Працаўнік загінуў – хто вінаваты ў парушэнні правілаў аховы працы на «Гродна-Азоце»


На гарадзенскім «Азоце» – надзвычайнае здарэнне, загінуў рабочы. Паводле афіцыйнай інфармацыі – гэта няшчасны выпадак. Але працаўнікі прадпрыемства лічаць інакш.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пасля капітальнага рамонту цэхі спрабавалі запусціць у работу. І праз недасведчанасць ці дурасць пуск прывёў да таго, што ўзнік вельмі сур’ёзны дэфект. Пра гэты дэфект спрабавалі інфармацыю нікуды не выносіць, хацелі яго хуценька зліквідаваць», – кажа прадстаўнік ініцыятывы «Рабочы рух» Дзмітрый Ціт.

Дэфект калоны сінтэзу спрабавалі зліквідаваць два супрацоўнікі падраднай арганізацыі ў цэху «Аміяк-3». Яны атруціліся газам, адзін з іх у цяжкім стане ляжыць у шпіталі, яго ўвялі ў стан штучнай комы. А мінулай ноччу ў цэху «Карбамід-3» загінуў дэфектаскапіст Уладзімір Дарашэнка. Афіцыйнае выданне прадпрыемства gazeta.azot.by апісвае сітуацыю як няшчасны выпадак:

«На сённяшні дзень у прычынах трагедыі не выяўляецца відавочная віна наймальніка ці работніка, але выпадак, які адбыўся, працягне дэталёва і абʼектыўна разглядацца з прыцягненнем усіх службаў».

Следчы камітэт распачаў крымінальныя справы паводле абодвух выпадкаў – за парушэнне правілаў аховы працы. Тэлеграм-канал «Стачком Азота» паведамляе, што кіраўніцтва спрабуе зрабіць вінаватымі пацярпелых працаўнікоў – нібыта ім зрабілі заўвагу наконт якасці выкананай працы, а яны самавольна ўзяліся выпраўляць, не атрымаўшы пісьмовага дазволу. Дзмітрый Ціт тлумачыць, што такое магчыма праз тое, што на беларускіх прадпрыемствах склалася заганная практыка афармляць дакументацыю прамінулаю датай.

«Каб паскорыць працэс, верагодна, паступіў загад пачаць працы. Працаўнікі не маглі адмовіць і прыступілі да сваіх абавязкаў, якія ім даручылі вусна ці пісьмова. Яны не маглі ў прынцыпе адмовіцца», – кажа Дзмітрый Ціт.

Работнікі баяцца адмаўляцца ад вусных заданняў, бо трымаюцца за працоўнае месца, але менавіта адмова – правільны выхад з такой сітуацыі, падкрэслівае былы працаўнік «Беларуськалію» Глеб Сандрас.

«Калі работнік перажывае, што ў яго сапсуюцца стасункі з начальствам, то ён павінен зразумець, што робячы такія рэчы, ён парушае правілы аховы працы і тэхніку бяспекі. І адказнасць будзе класціся на ягоныя плечы», – падкрэслівае Глеб Сандрас.

За мінулы год у выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці ў Беларусі загінулі 132 працаўнікі, яшчэ 656 – атрымалі цяжкія траўмы. І гэта вынік не толькі нядбаласці ці парушэння тэхнікі бяспекі, кажуць рабочыя. На гарадзенскім «Азоце», як і на іншых прадпрыемствах, паслявыбарчыя пратэсты і страйкі прывялі да звальнення адмыслоўцаў.

«Працаўнікі цэху “Аміак-3” знаходзяцца ў СІЗА цяпер, тыя, што былі ў страйку. Частка самі звольніліся. А як бы ні казырылася адміністрацыя, што яны набяруць новых людзей і ўсяму навучаць, нельга навучыцца за некалькі месяцаў таму, чаму вучацца 5 гадоў», – перакананы Дзмітрый Ціт.

Абʼяднанні працоўных раяць: калі замест выканання тэхнікі бяспекі пры ліквідацыі недапрацовак кіраўніцтва абірае прыгожыя справаздачы, то дапамагчы сабе могуць толькі самі работнікі, цвёрда трымаючыся правілаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»