Журналіст Генадзь Мажэйка пад вартай у Жодзіне

Журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзя Мажэйку, аўтара публікацыі пра аднаго з удзельнікаў страляніны, не выпусцілі пасля 72-ух гадзінаў затрымання. Гэта азначае, што ў дачыненні яго выкарысталі захаду стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Паколькі журналіст мае беларускае грамадзянства, разлічваць, што Расея паспрыяе ягонаму вызваленню, не варта, лічыць палітолаг Дзмітрый Балкунец.

«На маёй памяці адзін такі гучны выпадак 1997 года – вызваленне журналіста Паўла Шарамета. Калі Барыс Ельцын умяшаўся, грукнуў кулаком па стале – і Лукашэнка быў змушаны вызваліць Шарамета, прычым з вялікім скрыпам, і зрабіў Шарамета пасля гэтага галоўным сваім ворагам. Як ён тады казаў, вораг беларуска-расейскіх стасункаў», – кажа Дзмітрый Балкунец.

Генадзь Мажэйка – аўтар артыкулу, у якім знаёмая загінулага Андрэя Зельцара станоўча пра яго адгукалася. Пасля публікацыі ў кватэры аўтара супрацоўнікі КДБ учынілі ператрус на падставе крымінальнай справы, заведзенай за распальванне сацыяльнай варажнечы і знявагу прадстаўніка ўлады. А сайт «Комсомольской правды в Беларуси» заблакавалі.

«На мой погляд, «Комсомольской правде в Беларуси» працаваць не дадуць улады Беларусі. Яны будуць рабіць усё, каб гэтую газету і ўвогуле выданне ды сайт спынілі сваё існаванне, я мяркую, што ўлады Беларусі спрабуюць зачысціць усе медыі, непадкантрольныя дзяржаве, незалежна ад таго, пра што яны пішуць, як яны пішуць, нават калі склад рэдакцыі зацверджаны ў Лукашэнкі», – кажа Дзмітрый Балкунец.

У адказ на патрабаванне з боку Расеі разблакаваць «Комсомольскую правду в Беларуси» афіцыйны Менск заявіў, што выданне – беларускае.

«У сувязі з узнікненнем запытаў Міністэрства інфармацыі паведамляе, што газета«Комсомольская правда в Беларуси» – беларускі сродак масавай інфармацыі (пасведчанне пра рэгістрацыю СМІ ад 05.06.2009 г. № 463), заснавальнікам якога выступае рэзідэнт Рэспублікі Беларусь ЗАТ «БелКП-Прэс», – чытаем на старонцы міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Страляніна, падчас якой загінулі супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк і менскі праграміст Андрэй Зельцар, адбылася тыдзень таму. Колькасць затрыманых за каментары пра гібель праграміста – больш за сотню, а вось адказаў на пытанні, што ўзніклі пасля публікацыі ўладамі змантаванага з дзвюх камераў відэа, няма.

«Тое, што яны не даюць адказаў на самыя базавыя рэчы, кажа на карысць таго, што гэта было не чакана і не запланавана ў першую чаргу для саміх уладаў. Для іх магчыма таксама ёсць нешта, што яны хаваюць і нешта значна больш складанае, больш цяжкае, чым проста сама гэтая сітуацыя, чым тая афіцыйная версія якую яны падалі – забойства Зельцара і аднаго з кдбшнікаў», – лічыць аўтар «Belarus Security Blog» журналіст Зміцер Міцкевіч.

Загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка пахавалі 1-га кастрычніка на Усходніх могілках у Менску. Заўтра мае адбыцца пахаванне Андрэя Зельцара.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама