Пастка для Лукашэнкі ў міграцыйным канфлікце


Мігранцкі крызіс мяняе вектар. Цяпер Лукашэнка занепакоіўся наплывам мігрантаў. Пасля таго, як Літва прыняла рашэнне няпрошаных гасцей вяртаць назад у гасцінную Беларусь, літоўскія памежнікі выдварылі ўжо трыста дваццаць аднаго перабежчыка і 44 асобы развярнулі на мяжы.

Тым часам Ірак заклікаў сваіх грамадзянаў не рабіцца мішэнню сетак кантрабанды. А авіякампаніі адмяняюць рэйсы ў Беларусь.

У лагеры нелегальных мігрантаў паблізу вёскі Руднінкай ля літоўска-беларускай мяжы сёння ўжо больш за 700 асобаў, якія імкнуліся трапіць не сюды.

«Чалавек паказаў нам шлях. Сказаў, ідзі гэтак трапіш не сюды, а ў Нямеччыну адразу. Падмануў папросту», – кажа мігрант з Іраку.

Мінабароны Літвы, улады краіны і Еўразвязу заяўляюць ужо пра сотні сведчанняў, як беларускія арганізацыі і асобныя людзі гарантавалі замежнікам з краінаў Сярэдняй Азіі і Афрыкі лёгкую дарогу на Захад. Беларускія памежнікі – прапускалі, а ўлады – арганізавалі штодзённыя рэйсы з Іраку.

Калі плынь так званых нелегалаў дасягнула трох соцень за содні, літоўскія памежнікі сталі разварочваць іх назад у Беларусь. На здымках, зробленых ужо з беларускага боку, аднаго з мігрантаў шпіталізуюць…

Антон Бычкоўскі з Беларускага дзяржаўнага памежнага камітэту заявіў:

«За апошнія содні каля 40 замежнікаў былі выдвараны з сумежнай тэрыторыі ў Рэспубліку Беларусь. Згаданыя грамадзяне маюць цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці, а таксама знаходзяцца ў падушаным душэўна-псіхічным стане».

Напярэдадні прапагандысцкія каналы Аляксандра Лукашэнкі заявілі пра смерць мігранту з Іраку на руках у беларускіх памежнікаў. Што праўда, замест фота нібыта памерлага нелегала паказалі жыхара памежнага Воранава Станіслава Дайлідку, які нібыта і знайшоў выпадкова іракца ў цяжкім стане. Пры гэтым сам воранавец аказаўся чалавекам невыпадковым – падпалкоўнікам у адстаўцы, сын якога – Віталь узначальваў адную з памежных заставаў Гарадзеншчыны. Пасля гісторыі са знойдзеным іракцам з абразамі і абвінавачваннямі ў бок Літвы выступіў і сам Лукашэнка:

«Тое што яны там прынялі закон страляць у мігрантаў, біць, давіць, травіць – мярзотнікі поўныя, але ж гэта іх права».

Такога права не мае аніводная краіна свету. Аднак сярод тых, якія дазваляюць сабе гвалт імем закону – Беларусь сярод першых – нагадваюць у Літве.

Рустамас Любаевас, камандуючы Дзяржаўнай памежнай службаю Літвы, адказаў на закіды:

«На шчасце, не было аніводнае сітуацыі, калі нашыя памежнікі ўжывалі б якую-небудзь сілу. Рэжым пастаянна абвінавачвае Літву шмат у чым. З нашага пункту гледжання, гэта свайго роду фэйкавыя паведамленні».

Пасля таго, як Літва дала адпор, Лукашэнка загадаў закрыць беларускую мяжу:

«З сённяшняга дня ні адная нага на тэрыторыю Беларусі з сумежнага боку – з поўдня ці захаду – ступіць не павінная».

І калі на падобную захаду Літва з дапамогаю Еўразвязу выдаткоўвае мільёны еўраў, то беларускі бюджэт падобных выдаткаў не пацягне. А таму казаць пра магчымасці афіцыйнага Менску паставіць мяжу на замок прынамсі несур’ёзна, лічыць палітолаг Павел Усаў. І тады нелегалы з Іраку ды іншых краінаў стануцца праблемай ужо для нашай краіны.

«Яны намагаюцца неяк выйсці з гэтай сітуацыі. Бо яна будзе абвастрацца і ствараць праблему для саміх беларусаў. Бо калідор адчынены. А спыніць яго, калі хлынуць у Беларусь мігранты з Каўказу ці з Сярэдняй Азіі, будзе ўжо не магчыма», – лічыць палітолаг.

Гэта далёка ад мэты, якую пераследавалі палітычныя рэжымы ў Менску і Маскве – кажа галоўны аналітык Інстытуту палітычнага аналізу з Вільні – Марус Лаўрынавічус:

«[У плане была,] калі атрымаецца, змена ўраду ў Літве. Выказванні тыпу, што калі ўжо лічба мігрантаў дасягне 10 тыс, то мігранты «пойдуць» на Вільню нешта рабіць – гэта іхныя рэальныя мэты. Я не кажу, што яны іх ажыццявяць, але гэта не проста пагрозы. Гэта іхныя мэты».

Эксперт кажа, што спецслужбы Еўразвязу заглыбленыя ў сітуацыю і разам з палітыкамі знойдуць развязанне. Насустрач пайшлі і ўлады Іраку…

Авіякампанія «Iraqi Airways» скасавала сённяшні рэйс з Басры ў Менск. За ім цягам 10-ці дзён маюць спыніць палёты ў Менск і іншыя іракскія аператары.

Набіля Масралі, прадстаўніца ЕЗ у замежных справах, пракаментавала:

«Мы вітаем паведамленні аб адмене авіярэйсаў. Мы цяпер працягваем нашыя дыпламатычныя перамовы з іракскімі ўладамі на ўсіх узроўнях».

Таксама ўлады Іраку выказалі смутак у сувязі са смерцю мігранта і заклікалі сваіх грамадзян не рабіцца абʼектам гандлю людзьмі. Не ведаем як іракцы з Багдаду, але іхныя суайчыннікі з намётавага мястэчка ў Літве кажуць:

«Ніхто з прысутных тут не хоча ехаць у Беларусь. Мы хочам паехаць у Еўропу. У Нямеччыну ці іншую еўрапейскую краіну».

У апошні тыдзень групы мігрантаў рабілі спробы ўцёкаў з тэрыторыі лагераў. Наракаюць на ўмовы пражывання і на хваробы. На COVID-19 у гэты момант хварэюць 49 асобаў і 21-а асоба – на каросту.

Юлія Цяльпук, «Белсат»