Лукашэнка хоча вярнуць палітэмігрантаў


Апазіцыя на Захадзе сядзіць без грошай і рыхтуе забойства Лукашэнкі. Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі зрабіў такія заявы падчас сустрэчы з гэтак званым генпракурорам Шведам. «Беглыя», полк Каліноўскага і тыя, хто, «сядзіць пад плінтусам». Указ аб стварэнні камісіі ў справах беларусаў, якія з’ехалі, падпісаны, аднак ці будуць у яе звяртацца самыя беларусы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У апазіцыі няма грошай, але жаданне ўчыніць тэракты ў Беларусі ёсць, лічыць Аляксандр Лукашэнка:

«Звяржэнне, забойствы прэзідэнта, службовых асоб. І ты там не ў апошніх радках», – звярнуўся Лукашэнка да свайго генпракурора.

Менавіта на такія дзеянні, падкрэслівае Лукашэнка, Захад гатовы даць дэмакратычным сілам Беларусі фінансавае падтрыманне:

«І калі Захад бачыць, што за імі нехта стаіць (хоць невялікая група людзей), столькі і грошай дадуць на існаванне. І яны баяцца, што частка гэтых людзей – а, крый божа, большасць – з’едзе ў Беларусь, вось звернуцца ў гэтую камісію. Тады і грошай няма».

Пры гэтым нікога прымушаць і настойваць вярнуцца на радзіму не будуць, заявіў сёння Лукашэнка, падпісаўшы адпаведны ўказ аб стварэнні адмысловай камісіі на чале з генпракурорам Шведам.

«Гэтая камісія, наколькі сёння можна разумець, мае такое мілітарысцка-прапагандыскае значэнне. Ну вось, маўляў, мы такія добрыя. Ну, і як уласціва для гэтага рэжыму, словы разыходзяцца са справай», – падкрэслівае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Як пацверджанне таму – амаль штотыднёвыя затрыманні на мяжы тых, хто вяртаецца на радзіму.

Адметна, што толькі летась пры мінанні беларускай мяжы затрымалі больш як паўсотні чалавек, датычных, паводле ўладаў, да экстрэмісцкай дзейнасці. Сам жа Лукашэнка лічыць, што за мяжою застаецца надзвычай малая колькасць тых, хто зʼехаў праз палітычны ціск ці ад магчымага пераследу.

«Хтосьці кажа пра 2 тысячы, хтосьці называе да чатырох», – казаў ён падчас сустрэчы з Андрэем Шведам.

Незалежныя эксперты, у сваю чаргу, называюць лічбы ў дзясяткі, а то і сотні тысяч тых, хто за апошнія два з паловаю гады зʼехаў з Беларусі.

«І людзі будуць бегчы, людзі будуць зʼязджаць з Беларусі і не будуць вяртацца, пакуль у Беларусі не адбудзецца палітычных зменаў, якія б выключылі магчымасць сесці ў турму пасля вяртання гэтых людзей», – падкрэслівае эканаміст, публіцыст, аўтар тэлеграм-каналу «RADYJO ČAJČYC» Алесь Чайчыц.

Звярнуцца ў лукашэнкаўскую камісію можна будзе ў пісьмовым ці электронным фармаце. Чальцы камісіі, дзве траціны якіх, паводле генпракурора Шведа, будуць складаць гэтак званыя аўтарытэтныя прадстаўнікі грамадскасці, маюць прагаласаваць – ці дараваць вам ранейшыя грахі перад дзяржавай. А гарантыяй уезду без прэтэнзіяў з боку сілавікоў стане дакумент у пісьмовым выглядзе.

«Лукашэнка патрабуе, каб да яго прыпаўзлі на каленях і прасілі прабачэння. Гэта яго персанальная матывацыя. А палітычная? А палітычная прычына ў тым, што ён такім чынам наносіць удар па дэмакратычнай сістэме Беларусі. У сувязі з гэтым у свой час і быў рэалізаваны план з Раманам Пратасевічам», – звяртае ўвагу намеснік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Падчас сустрэчы з гэтак званым генпракурорам Шведам Лукашэнка закрануў і тых, хто застаецца ў самой Беларусі:

«Трэба глядзець не толькі на беглых, але і на тых, хто вылез з-пад плінтуса. Яны ж разумеюць, што мы іх усё роўна знойдзем».

Ды дапусціў, што яны таксама могуць звяртацца ў гэтую камісію.

«Заяўляючы так, Лукашэнка хоча даслаць два мэсіджы. Па-першае, пакайцеся, мне гэта патрэбна. А па-другое, зноў нагадвае, што рэпрэсіі працягваюцца, і што не будзе паслаблення тым, хто не пакаяўся», – кажа Віталь Цыганкоў.

Паколькі ў айчынныя суды стала паступаць больш экстрэмісцкіх справаў, Вярхоўны Суд у асобе старшыні Валянціна Сукалы будзе вітаць практыку спынення такіх справаў у дасудовай стадыі. Але толькі ў выпадку раскаяння, пакрыцця шкоды і шчырых прабачэнняў.

Віталь Бабін, «Белсат»