Крэмль не задаволены выступам беларускага дэпутата пра прызнанне Крыму


Пасля падпісання Аляксандрам Лукашэнка саюзных праграм Аляксандрам Лукашэнка 4 лістапада, беларускі дэпутат Андрэй Савіных, заявіў што Беларусь фактычна прызнала Крым расейскім. Але Крэмль такое выказванне не задаволіла.

«У Беларусі парламент не вызначае знешнюю палітыку» – адказ Крамля медыям, якія падхапілі выказванне беларускага дэпутата Андрэя Савіных, што Беларусь прызнала Крым расейскім. Пытанне застаецца на паверхні, бо залежаць ад яго прынамсі добрасуседскія стасункі з Украінаю. Афіцыйны Кіеў ад каментароў пакуль устрымліваецца, але стаўленне беларусаў – наматаў на вус.

Рашучы пратэст выказала МЗС Украіны Уладзіміру Пуціну за няўзгодненае наведванне Крыму – часова акупаванай тэрыторыі Украіны. І за цынічныя прамовы:

«Яны назаўжды цяпер звязаныя з Расеяй, таму што такая суверэнная, свабодная і непахісная воля людзей, усяго нашага народу!» – заявіў Пуцін.

Чаго ўкраінцы не чакалі, дык гэта жадання Аляксандра Лукашэнкі суправаджаць кіраўніка Крамля ў Крыме. А следам і заявы беларускага дэпутата Андрэя Савіных:

«Справа ў тым, што Крым і дэ-факта, і дэ-юрэ даўно быў прызнаны беларускім бокам расейскім. Адзінае, чаго не было – не было нейкай палітычнай заявы, каб фармалізаваць гэта, скажам так, для расейскай медыйнай прасторы».

У пытанні Данбасу і Крыму Беларусь дагэтуль займала нейтральную пазіцыю, якая дазваляла захоўваць аптымальны ўзровень стасункаў як з Расеяй, гэтак і з Украінаю – у палітычных і гандлёва-эканамічных сувязях – лічыць адказны за шматбаковую дыпламатыю НАУ Уладзімір Астапенка:

«Я баюся, што пасля такой заявы Андрэя Савіных разбураюцца рэшткі поясу добрасуседства, якія вакол Беларусі існавалі, і ні пра якую гнуткасць ці новыя магчымасці ў адносінах з нашым паўднёвым суседам гаворкі ісці ўжо ня будзе».

Украіна пакуль назірае за сітуацыяй, а прэсавы сакратар прэзідэнта Расеі залагоджвае: маўляў, у Беларусі парламент не вызначае замежнай палітыкі.

Адно… Андрэй Савіных – не шараговы парламентар. Былы прэсавы сакратар замежнапалітычнага ведамства, а цяпер – кіраўнік камісіі міжнародных справаў у Палаце прадстаўнікоў. Пра палітычную вагу крымскага пытання – выдатна ведае. Ці сапраўды выказваўся без узгаднення?

«Такія каналы, як Савіных, звычайна выкарыстоўваюцца, каб агучыць нейкую ідэю, паглядзець на рэакцыю. Але пры гэтым мець магчымасць, калі што, гэтую ідэю адклікаць. У адрозненне ад словаў самога МЗС ці Лукашэнкі, якія б маглі мець сур’ёзныя наступствы», – лічыць палітолаг Андрэй Казакевіч.

Гэтага не хочацца беларусам, якія за шматвектарнасць у замежнай палітыцы і за незалежнасць. Акурат такою хочуць бачыць радзіму ўдзельнікі Менскага форуму, прысвечанага 30-ці гадам незалежнасці Беларусі. Форум праводзяць з 1997-га года. Сёлета ў вымушаным выгнанні – падкрэсліў суарганізатар форуму Вадзім Мажэйка:

«Мы размаўляем і пра палітычныя працэсы, і пра ідэнтычнасць, і пра адукацыю, і пра эканоміку (форум праз тыдзень – у Варшаве). Фактычна ўсе тэмы, якія цяпер важныя для цяперашняй Беларусі і будуць важныя для Беларусі будучыні».

Канферэнцыі распачаліся ў Вільні. Пройдуць таксама ў Варшаве, Берліне, Бруселі, што ілюструе, як палітычны пераслед раскідалі беларусаў з дэмакратычным густам па свеце.

Якаб Вёленштайн з беларускага офісу Фонду Конрада Адэнаўэра, кажа:

«Галоўная тэма Форуму – 30 гадоў незалежнасці Беларусі. Шмат пунктаў гледжання, як на яе паглядзець. Гістарычная перспектыва – як гэта адбылося, калі пачаліся працэсы, якую ролю мела Беларуская Народная Рэспубліка і СССР. Што адбылося 30 гадоў таму, што – год таму і якім будзе 2022 год».

Ухвалены ўчора расейскім і беларускім бокам інтэграцыйны Дэкрэт удзельнікі форуму разглядаюць як спробу здушэння незалежнасці Беларусі. Наколькі сурʼёзнаю будзе інтэграцыя ў 28-і галінах – залежыць ад поўнага, пакуль не даступнага, зместу выпрацаваных бакамі пагадненняў.

«Для іх практычнай рэалізацыі спатрэбіцца вельмі шмат часу, высілкаў і палітычнай волі. А таксама такіх фактараў, як, напрыклад, легітымнасць уладаў Беларусі для ўсіх узятых на сябе забавязальніцтваў», – кажа Уладзімір Астапенка ад імя грамады.

Прыхільнікі незалежнасці надалей патрабуюць правядзення справядлівых выбараў прэзідэнта Беларусі. Кажуць – падпісаныя Лукашэнкам дакументы не маюць юрыдычнай моцы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»