Мігранты наклікалі санкцыі на «Беларуськалій»


Вяртанне мігрантаў – не адзіны адказ Літвы. Вільня заявіла пра гатовасць цалкам спыніць экспарт беларускіх калійных угнаенняў праз сваю тэрыторыю.

Санкцыі Еўрапейскага Звязу, уведзеныя супраць «Беларуськалію» у чэрвені, закранаюць толькі 20% экспарту калію з Беларусі і датычаць дамоваў, падпісаных пасля 26 чэрвеня.

Кіраўнік Міністэрства замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў пра гатоўнасць спыніць экспарт беларускага калію праз літоўскі порт у Клайпедзе цалкам:

«Магчымае поўнае спыненне экспарту беларускіх угнаенняў праз Літву. Я б сказаў, што так, гэта рэальна. Сапраўдныя перамовы яшчэ не пачаліся, таму яшчэ рана пра гэта казаць. Фармату, які дазволіў бы гэта ажыццявіць цяпер, не існуе. Мы гэта ўбачым не раней за верасень, калі пачнуць працаваць рады. Але фармальная просьба ў Брусель ужо пададзеная».

Экспарт калію – галоўная крыніца валюты для беларускага бюджэту. У мінулым годзе экспарт калійных угнаенняў прынёс Беларусі амаль $ 2,4 мільярды долараў. Збольшага ён адбываецца якраз праз порт у Клайпедзе. На думку эканаміста Льва Марголіна, эфект ад новых сектаральных санкцыяў у дачыненні Беларусі зноўку залежыць ад таго, ці будуць яны распаўсюджвацца на папярэднія дамовы, ці толькі на новыя.

«Тая дзірка, якая была ў тых санкцыях чэрвеньскіх, яна таксама павінна быць закрытая. Што гэта азначае для Беларусі – гэта азначае такія даволі вялікія страты, і прадпрыемства «Беларуськалій», і бюджэту разам з тым», – лічыць эканаміст Леў Марголін.

Пры поўным спыненні экспарту беларускага калію праз порт у Клайпедзе Літва таксама панясе страты. Але яна ўжо цярпіць ад міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю, у наўмысным распальванні якога афіцыйная Вільня вінаваціць улады Беларусі. На ўзмацненне супольнай мяжы з Беларуссю Літве спатрэбіцца 42 мільёны еўраў. Таму паміж транзітам калію і мігрантамі Літва абірае развязанне пытання з мігрантамі.

«У адрозненні ад Беларусі ў Літвы эканоміка прыватная, і іх страты праз тое, што экспарт, транзіт угнаенняў у асноўным ішоў праз тэрыторыю Літвы да порту Клайпеды, усё ж такі іх страты будуць меншымі, чым страты Беларусі, тым больш, што 30% гэтага тэрміналу і так належаць «Беларуськалію», ток бок нават не ўсе страты будуць з літоўскага боку ад забароны транзіту», – тлумачыць Марголін.

Галоўныя пакупнікі беларускіх угнаенняў – Бразілія, Кітай і Індыя. Калі Літва закрые свой порт для Беларусі, яе шляхам можа пайсці і Украіна са сваім портам у Мікалаеве. Тады ў Беларусі застанецца толькі сухапутны шлях у Кітай і Індыю праз расейскую чыгунку, а гэта значныя фінансавыя страты ад пераарыентацыі экспарту. Раней Літва прапаноўвала Беларусі не лабіяваць узмацнення санкцыяў, калі Беларусь спыніць транзіт мігрантаў са свайго боку. Гэтага не адбылося – і цяпер Літва збіраецца спыніць транзіт беларускага калію.

«Санкцыі – гэта не капрыз, гэта неабходнасць. Паводзіны Лукашэнкі нясуць пагрозу не толькі беларусам, але і ўсяму рэгіёну. Паколькі ў Захаду не так шмат інструментаў, то санкцыі – найбольш эфектыўны з іх. Але гэта павінны быць тыя санкцыі, якія ўдараць па Лукашэнку, па ягоных набліжаных. Такія санкцыі, якіх нельга абысці, каб яны рэальна памянялі паводзіны Лукашэнкі», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Штаб Ціханоўскай чакае, што ўжо ў бліжэйшыя тыдні свае санкцыі адносна Беларусі абвесцяць Вялікая Брытанія, ЗША і Канада. А Еўрапейскі Звяз пры дапамозе Літвы прыме пяты пакет санкцыяў у верасні.

Ірына Карніенка, Белсат