Кныровіч: «Дзяржава кажа аб тым, што я вам тое, што вы ўжо патрацілі, не аддам»


Улады Беларусі ўвялі санкцыі супраць 190 беларускіх кампаніяў з замежнымі інвестарамі. Адпаведную пастанову апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. Навошта гэта ўладам і як гэта адаб’ецца на прадпрыемствах?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Любімае не аддаюць. У Беларусі ўвялі санкцыі супраць сваіх жа кампаніяў, якія маюць замежных акцыянераў. Ім забаранілі распараджацца акцыямі без дазволу ўладаў. Мэта – перадухіліць вывад капіталу за межы краіны.

«Пакуль гэта такі папераджальны стрэл уверх. Пакуль размова не ідзе пра нацыяналізацыю. І па вялікім рахунку гэта непрыемна для ўласнікаў гэтых прадпрыемстваў, але зусім не смяротна», – адзначае беларускі бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Трапілі пад санкцыі толькі тыя зарубежныя акцыянеры, якія – цытата – «здзяйснялі недружалюбныя дзеянні» у дачыненні да Беларусі. У спісе заблакаваных апынуліся 190 прадпрыемстваў. Сярод іх – «Еўраопт», «Лукойл Беларусь», «Беліта», «Камунарка», «Спартак» і іншыя. Аднак адаб’ецца гэта не столькі на замежных, колькі на беларускіх інвестарах, – кажа кіраўнік праекту Кошт ураду Уладзімір Кавалкін.

«Усе беларускія замежныя інвестыцыі – гэта інвестыцыі беларускіх уласнікаў, якія вось так структуруюць свой бізнес, каб прыбытковая частка іх знаходзілася на Кіпры, ці ў Англіі, а вытворчасць, даўгі знаходзіліся ў Беларусі», – кажа кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін.

Цяпер згодна з пастановай прадаваць акцыі або вывозіць бізнес з Беларусі кампаніі змогуць толькі з дазволу Міністэрства фінансаў. Аднак, як зазначае бізнесовец Аляксандр Кныровіч на самой справе, адзінае, што змогуць арыштаваць беларускія ўлады – гэта тэхнічнае абсталяванне прадпрыемстваў, тады як галоўны рэсурс – тэхналогіі і людзі, застануцца з імі.

«З пункту гледжання кампаній, якія займаюцца вытворчай дзейнасцю – гэта складаней. Але, напрыклад, з пункту гледжання Епама, у якога ў якасці актыву толькі людзі, якія працуюць на гэтую кампанію, то нічога ім не перашкаджае заўтра звольніць гэтых людзей і перавесці ў іншую, фактычна не мець ніякіх страт. І падарыць дзяржаве пустышку», – мяркуе Аляксандр Кныровіч.

На думку Уладзіміра Кавалкіна, такая спроба на заканадаўчым узроўні «нацыяналізаваць» уласную маёмасць без рашэння суда можа адбіцца на будучых замежных інвестыцыях у беларускі бізнес.

«Гэтыя нарматыўныя акты, якія прынятыя сёння, яны будуць у першым кожным заключэнні: не трэба ўкладаць сюды грошы, бо ў вас змогуць гэтыя грошы адняць без рашэння суда і па законе Рэспублікі Беларусь. Нават калі сітуацыя зменіцца мы яшчэ 10 ці 20 год не будзем бачыць новых інвестыцыяў», – мяркуе Кавалкін.

Згодзен з ім і Аляксандр Кныровіч.

«Такім дзеяннем дзяржава кажа аб тым, што я вам тое, што вы ўжо патрацілі, не аддам, і новых інвестыцый ад вас, дарагія інвестары з недружалюбных краін – а яны былі самымі якаснымі, за імі ішлі самыя перадавыя тэхналогіі, добрыя і танныя грошы – я ад вас не чакаю», – кажа Аляксандр.

Пашырылі санкцыі супраць беларускага рэжыму ўлады Японіі і Вялікай Брытаніі. Так, апошняя ўвяла забарону на экспарт прадуктаў нафта перапрацоўкі, імпарт беларускага жалеза, сталі і зброі, а таксама пашырыла санкцыі супраць «Белкалію».

«Тое, што зараз робіць Вялікая Брытанія, на мой погляд, больш сімвалічныя санкцыі «до» яны не падарвуць ужо падарваную эканоміку», – мяркуе Уладзімір Кавалкін.

Агулам забароны закрануць імпарт і экспарт тавараў на суму амаль 72 мільёны долараў ЗША.

Наста Печанькова, «Белсат»