З'явіліся новыя ахвяры рэжыму


Амаль дзве тысячы гадоў турмы на асуджаных у палітычных справах. З іх – 673 гады гэтак званай «хіміі». Леташняя статыстыка пазбаўлення волі – не проста лічбы. За імі хаваюцца чалавечыя лёсы. Напрыклад, лёс Дзмітрыя Дудойця, які адбываў пакаранне ў Магілёве і скончыў жыццё самагубствам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вось гэтае відэа сёння апублікаваў Следчы камітэт. А на ім – момант, у які саракатрохгадовы палітвязень Дзмітрый Дудойць скокнуў з моста, калі вяртаўся з медагляду без суправаджэння канваіра. Гэта здарылася напярэдадні. Мужчына быў асуджаны на 2 гады «хіміі» за нібыта абразу прадстаўніка ўлады і адбываў пакаранне ў Магілёве. Сотні каментароў з’явілася з нагоды трагедыі ў сацыяльных сетках.

«Яшчэ адна ахвяра рэжыму. Як шкада, сыходзяць найлепшыя людзі!»

«Як жа трэба давесці чалавека, каб ён на такое наважыўся. Так, і мы ўсе вінаватыя…»

«А ці сам саскочыў?»

«Навошта, такі малады, плачу, мы ўсе вінаватыя».

Пракаментавала сітуацыю і дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская:

«Балюча чытаць і чуць падобныя навіны. Беларус, які мог бы шмат дзесяцігоддзяў будаваць разам з усімі краіну для жыцця, трапляе на «хімію» ды пакідае жыццё. Я хачу выказаць спачуванні родным і блізкім Дзмітрыя Дудойця. Беларусы не мусяць паміраць праз нежаданне аднаго чалавека прыняць рэальнасць і сысці».

Пра невыносныя ўмовы ўтрымання для палітычных зняволеных у месцах пазбаўлення волі казалі многія, хто там пабываў. Не проста і на гэтак званай «хіміі». Прынамсі псіхалагічна.

«Людзі, беларусы цяпер у пентыніцыярнай сістэме ў жудасных, нечалавечых, у негуманных умовах. Не кожны можа гэта вытрымаць. І тое, што зрабіў Дзмітрый, – гэта, адназначна, не збег абставінаў. Гэта тое, што чалавек не мог знайсці іншага выйсця», – лічыць псіхолаг Вольга Вялічка.

«У месцы пазбаўлення волі трапілі людзі, якія па сваёй сутнасці не з’яўляюцца злачынцамі. Для іх, канешне, гэта вялікі стрэс. З той сітуацыі, якой я валодаю, гэта такая сітуатыўная дэпрэсія, у якую трапіў чалавек, і які, на жаль, не атрымаў дапамогі ў той час, калі яна была яму вельмі патрэбна», – мяркуе праваабаронца Васіль Завадскі.

Тым часам, зʼявілася афіцыйная версія смерці жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава. Паводле Следчага камітэту, ён памёр нібыта ад атручвання алкаголем і псіхатропным рэчывам. У якасці доказу СК паказаў відэа допыту незнаёмага мужчыны. Меркавана, аднаго з раней затрыманых сябраў памерлага.

Палітычныя рэпрэсіі 2021 года – самыя масавыя ў гісторыі Беларусі. Аб гэтым сведчаць звесткі, якія апублікаваў праваабарончы цэнтр «Вясна». Так, за мінулы год затрымалі каля шасці з паловаю тысяч чалавек, асудзілі ў крымінальных справах каля тысячы трохсот чалавек, у адміністратыўных – больш за 3 тысячы. Але, як кажа праваабаронца Васіль Завадскі, гэта толькі прыблізныя лічбы.

«Сёння атрымаць нейкія афіцыйныя дадзеныя немагчыма. Неафіцыйна – гэта вельмі прыблізныя лічбы, калі лічыць людзей. Толькі з таго, што становіцца вядома, дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, сваякам, блізкім, якія паведамляюць пра нейкія здарэнні».

Новы год толькі пачаўся, а ўжо з’явіліся дзве новыя ахвяры рэжыму.

Наста Печанькова, «Белсат»