Татальны кантроль: цяпер – і ў школах


Школы рыхтуюцца да новага вучэбнага года. З 1 верасня на ўваходах узмоцняць ахову, а за настаўніцкім сталом з’явяцца вайскоўцы. У школьную праграму вяртаюць вайскова-патрыятычнае выхаванне, а ў сталічных школах яшчэ і будуць дзяжурыць міліцыянты. Дзеля чаго сілавікі ідуць у школы?

Высвятляла Каця Малей.

Прапускныя сістэмы, дадатковыя відэакамеры, а ў перспектыве – дзяжурныя міліцыянты. З першага верасня сталічныя школы чакае новаўвядзенне: узмоцненая сістэма аховы.

«Гэта спроба ўсталяваць сістэму татальнага кантролю, сачэння. І гэта тое, як цяпер выглядаюць рэформы, далёка не толькі ў адукацыі. Гэта агульны трэнд на мілітарызацыю, на ўзмацненне кантролю. І вядома, у такой сітуацыі пра якасць адукацыі ці псіхалагічны настрой вучняў і блізка не вядзецца гаворкі, – адзначае аналітык беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка.

З першага верасня старшакласнікаў ва ўсёй краіне чакае яшчэ адно новаўвядзенне: у школах колькасцю ад 50-ці вучняў з’явяцца кіраўнікі ў вайскова-патрыятычным выхаванні – так званыя «ваенрукі». Улады ўжо падрыхтавалі каля дзвюх тысяч ставак для іх і актыўна шукаюць кадры, якім прапаноўваюць заробак ад пяцісот рублёў.

Новую пасаду вырашылі ўвесці для – цытата – «фармавання светапогляду падрастаючага пакалення».

«Ваенрукі – гэта аналаг таго самага кантролю, толькі для школаў з рэгіёнаў. Таму што там яны не могуць сабе дазволіць паставіць паўсюль камеры, таму ёсць ваенрукі, якія будуць на свае вочы назіраць за кожным. Я ўпэўненая, што яны будуць перадаваць нейкую пэўную інфармацыю пра канкрэтных дзяцей ці іхных бацькоў. А таксама гэта датычыць і настаўнікаў», – разважае экспертка ў пытаннях школы з офісу адукацыі кабінету Ціханоўскай Вольга Павук.

«Увядзенне ваенрукоў у школах – гэта частка агульнай мілітарызацыі дзяржаўнай сістэмы. Калі ўсё накіравана не столькі на эфектыўнасць, колькі на ўзмоцнены кантроль. І адсюль выцякае ідэя-фікс Лукашэнкі: што трэба ўсё зрабіць на ўзор ваеннай сістэмы. Таму ваенрукі ў школах – не дзіўна. Мы бачым і вайскоўцаў на вялікіх дзяржаўных пасадах, і на кіраўніцтве прадпрыемстваў, ну і цяпер школу дзяржава ўспрымае такім жа чынам», – дадае Вадзім Мажэйка.

Паводле Вольгі Павук, якая і сама раней выкладала ў школе, прафесія настаўніка ў нас не прэстыжная, што пацвярджаюць і нізкія прахадныя балы на педагагічныя факультэты. За апошні ж год праз палітычныя погляды звольнілі шмат высокакваліфікаваных спецыялістаў, таму Міністэрства адукацыі імкнецца такім чынам запоўніць дзіркі. Калі ваенрукоў не хопіць, то заткнуць дзірку можна будзе і… духавенствам.

Цяпер чыноўнікі ад адукацыі супольна з Беларускаю праваслаўнаю царквою разглядаюць магчымасць пусціць у школы ў якасці настаўнікаў святароў.

«Калі б гэта было збалансаванае рэлігійнае навучанне, і прадстаўнікі розных канфесіяў мелі доступ у школы, і вучні маглі б бачыць розніцу – гэта было б, можа, і не дрэнна. Але цяпер гэта ў дзяржаве, хутчэй, выглядае як спроба зрабіць кансерватызм у галовах дзяцей, і маўляў, калі б усе былі як салдаты альбо як прыхаджане царквы, то дзяржаве было б прасцей», – кажа Мажэйка.

Вольга Павук кажа, што бацькі старшакласнікаў падпісвалі петыцыю, каб ваенрукі не выкладалі ў школах. На думку эксперткі, ідэалагічны прадмет лепш было б зрабіць факультатыўным. Альбо замест яго ўвесці ў праграму карысныя для жыцця прадметы: фінансавая адукацыя, этыкет, стыль.

Каця Малей, «Белсат».