23 гады таму ўтварыўся «TUT.BY»


«Zerkalo.io». Гэты навінавы партал да выбараў 2020-га беларусы памятаюць пад брэндам «TUT.BY». Найбуйнейшы на той момант медыяхолдынг у Беларусі заснаваў бізнесовец Юрый Зісер. На пачатку, у 2000-ым, ён быў пошукавым рэсурсам і даваў завесці паштовую скрыню са спадарожнай інфармацыяй: прагнозам надвор’я, курсамі валютаў, цэнамі на паліва і форумам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы думалі, што выходзім у нейкае моцнае канкурэнтнае поле, таму планы былі добрыя, але сціплыя. Гэта значыць, пра дамінаванне на рынку медыяпрасторы, вядома, гаворкі не ішло», – заявіў сузаснавальнік рэсурсу «TUT.by» Кірыл Валошын.

З часам на сайце запускаюць онлайн-крамы, блогі, раздзелы пра IT, спорт, «Фінансы», «Аўта», «Нерухомасць» і шмат іншага. Паводле ахопу аўдыторыі партал неўзабаве апярэджвае тагачасных лідараў – Mail.ru, Youtube і Яндэкс.

«”TUT.BY” быў найбуйнейшым медыя на постсавецкай прасторы, а можа і ва ўсёй Усходняй Еўропе. Я зараз пра колькасць карыстальнікаў, матэрыялаў і праглядаў», – паведаміла былая рэдактарка аддзелу навінаў «TUT.BY» Ганна Калтыгіна.

Папулярнасць «TUT.BY» заўважылі і чыноўнікі. У 2015 годзе напярэдадні чарговай прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнка патрабаваў «нармалізаваць Зісера». У 2018-м галоўную рэдактарку парталу Марыну Золатаву аштрафавалі па гучнай «справе БелТА» нібыта за крадзеж навінаў у дзяржаўнага Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Ціск на медыя дасягнуў піку пасля падзеяў 2020-га.

Уваход у офіс TUT.BY 18 траўня 2021 года, у дзень, калі ўлады разграмілі галоўнае медыя Беларусі. Фота: TUT.BY
Уваход у офіс TUT.BY 18 траўня 2021 года, у дзень, калі ўлады разграмілі галоўнае медыя Беларусі.
Фота: TUT.BY

«”TUT.BY”, не саромеючыся, апісваў усё, што адбывалася ў 2020 годзе, пачынаючы ад выбараў і заканчваючы катаваннямі, гвалтам і разгонамі. Тое, я думаю, было пытаннем выжывання для ўлады», – дадаў Кірыл Валошын.

Менавіта «TUT.BY» здабыў пацверджанне, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. Журналістку Кацярыну Барысевіч асудзілі за гэта на шэсць месяцаў калоніі. У 2021-ым партал заблакавалі на рашэнне Міністэрства інфармацыі, і распачалі крымінальную справу – нібыта за нясплату падаткаў. Пракуратура выявіла яшчэ і публікацыю так званай забароненай інфармацыі на партале. Неўзабаве ў справе «TUT.BY» сілавікі затрымалі 15 асобаў. У выніку рэдактарку Марыну Золатаву і былую генеральную дырэктарку Людмілу Чэкіну суд прыгаварыў да 12-ці гадоў зняволення.

«Трэба было паказальна пакараць, пасадзіць. А адпусціць і памілаваць нельга, таму што ўлады цудоўна разумеюць – нязломленыя жанчыны і далей будуць працягваць сваю працу», – дадала Ганна Калтыгіна.

Пасля закрыцця парталу частка былой каманды рэдакцыі і сацыяльных сетак запусціла медыяплатформу – «Zerkalo.io». Справа журналістаў працягвае жыць у замежжы. А рэжым Лукашэнкі спрабуе працягнуць ціск: летась партал прызналі экстрэмісцкім фармаваннем.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»