«Гэты сход не прэзентуе народу». Як рыхтуюцца да Ўсебеларускага народнага сходу


Для прызначаных дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу рыхтуюць падарункі і забаўляльную праграму. Тым часам на альтэрнатыўнай онлайн-платформе «Сход» распачаўся этап галасавання, дзе беларусы могуць па-сапраўднаму абраць свайго прадстаўніка.

За першы дзень галасавання на онлайн-платформе «Сход» свой голас за кандыдатаў аддалі больш за дзве з паловаю тысячы беларусаў. Сваё жаданне стацца «народнымі прадстаўнікамі» на гэты дадзены момант выказалі 195 чалавек, якія вылучыліся ў 157 акругах.

«Гэта пляцоўка, якая дасць магчымасць значна пашырыць распаўсюджанне здаровых прагматычных падыходаў да таго, як нам будаваць сваю рэвалюцыю, а можа, і нейкія захады наконт таго, а што потым», – кажа адзін з кандыдатаў, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Онлайн-платформа «Сход» паўстала як рэакцыя на рыхтаванне да праўладнага «Усебеларускага народнага сходу». Яго дэлегаты традыцыйна прызначаюцца паводле прынцыпу лаяльнасці да Аляксандра Лукашэнкі.

Сваё стаўленне да праўладнай сустрэчы напярэдадні выказала Святлана Ціханоўская:

«2700 чалавек – гэта толькі чыноўнікі і ідэолагі, адабраная публіка, якая не скажа яму «сыходзь». Ён не можа выступіць перад рэальнымі людзьмі. Ён ні разу не рабіў гэтага з той самай паездкі на МЗКТ 17 жніўня».

«Абраную публіку» маюць размесціць у не самых танных менскіх гатэлях. Паводле інфармацыі парталу Tut.by, для дэлегатаў зарэзерваваныя гатэлі «Беларусь», «Менск», «Вікторыя», гасцільні «Юбілейная» ды «Планета». Не застануцца чыноўнікі і без культурнае праграмы ў выглядзе канцэрту ў Палацы спорту, а таксама без падарункаў і пачастунку. Усё – за грошы падаткаплатнікаў, якія не ў захапленні ад гэтае імпрэзы:

«Як па мне, то гэта цырк. Усе разумеюць, што ён нелегітымны і склікаць нейкі орган…Жнівень усё паказаў, таму далейшае – гэта ваенная хунта, што захапіла ўладу. Вось і ўсё».

«Гэты сход не прэзентуе народу. Па навінах беларускіх гляджу, там гавораць, але нават не цікаўлюся гэтым: хто-дзе-калі будзе збірацца і што яны там збіраюцца вырашаць. Адмоўна да гэтага стаўлюся».

«Гэта проста яшчэ адно прадстаўленне цырка – вось і ўсё».

«Ну а хто там будзе? Нейкія зверху прызначаныя людзі, які вырашаць тое, што ім трэба».

«Для большасці людзей – не буду казаць, для якога адсотка, – яно не будзе мець ніякага значэння. Гэта толькі каб пацешыць эга аднаго чалавека».

Асноўным днём праўладнае сустрэчы станецца 11 лютага. Тады ж запланаваны і выступ Аляксандра Лукашэнкі. Ужо раніцаю 12 лютага беларускія чыноўнікі і ідэолагі пачнуць раз’язджацца па асноўных месцах працы.

Галасаванне на онлайн-платформе «Сход» працягнецца да 13 лютага. Абраць свайго народнага прадстаўніка можна праз «Тэлеграм» або «Вайбэр».

Алесь Баразенка, «Белсат»