Спрэчкі вакол Тадэвуша Касцюшкі


Ці нацыянальны герой Беларусі Тадэвуш Касцюшка? У 275-ю гадавіну з дня народзінаў вакол асобы Касцюшкі ўзнікла вострая дыскусія. Нацыянальны гістарычны музей назваў яго нацыянальным героем Беларусі. Амбасада ж Расеі заявіла, што гэта гістарычнае невуцтва.

«Назваць Касцюшку «беларускім нацыянальным героем» – распісацца ў сваім гістарычным невуцтве». Так расейская амбасада ў Менску адрэагавала на пост Нацыянальнага гістарычнага музею ў «Інстаграме». Установа назвала Тадэвуша Касцюшку нацыянальным героем Беларусі. Расейцы нагадалі, што Касцюшка заклікаў – цытата – «вучыць русінаў польскай мове».

Да дыскусіі далучылася беларускае Міністэрства замежных справаў.

«Беларусь, беларускі народ для сябе сваіх герояў, у тым ліку гістарычных, вызначыў. І зрабіў гэта карэктна, не ўмешваючыся ў справы іншых і не залазячы на чужую тэрыторыю», – адзначыў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Анатоль Глаз.

Касцюшка ня мог лічыць сябе беларусам, аднак гэта не змяншае ягоных заслугаў перад Беларуссю, упэўнены гісторык Алесь Радзюк:

«Вядома, што Касцюшка не мог лічыць сябе беларусам, бо беларусы ў той час не сфармаваліся. Але вядома, што Касцюшка нарадзіўся на Беларусі, вядома, што Касцюшка ваяваў на тэрыторыі Беларусі».

Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся ва ўрочышчы Мерачоўшчына, што на Берасцейшчыне. У 1794 годзе пасля акупацыі Рэчы Паспалітай Расеяй, Прусіяй ды Аўстра-Венгрыяй ён узначаліў вызваленчае паўстанне. Паўстанне пацярпела паразу, а сам Касцюшка трапіў у расейскі палон.

Журналіст Глеб Лабадзенка ўзгадвае, з якім імпэтам два гады назад беларусы талакою збіралі грошы на першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касцюшку:

«Гэтыя грошы былі сабраныя даволі хутка, літаральна за некалькі месяцаў. Агулам гэтая сума перакрочыла 15 тысяч долараў. Вельмі важна, што каля сямісот чалавек паўдзельнічалі ў гэтым зборы – па 5, па 10, па 20 рублёў, што сапраўды паказвае, што беларускі народ лічыць Тадэвуша Касцюшку сваім нацыянальным героем».

Памёр Тадэвуш Касцюшка далёка ад радзімы. Аднак ягоны лёс і сёння натхняе беларусаў на барацьбу за незалежнасць.

Ігар Станкевіч, «Белсат»