Пачалася дэакупацыя Луганскай вобласці


Кіеў афіцыйна заяўляе пра пачатак дэакупацыі Луганскай вобласці. У межах контрнаступу Збройныя сілы Украіны прасунуліся на 20 кіламетраў да расейскай паласы абароны ў бок гораду Сватава. А гэта дазволіць украінскім вайскоўцам кантраляваць важны расейскі вузел забеспячэння ды абмяжуе магчымасці Расеі папаўняць падраздзяленні на ўсходзе Украіны. І ўсё – на фоне падпісання Пуціным законаў аб анэксіі ўкраінскіх тэрыторыяў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ва Украіне працягваецца контрнаступ. Спойлер – паспяхова. Згодна з інфармацыяй тэлеграм-каналу «UA War Infographics», ЗСУ за месяц вызвалілі ў 5 разоў больш тэрыторыяў, чымся за апошнія 3 месяцы захапіла Расея. Толькі за верасень – больш за 10 тысячаў квадратных кіламетраў.

«Расейцы страцілі, напэўна, больш за палову той тэхнікі, якую планавалі выкарыстоўваць на тэрыторыі Украіны, і каля пятай часткі жывой сілы, баявы патэнцыял сухаземных войскаў Расейскай Федэрацыі. Украіна пачала цяпер выкарыстоўваць гэтую сітуацыю ў сваіх мэтах», – лічыць падпалкоўнік запасу ЗСУ Мікола Саламаха.

Паводле апошняй справаздачы Інстытуту вывучэння вайны, ЗСУ працягвае рух наперад у Харкаўскай, Данецкай і Луганскай вобласцях, пры гэтым дасягае значных поспехаў у Херсонскай вобласці, дзе расейская армія за апошнія содні адступіла на 30 кіламетраў. Сёння стала вядома пра вызваленне Новаваскрэсэнскага каля Херсону, а таксама Снігуроўкі Мікалаеўскай вобласці.

Ад расейскага псеўдарэферэндуму вызваленыя ўжо дзясяткі мясцовасцяў толькі за гэты тыдзень. Гэта на Херсоншчыне, Харкаўшчыне, Луганшчыне і Данеччыне разам, па словах прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Пра пачатак дэакупацыі Луганскай вобласці заявіў і кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі.

«Дэакупацыя Луганскай вобласці пачалася. Некалькі мясцовасцяў ужо вызваленыя ад расейскай арміі. І там ужо ўзброеныя сілы Украіны ўздымаюць украінскі сцяг», – адзначыў кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Пракрамлёўскія медыі рапартуюць, што расейскія вайскоўцы перагрупоўваюцца, каб, цытата, «сабрацца з сіламі і нанесці ўдар у адказ». Але тут ёсць пытанні.

«Перагрупаванне – гэта вельмі складаная з’ява. Чаму? Бо, каб ажыццяўляць перагрупаванне, трэба мець людскія рэзервы, рэзервы тэхнікі, а таксама магчымасці лагістыкі. А калі праціўнік пастаянна наносіць удары па асноўных шляхах лагістыкі ды выбівае асноўныя рэзервы, пра перагрупаванне складана весці нейкую размову», – мяркуе падпалкоўнік запасу ЗСУ Мікола Саламаха.

Пасля дэакупацыі гарадоў і вёсак украінскія вайскоўцы робяцца сведкамі жахлівых знаходак. Гэтак, у Харкаўскай вобласці выявілі 18 катавальняў. У адной з іх, каля вёскі Пяскі-Радзькоўскія, людзей закопвалі/выкопвалі жывымі, а таксама білі токам, ламалі канцавіны, душылі. Там жа знайшлі скрыню з вырванымі зубнымі пратэзамі. Колькасць асобаў, пацярпелых ад катаванняў, пакуль невядомая.

«Ужо выяўленыя каля тысячы грамадзянаў Расеі. Найперш гэта вайскоўцы, супрацоўнікі спецслужбаў, якія наўпрост датычныя да катаванняў. Дастаткова шмат украінскіх калабарантаў, гэта значыць выхадцаў з так званых ДНР і ЛНР, якія прымалі ў гэтым удзел», – кажа сябра ўкраінскага цэнтру грамадзянскіх свабодаў Міхайла Сава.

На думку эксперта, выявіць датычных да катаванняў не так цяжка, як прыцягнуць іх да адказнасці. Вялікую надзею ўкраінскі праваабарончы сектар ускладае на змену рэжыму ў Расеі, пасля якога можна будзе гаварыць пра пакаранне злачынцаў.

Наста Печанькова, «Белсат»