаюць – гэта пытанне часу, грамадска-палітычнага і міжнароднага кантэксту. Таму думаць, што рэжым Лукашэнкі адумаўся і хоча дабрабыту беларусам – гэта наіўна», – заявіў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Арцём Праскаловіч.

Паводле задумы, беларусы, якія асцерагаюцца вяртацца з-за мяжы, павінны распавесці камісіі пра сваё меркаванае «злачынства», раскаяцца перад рэжымам, прынесці публічныя прабачэнні, пакрыць прычыненую шкоду, паабяцаць паважаць дзяржаўныя сімвалы і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак.

«Для чалавека, які будзе гэта рабіць – гэта прыніжэнне. А для рэжыму – гэта будзе ўпіванне сваёй уладай, яны атрымліваюць асалоду ад таго, што могуць прымусіць чалавека прасіць прабачэнне, калі ён не вінны», – сказала стваральніца ініцыятывы «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч.

Пасля камісія мусіць вызначыць, ці даруюць чалавеку яго так званыя «правапарушэнні», і даць дазвол вярнуцца на радзіму. Трэба адзначыць, што рашэнне камісіі носіць рэкамендацыйны характар і ніякага юрыдычнага статусу не мае.

«Гэтым камісіям давяраць нельга, таму што? калі б мы казалі пра нейкія спробы дыктатарскага рэжыму, пра жаданне нешта змяніць унутры краіны, яны пачалі б з таго, што вызвалілі ўсіх палітвязняў, якія сядзяць у турмах», – дадала Яніна Сазановіч.

Працуе камісія і на ўнутраны асяродак. Паводле праваабаронцаў, летась і на пачатку бягучага года былі затрыманыя каля 60 чалавек, якія вярталіся ў Беларусь. Некаторых асудзілі паводле адміністратыўных справаў, тэрмін даўніны якіх выйшаў яшчэ ў 2020 годзе. Было заведзена 7 крымінальных справаў, а мінімум 10 чалавек ужо асуджаныя на пазбаўленне волі.

«Чалавек можа жыць у Беларусі і разумець, што ў любы дзень, калі толькі спатрэбіцца рэжыму, можа быць адноўлена тая крымінальная справа, у якой ён нібыта сам сябе агаварыў? матэрыялы якой праз дзейнасць камісіі цяпер ляжаць у Генпракуратуры», – падкрэсліў Арцём Праскаловіч.

Па дзяржаўных каналах круцяць прома-ролікі, а кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў Іван Кубракоў апавядае пра пакутніцкае жыццё «збеглых» за мяжою. Маўляў, мятуць вуліцы ды збіраюць клубніцы. Ад чаго, вядома, «стаміліся» і гатовыя вярнуцца ў Беларусь.

Андрэй Сульжыц «Белсат»