У Беларусі руйнуюць пахаванні польскіх жаўнераў


Выглядае на тое, што ў Беларусі мэтанакіравана нішчацца і апаганьваюцца могілкі польскіх жаўнераў. Чарговы выпадак здарыўся ў вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёну, дзе магілы жаўнераў Арміі Краёвай проста зраўнялі з зямлёй. Выпадкі вандалізму сталі настолькі частымі, што выклікалі афіцыйную рэакцыю польскага МЗС. Як у Беларусі руйнуюцца пахаванні польскіх жаўнераў і чаму гэта ўжо называюць «дзяржаўным вандалізмам«?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэта было пахаванне загінулых у 1944 годзе жаўнераў 3-й і 6-й брыгадаў Арміі Краёвай – з цяжкой бетоннай плітой, надмагільным каменем і шэрагамі крыжоў. Цяпер гэтае месца ў вёсцы Мікулішкі зраўнаванае з зямлёй. Дэпутат Сейму Польшчы Робэрт Тышкевіч назваў зруйнаванне «актам дзяржаўнага варварства». Удзел беларускай дзяржавы тут бачыць і афіцыйная Польшча.

«У нас такое ўражанне, што нічога, што адбываецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і мае такое вялікае значэнне, не можа адбывацца без згоды ўладаў, рэжыму, якім кіруе Аляксандр Лукашэнка. Гэта не тая краіна, дзе ўлады не ведаюць пра такія рэчы», – кажа прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна.

Каб спытаць, як гэтае варварства стала магчымым, мы патэлефанавалі ў выканаўчы камітэт Ашмянскага раёну. Вось што нам адказалі:

«Пішыце пісьмовы зварот у райвыканкам. Магілаў там не было ніякіх».

А так выглядалі магілы польскіх жаўнераў у вёсцы Ёдкавічы Бераставіцкага раёну. Тут спачывалі два польскія жаўнеры, што загінулі падчас савецка-польскай вайны, і забіты ў 1944 годзе жаўнер Арміі Краёвай. У канцы чэрвеня невядомыя знялі з пахавання надмагільныя пліты і выкапалі парэшткі.

Адзін з праўладных тэлеграм-каналаў напісаў, што гэта быццам бы «справа рук рытуальнікаў (у межах расследавання справы аб генацыдзе беларусаў) – парэшткі салдатаў перапахаваныя на могілках у Эйсмантах, а сам помнік неўзабаве прыбяруць».

Толькі такія дзеянні рытуальнікаў наўрад ці адпавядаюць пагадненню аб ахове пахаванняў і месцаў памяці ахвяраў войнаў і рэпрэсіяў, падпісанаму паміж Беларуссю і Польшчай у 1995 годзе.

«На жаль, відаць, што партнёрства ў гэтым пытанні не ўспрымаецца сур’ёзна абодвума бакамі, – каментуе дырэктар аддзялення памяці барацьбы і пакутніцтва Інстытуту нацыянальнай памяці Адам Сівэк. – На тэрыторыі Польшчы не здарылася б сітуацыі, у якой такім брутальным спосабам, увогуле без тлумачэння і паведамлення другому боку, зліквідавалі б і закапалі магілы загінулых жаўнераў».

Толькі за апошні час, паводле польскага Міністэрства замежных справаў, польскія надмагіллі і помнікі былі апаганеныя невядомымі таксама ў Багданах, Бабровічах, Ашмянах, Дындылішках, Іўі.

Паводле палітолага і кандыдата гістарычных навук Валера Карбалевіча, «гэта афіцыйная пазіцыя ўладаў Беларусі адносна ліквідацыі гэтых могілак як элементу нейкага мемарыялу – проста спроба зрабіць як звычайныя могілкі звычайных людзей».

Але хіба гэта не супярэчыць уведзенаму з 1 ліпеня бязвізу для грамадзянаў Польшчы, што можна было ўспрыняць за спробу палепшыць дачыненні паміж краінамі?

«Бязвіз носіць больш эканамічны чыннік, – працягвае Валер Карбалевіч, – бо вядома, што з увядзеннем заходніх санкцыяў адносна Беларусі гандаль Беларусі з краінамі Еўрапейскага Звязу моцна паменшыўся. Я думаю, улады Беларусі імкнуцца неяк спрабаваць гэты гандаль аднавіць за кошт памежнага гандлю, актыўных паездак палякаў сюды, у Беларусь».

Тым часам на тэрыторыі Польшчы застаецца блізу 2000 пахаванняў – напрыклад, жаўнераў арміі Расейскай імперыі часу Першай сусветнай вайны або савецкіх салдатаў Другой сусветнай вайны. Сярод пахаваных там ёсць і беларусы. Усе гэтыя могілкі застаюцца пад апекаю польскай дзяржавы і прыбіраюцца і рамантуюцца за сродкі з дзяржаўнага бюджэту.

«На могілках Чырвонай Арміі здараюцца акты вандалізму – у прыватнасці, апошнім часам гэта звязана з агрэсіяй Расеі супраць Украіны. Не лічым гэта правільным спосабам рэагавання. У нашай традыцыі, нашай культуры – ахоўваць могілкі і забяспечваць спакой парэшткам. Мы тлумачым, што месца вайсковых могілак не ёсць месцам для маніфестацыі сваіх поглядаў і эмоцыяў, і тым больш вайсковыя могілкі – не месца для палітыкі і міжнародных спрэчак«, – кажа Адам Сівэк.

Афіцыйную рэакцыю на шэраг актаў вандалізму – занепакоенасць – польскае МЗС выказала ўжо 30 чэрвеня. Адказам на гэта сталі Мікулішкі – самае брутальнае з апошніх выпадкаў знішчэнне пахавання.

«Польшча прызнае гэта актам вандалізму, не адпаведным ніякім нормам закону, у тым ліку міжнароднага, і стасункам паміж Польшчай і Беларуссю, падпісаным дамовам. Месцы спачыну хаця б салдатаў Чырвонай Арміі на тэрыторыі Польшчы шануюцца і ўтрымліваюцца на грошы польскага падаткаплатніка. А вайсковыя могілкі польскіх вайскоўцаў, збудаваныя таксама на грошы польскай дзяржавы, былі брутальна зруйнаваныя».

Адказаць на знішчэнне пахаванняў польскіх жаўнераў Польшча абяцае неўзабаве.

Ірэна Кацяловіч, «Белсат»