Беларусь: эканамічны рост ці мыльная бурбалка?


Золатавалютныя рэзервы Беларусі за кастрычнік павялічыліся амаль на 90 мільёнаў долараў – і дасягнулі паказніку ў больш за 8 з паловай мільярдаў долараў у эквіваленце. Пра гэта паведаміла прэсавая служба Нацыянальнага банку.

Рост золатавалютных рэзерваў абумоўлены тым, што Нацбанк купляў замежную валюту на Беларускай валютна-фондавай біржы, а таксама павелічэннем кошту манетарнага золата – паведамляе галоўная фінансавая ўстанова краіны. Эксперты заўважаюць, што да такіх паказнікаў у значнай ступені спрычыніўся і Міжнародны валютны фонд.

Па словах эксперткі Beroc, кандыдаткі эканамічных навук Анастасіі Лузгіной, калі казаць аб валютных рэзервах, то значны ўнёсак у рост на сённяшні дзень быў забяспечаны за кошт фінансавай падтрымкі МВФ, што была пералічана ў межах падтрымкі ўсім краінам на барацьбу з пандэміяй.

Сёлета беларускія дэмакратычныя сілы звярталіся ў МВФ з просьбаю не вылучаць мільярд долараў Беларусі. Бо рэжым можа выкарыстаць гэтыя грошы ў тым ліку на заробкі сілавікам і здушэнне грамадзянскае супольнасці. Аднак на рашэнне Міжнароднага валютнага фонду гэтыя звароты не паўплывалі.

Ёсць і іншыя прычыны, з якіх растуць золатавалютныя рэзервы, кажа эканаміст Яраслаў Раманчук. Але сітуацыя можа змяніцца, калі пачнуць напоўніцу дзейнічаць санкцыі супраць рэжыму. Яраслаў зазначае:

«Рэжыму шанцуе не таму, што ён нешта добрае робіць, рэформы нейкія або завод пачаў працаваць, а таму, што попыт на сыравіну, попыт на тавары традыцыйнага беларускага экспарту стабільна расце, ну і гэта дае такія рэзультаты, такі плён».

Гэтыя фактары паспрыялі стабільнасці ды нават пэўнаму росту беларускага рубля ў адносінах асноўных валютаў. Тут Анастасія Лузгіна кажа наступнае:

«Рост коштаў на энерганосьбіты, узмацненне расейскага рубля – гэта ўплывае на ўзмацненне беларускага рубля. Ну і мы бачым існую сітуацыю. Але наколькі гэта працягнецца – пытанне, бо калі дынаміка беларускага рубля захаваецца ў бок умацавання пры такой інфляцыі, то гэта акажа ўплыў на канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў».

Нашыя эксперты падкрэсліваюць, што грае ролю і чалавечы фактар. Сярод чыноўнікаў ёсць як і безыніцыятыўныя, арыентаваныя толькі на бяздумнае выкананне загадаў, так і людзі іншага гатунку. Яраслаў Раманчук кажа:

«Калі на месцы Калаура быў Пракаповіч ці Ермакова, мы бачылі, што было. Гэта людзі, якія вельмі павярхоўна разумелі сувязь паміж манетарнай палітыкай і макраэканамічнай і сацыяльнай стабільнасцю, таму яны давалі грошы направа і налева. Тое, што мы бачым зараз у плане грашовай дысцыпліны, гэта сведчыць пра тэхнакратычны прафесійны падыход».

Яшчэ адзін з фактараў так званай стабільнасці – высілкі атачэння Лукашэнкі для абыходу міжнародных санкцыяў. Аднак казаць, што сітуацыя ўстойлівая, зусім не выпадае. Пра гэта красамоўна сведчыць апытанне «Белсату» у нашым тэлеграм-канале наконт даверу да беларускага рубля.

Аналітыкі сходзяцца ў меркаванні, што зніжэнне канкурэнтаздольнасці тавараў і гандлёвага сальда пацягне ўніз і курс беларускага рубля. Да канца года вялікіх хістанняў хутчэй за ўсё не адбудзецца, аднак паступовае зніжэнне – зазнаем. Пагаршэнню сітуацыі на ўнутраным валютным рынку могуць паспрыяць такія фактары, як новыя локдаўны і запавольванне міжнароднага гандлю – з прычыны каронавіруса, інфляцыі, а таксама эканамічных санкцыяў, большая частка якіх пачне дзеяць напоўніцу з новага года.

«Белсат»