Пачаўся суд над Валерыяй Касцюговай і Таццянай Кузінай


Вострая, прафесійная і шчырая ацэнка дзеянняў рэжыму. Іншай прычыны суда над Валерыяй Касцюговай ды Таццянай Кузінай нашыя эксперты не бачаць, у тым ліку праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Улады бачаць небяспеку ў такіх людзях, якія выказваюць сваё меркаванне, якія разумныя, граматныя і могуць супрацьпастаўляць уладам іншы пункт гледжання», – кажа Раман Кісляк.

Афіцыйнае ж абвінавачанне – тры крымінальныя артыкулы: захоп улады, заклік да санкцыяў і распальванне варожасці. У чаканні працэсу эксперткі правялі за кратамі паўтара года.

«Усе гэтыя паўтара года ўлады папросту прыдумлялі, у чым жа яшчэ абвінаваціць Касцюгову. То бок ад пачатку ў іх нават канкрэтнага абвінавачвання не было супраць яе. Так, гэта катаванне – нельга чалавека проста так трымаць за кратамі, прыдумляючы яму нейкае абвінавачванне», – абураецца намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Валерыя Касцюгова – палітычная аглядальніца, рэдактарка і заснавальніца сайту «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка «Беларусского ежегодника».

Ейнай дачцэ цяжка падтрымоўваць сувязь – ліставацца даводзіцца праз іншых асобаў. Настасся Касцюгова распавядае, што мама перыядычна хварэе, але хваробы не цяжкія:

«Яна разважае пра гэты досвед, які яна цяпер атрымлівае, вельмі пазітыўна, што цікава. Ну, яна такі чалавек. Яна паўсюль шукае нешта пазітыўнае, натхняльнае. Гэта не лісты скаргаў. Гэта лісты з аналітыкай, з нейкімі разважаннямі».

Таццяна Кузіна – даследніца ў сферах палітыкі, дзяржаўнага кіравання і ўплыву грамадства. Экспертка стала сузаснавальніцаю Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання «SYMPA». Яе калектыў выступіў з патрабаваннем спыніць пераслед Таццяны Кузінай. Калега даследчыцы Наталля Рабава распавяла, што зняволеная даследніца мае моцны характар і дапамагае іншым вязням за кратамі:

«Яна чалавек вельмі прафесійны, у добрым сэнсе з’едлівы да тэкстаў, да выразаў, які выкарыстоўваеце ў навуковых паперах, у інтэрвʼю і гэтак далей. І адначасова вельмі такі лагодны і цёплы ў прыватных адносінах. У яе вельмі шмат сяброў, сябровак».

Дачка Валерыі Касцюговай падзялілася фотаздымкам мамы з-за кратаў. Падтрымаць зняволеных экспертак можна, напісаўшы ім лісты ў менскае СІЗА нумар 1 на вул. Валадарскага, 2.

«Я не выключаю, што ў бліжэйшыя месяцы Лукашэнка ўсё ж вымушаны будзе паварочвацца крыху на Захад, і, можа быць, жанчыны-палітвязні – гэта тыя персоны, тыя асобы, якія, можа быць, у першую чаргу маюць шанец на вызваленне», – дапускае Барыс Гарэцкі.

Працягваецца і працэс у справе праваабаронцаў «Вясны»: Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і завочна Дзмітрыя Салаўёва. Сёння адбыўся допыт. Іх абвінавачваюць у кантрабандзе – перамяшчэнні праз мяжу Еўразійскага эканамічнага саюзу буйной сумы наяўных грошай, здзейсненым арганізаванаю групаю. 9 лютага пракурор мае запытаць тэрмін пакарання.

«Згодна міжнародным стандартам, у тым ліку і ў практыцы Камітэту правоў чалавека ААН, Еўрапейскага суда правоў чалавека, арганізацыя, якая ствараецца групай асобаў, прызнаецца грамадскім аб’яднаннем і карыстаецца свабодай аб’яднанняў незалежна ад яе рэгістрацыі дзяржавай», – тлумачыць несправядлівасць абвінавачвання Алена Маслюкова з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Да таго ж сёння стала вядома пра чарговы вялікі тэрмін у палітычнай справе: 1 лютага 5 гадоў калоніі атрымаў Глеб Гладкоўскі. Яго асудзілі паводле чатырох артыкулаў. Мужчыну затрымалі за каментар у гэтак званай «справе Зельцара».

А вакаліста гурта «Бан Жвірба» Дзмітрыя Гаўрыліна затрымалі ў канцы студзеня. Толькі сёння стала вядома, што яго пакаралі пятнаццацідзённым арыштам – музыка выйдзе на волю 9 лютага.

Яна Шэк, «Белсат»