Дзе навучаюцца беларускія студэнты ў Польшчы


Адлічаны з палітычных прычынаў з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Куляшова Міхась Борыс атрымаў магчымасць працягнуць навучанне ў межах Праграмы Каліноўскага ў Варшаве. Тут Міхась вывучае рэжысуру.

Пра сваё рашэнне з’ехаць Міхась кажа наступнае:

«Я зразумеў, што мне ў прынцыпе ў Беларусі ўжо не месца, бо на той час у мяне быў варыянт або сесці ў турму, або зʼехаць. А больш карысці я прынясу, канечне ж, на волі».

Фармальна з апошняга курсу аддзялення журналістыкі Міхася адлічылі за незалік па фізкультуры, але фактычна прычынаю стаўся ягоны ўдзел у мірных мітынгах пратэсту. За тое самае яго пакаралі адміністратыўным арыштам на 15 содняў. Акрамя гэтага, Міхась атрымаў пагрозы з боку сілавікоў і ўрэшце зʼехаў у Польшчу.

«Цяпер у мяне ў планах адвучыцца на «зэруўцы», вывучыць мову, пасля, наколькі магчыма, сумяшчаць вучобу і працу, а калі не выйдзе, то проста потым перавесціся на завочную форму навучання», – плануе Міхась Борыс.

Атрымліваць вышэйшую адукацыю дыстанцыйна дапамагае Беларуская акадэмія: на гэтай платформе цяпер навучаюцца 30 студэнтаў. Днямі акадэмія атрымала афіцыйны дазвол на навучанне ў Польшчы па-беларуску. Пра важнасць падзеі кажа ініцыятарка стварэння Акадэміі Святлана Куль-Сяльверстава:

«Адчуванне сусвету і адчуванне сябе абсалютна другое, беларуская мова дае нейкае пачуццё годнасці, мяккасці, аптымізму. У ёй ёсць нешта такое, што робіць нават мысленне іншым. Гэта, з аднаго боку, як кшталтаванне самога чалавека».

Партнёры Беларускай акадэміі – Вышэйшая школа кадраў менеджменту ў Коніне, Вышэйшая гуманістычная школа ў Шчэціне, а таксама Вышэйшая школа фінансаў і менеджменту ў Беластоку. Акадэмія працуе на падставе Балонскага працэсу з наступнаю выдачаю дыпломаў аб вышэйшай адукацыі еўрапейскага ўзору.

«Заключаем з імі дамовы, а яны адкрываюць кірунак, спецыяльнасць для беларусаў. На гэтую спецыяльнасць прымаюць на работу беларускіх выкладчыкаў, нашых выкладчыкаў, якіх Беларуская акадэмія рэкамендуе, мы дапрацоўваем праграмы, каб яны былі арыентаваны ў тым ліку і на Беларусь», – тлумачыць Святлана Куль-Сяльверстава.

Паслядыпломным навучаннем беларусаў займаецца Беларускі свабодны ўніверсітэт. Сёлета ў ім пачаліся пілотныя курсы для беларускіх прадпрымальнікаў. Адначасова працуе курс па самакіраванні, створаны Варшаўскім універсітэтам.

«Нашая мэта не толькі навучанне, а таксама стварэнне платформы, на якой маглі б змяшчаць свае курсы розныя ініцыятывы, у тым ліку нефармальныя, універсітэцкія, польскія і з розных краінаў», – тлумачыць кіраўнік Беларускага свабоднага ўніверсітэту Аляксандр Мілінкевіч.

Мэта Беларускага свабоднага ўніверсітэту – на падставе замежнага досведу падрыхтаваць адмыслоўцаў, якія ў будучыні будуць займацца трансфармацыяй Беларусі.

«Насупраць вышэйшай адукацыі ў Беларусі, якая сёння знішчаецца, проста разбурэнне ідзе сістэмы, а тут альтэрнатыўнае паўстае, і гэта вельмі важна», – кажа Аляксандр Мілінкевіч.

Толькі ў адным Варшаўскім універсітэце сёлета навучаюцца больш за 600 студэнтаў з Беларусі. Па падліках каманды Офісу адукацыі для новай Беларусі сёлета краіну пакінулі прыблізна 6 тысяч студэнтаў.

Ірына Карніенка, «Белсат»