Святлана Ціханоўская: «Дыверсійныя акты, здзейсненыя ў лютым і сакавіку, могуць паўтарыцца зноў»


Белсат працягвае працаваць на Варшаўскім Форуме Бяспекі, і сёння можна ўпэўнена сказаць, што беларускі народ і будучая беларуская дзяржава маюць тут сваё прадстаўніцтва ў асобе Святланы Ціханоўскай. Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінету сёння ўдзельнічала ў дыскусіі высокага ўзроўню на тэму нашай краіны і саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі. Асноўны мэсідж Святланы Ціханоўскай: Беларусь – не частка праблемы, а частка вырашэння гэтай праблемы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Святлана Ціханоўская на сцэне мела ў руках партрэт свайго мужа, палітвязня Сяргея Ціханоўскага. Яна нагадала ўдзельнікам Форуму, што проста цяпер ва Украіне беларускія добраахвотнікі з палку Каліноўскага ваююць супраць расейскіх акупацыйных войскаў. Разам з тым Абʼяднаны Пераходны Кабінет рыхтуе беларусаў да актыўных дзеянняў у межах плану «Перамога». Бо нельга, каб уся Беларусь адказвала за саўдзел Лукашэнкі ў ваенных злачынствах Расеі.

«Мы рыхтуем нашых партызанаў да рашучых дзеянняў менавіта цяпер. Дыверсійныя акты, здзейсненыя ў лютым і сакавіку, могуць паўтарыцца зноў. Хаця людзям, якія робяць гэтыя дыверсіі, можа пагражаць смяротнае пакаранне. Але такі лёс беларусаў: перамагчы свае страхі і дзеяць, каб дапамагчы Беларусі і дапамагчы Украіне», – заявіла кіраўніца Абʼяднанага Пераходнага Кабінету падчас адмысловай дыскусійнай панэлі, прысвечанай Беларусі.

На Форуме Святлана Ціханоўская прадстаўляе Абʼяднаны Пераходны Кабінет – выканаўчы орган улады, патрэбны для вяртання ў Беларусь законнасці і свабоды.

«Мы павінны прасоўваць Кабінет на міжнароднай арэне, бо задача таксама – камунікаваць, трымаць Беларусь на агендзе(парадку дня) па розных пытаннях. І вось я сустракалася за гэтыя дні з украінцамі. І вельмі важна, каб Украіна пачала працаваць з Пераходным абʼяднаным кабінетам. І ў нас была сустрэча менавіта з нашымі прадстаўнікамі», – распавяла Ціханоўская «Белсату».

Пасля сустрэчаў, перамоваў і супольных выступаў з кіраўнікамі дзяржаваў Святлана Ціханоўская была вымушаная адказваць на пытанні замежных журналістаў за свайго суперніка на выбарах. Замежнікаў цікавіць, што азначаюць гучныя заявы Лукашэнкі аб мабілізацыі беларусаў на паседжанні аб вайсковай бяспецы – і гэта падчас сапраўднай вайсковай мабілізацыі ў Расеі.

«Сумняюся, што гаворка пра вайсковую мабілізацыю. Там прагучалі словы пра мабілізацыю людзей на палях і пра збор бульбы», – усміхнулася Святлана Ціханоўская ў адказ на пытанне замежнага журналіста.

Цяпер найлепшы час для беларусаў, каб зрынуць рэжым Лукашэнкі – мяркуе народная дэпутатка Украіны Аляксандра Усцінава. Яна ўдзельнічала ў дыскусіі разам са Святланай Ціханоўскай, віцэ-міністрам замежных справаў Літвы і былым кіраўніком МЗС Польшчы.

«Мне цяжка не пагадзіцца з тэзісамі, якія сёння агучвала Святлана Ціханоўская, бо для ўкраінцаў Беларусь – гэта боль! У 2020-м годзе, калі беларусы выйшлі на пратэсты, вы не ўяўляеце, колькі людзей падтрымлівала ўсімі спосабамі і вельмі хацела, каб у беларусаў атрымалася, як у нас у 2014-м. Цяпер я з ёй згодная, што калі б не Лукашэнка, гэта была б зусім іншая вайна», – патлумачыла «Белсату» дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Аляксандра Усцінава.

Нашых паўднёвых суседзяў на Форуме таксама прадстаўляла Алена Зяленская – жонка ўкраінскага прэзідэнта. А таксама віцэ-прэмʼер у пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі. Нам удалося паразмаўляць з Вольгай Стэфанішынай.

– Наколькі рэалістычная ацэнка, што Украіне трэба прыкладна 2 гады, каб стаць дзяржавай Еўразвязу?

«Гэта абсалютна рэалістычная ацэнка, бо ў момант, калі Украіна атрымала статус кандыдата, працэс еўраінтэграцыі быў на дастаткова высокім узроўні, выконваліся пагадненні аб асацыяцыі. І 60% усяго дзяржаўнага рэгулявання сёння дзейнічае на рэйках еўрапейскіх стандартаў», – падкрэсліла Вольга Стэфанішына.

Адзін з тэзісаў, які прагучаў на Форуме: дэмакратычны свет мусіць не толькі дапамагчы Украіне ў еўраатлантычнай інтэграцыі, але і сам абʼяднаць намаганні, каб не было паўторнай расейскай агрэсіі супраць іншых краінаў. Si vis pacem, para bellum – хочаш міру, рыхтуйся да вайны.

«Гэта імпульс для нашай інфраструктуры, нашага бізнесу ў Чэхіі ды Славаччыне. Абаронны сектар гаспадаркі бачыць падтрымку і чэшскага, і славацкага ўрадаў, і ад грамадстваў нашых краінаў», – распавёў «Белсату» Павэл Гаўлічэк, эксперт з Асацыяцыі міжнародных стасункаў (Прага).

Форум Бяспекі – гэта яшчэ і магчымасць прадставіць палітыкам і вайскоўцам узоры перадавых узбраенняў.

«На Варшаўскім форуме бяспекі мы прадстаўляем наш танк, які цяпер будзе на ўзбраенні Войска Польскага. Таксама мы супрацоўнічаем з польскімі абароннымі прадпрыемствамі», – патлумачыў нам прадстаўнік кампаніі «HYUNDAI ROTEM» Хан Су Лі.

Але галоўнай тэмай практычна ўсіх дыскусійных панэляў стаў мір у Еўропе і спосабы яго вярнуць.

Варта адзначыць, што гэты Форум Бяспекі адбываецца ў сталіцы Польшчы, краіны, якая гістарычна зусім нядаўна была часткай савецкага ваеннага блоку Варшаўскай Дамовы. Цяпер усё іначай. Працоўная мова форуму – ангельская, а ўдзельнікі перадусім з краінаў Еўразвязу, NATO ды агулам дэмакратычнага свету. Будзем спадзявацца, што аднойчы Беларусь афіцыйна далучыцца да гэтай кампаніі.

Яраслаў Сцешык, Алесь Баразенка, «Белсат»