Дзень Беларусі адбыўся ў Кангрэсе ЗША


У Кангрэсе ЗША сёння прайшлі слуханні аб Беларусі. Свае сведчанні ў пытанні будучай свабоды і дэмакратыі там склала Святлана Ціханоўская як нацыянальная лідарка нашага народу. Гэта адзін з важных этапаў працоўнага візіту беларускай дэлегацыі ў ЗША, які мусіць мець доўгатэрміновы працяг у амерыканскай і сусветнай палітыцы адносна вызвалення Беларусі ад дыктатуры Лукашэнкі і ўплыву Крамля.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Палаце прадстаўнікоў ЗША – ніжняй палаце амерыканскага Кангрэсу – сёння быў дзень Беларусі. Святлана Ціханоўская выступала перад кангрэсменамі на адмысловым паседжанні Камітэту замежных справаў, падкамітэту Еўропы.

«Гэтыя групы займаюцца як асобнымі законапраектамі, так і расследаваннямі, якія датычаць палітыкі ЗША», – падкрэслівае Паліна Прысмакова, прафесар кафедры дзяржаўнага кіравання Флорыдскага Атлантычнага ўніверсітэту.

Варта адзначыць, што ў афіцыйных дакументах Кангрэсу ЗША Святлану Ціханоўскую прадстаўляюць як нацыянальную лідарку Беларусі, якая перамагла на выбарах 2020-га года. Сама Ціханоўская скарысталася магчымасцю, каб нагадаць пра беларускіх палітвязняў.

«У 2020-м беларусы зрабілі ясны выбар на карысць дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека. Дыктатар Лукашэнка адмовіўся прыняць выбар народу і сысці з пасады. У адказ ён патапіў наш народ у тэроры. 60 тысяч арыштаваных, сотні тысяч уцекачоў, тысячы палітвязняў. Сярод іх – нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, мая калега Марыя Калеснікава, удзельнік прэзідэнцкай кампаніі Віктар Бабарыка, актывістка Паліна ШарэндаПанасюк, журналіст Ігар Лосік і мой муж Сяргей Ціханоўскі, якога засудзілі на 19 гадоў турмы», – заявіла з трыбуны Кангрэсу абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Кангрэсмены з Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў выказалі сваю павагу да Святланы Ціханоўскай і адзначылі адвагу тых, хто працягвае змагацца супраць дыктатуры Лукашэнкі.

«Ад гэтых слуханняў будзе залежыць палітыка ЗША па Беларусі на наступны год, а можа, і на наступныя гады», – тлумачыць галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Сённяшнія слуханні – важная магчымасць узняць пытанне Беларусі не толькі на еўрапейскім, але і на міжнародным узроўні ў Заходнім свеце, дзе Злучаныя Штаты звычайна вядуць рэй, адзначае Паліна Прысмакова:

«Той самы месяц меліся спатканні і падобныя слуханні і ў пытанні закладнікаў “Хамасу”, і пра Нагорны Карабах, і пра сітуацыю ў Эфіопіі, і пра затрыманага біскупа ў Нікарагуа. Усе сусветныя гарачыя кропкі з пункту гледжання ЗША займаюць такое самае месца».

Але сённяшнія слуханні ў Кангрэсе – гэта толькі юрыдычная падрыхтоўка да больш важнай падзеі – старту Стратэгічнага Дыялогу. Ад заўтра ў Вашынгтоне ў будынку Гары Трумана пачнецца трохдзённы працоўны працэс, перамовы з чальцамі амерыканскіх урадавых установаў.

«Гэта не проста візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША. Больш за 20 удзельнікаў дэмакратычнага руху Беларусі – Офіс Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, Аб‘яднаны пераходны кабінет ды іншыя грамадскія арганізацыі – сустрэнуцца ў Вашынгтоне з прадстаўнікамі розных урадавых ведамстваў ЗША ў межах першага Стратэгічнага дыялогу між урадам ЗША і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Такога роду дыскусіі звычайна праходзяць між урадамі дзяржаваў», – патлумачыў «Белсату» Тымаці О‘Конар з аддзелу Беларусі ў амбасадзе ЗША ў Літве.

Палітычныя дзеячы Беларусі, якія сёння выконваюць функцыі ўраду, парламенту і іншых установаў у выгнанні, будуць праводзіць міждзяржаўныя кансультацыі з адным з найважнейшых дэмакратычных саюзнікаў, і гэта мусіць стаць штогадовай практыкай.

«Будучае развіццё Беларусі, эканамічнае развіццё, узмацненне сувязяў між беларусамі ды амерыканцамі. Што важней – яны абмяркуюць, што зрабіць, каб прыцягнуць рэжым у Менску да адказнасці за шматлікія парушэнні правоў чалавека ды іншыя злачынствы», – падкрэсліў дыпламат Тымаці О’Конар.

«Абарона незалежнасці, падтрымка рэпрэсаваных, прыцягненне да адказнасці, падтрымка культуры, ідэнтычнасці, бізнесу і медыяў. Па кожным з гэтых трэкаў нашая задача – мець практычныя вынікі, дамоўленасці», – пералічвае галоўныя «трэкі» Стратэгічнага дыялогу Франак Вячорка.

І ўсё гэта – пры падтрымцы беларускай дыяспары ў ЗША і амерыканскай грамадзянскай супольнасці.

Напярэдадні Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу ў Ейлаўскім універсітэце, выступіла са справаздачай «Беларусь, Украіна і будучыня Еўропы» ды правяла гутарку са студэнтамі, дзе мадэратарам быў знакаміты амерыканскі навуковец Тымаці Снайдэр.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»