Улады закрылі карэспандэнцкі пункт «Еўрарадыё» ў Менску


Ціск на незалежныя медыі працягваецца. Савет Міністраў пастанавіў закрыць карэспандэнцкі пункт міжнароднай станцыі «Еўрапейскае радыё для Беларусі». Журналісты выдання з восені працавалі без акрэдытацыі, а неўзабаве мусяць ліквідаваць карпункт.

Карэспандэнцкі пункт міжнароднай радыёстанцыі «Еўрапейскае радыё для Беларусі» ў Менску працуе апошнія дні. Другога ліпеня ўрад вырашыў закрыць карпункт. Летась улады Беларусі заблакавалі доступ да сайту euroradio.fm, а потым МЗС пазбавіла акрэдытацыі журналістаў. Закрыццё карпункту – адзін з адказаў афіцыйнага Менску на чацвёрты пакет санкцыяў, упэўненыя ў рэдакцыі.

«Калі агучваўся чарговы з пакетаў санкцый, было сказана, здаецца: Міністэрствам замежных справаў будуць контрмеры прынятыя, у тым ліку – сродкі масавай інфармацыі будуць зачэпленыя. Вось вам сродак масавай інфармацыі – «Еўрапейскае радыё для Беларусі», – адзначае прэзідэнт праўлення «Еўрарадыё» Дзмітрый Новікаў.

Пакуль станцыя працягвае працу ў звычайным рэжыме. «Еўрарадыё» паспрабуе акрэдытаваць асобных журналістаў, аднак частку працаўнікоў карпункту давядзецца звольніць, кажа Дзмітрый Новікаў: «На сённяшні дзень мы яшчэ не бачылі дакумент рэальна, што там напісана. Колькі нам даецца часу на гэта. Таму пакуль паводле інерцыі мы будзем рабіць тое, што рабілі. Але ўсё адкатваецца назад, і, відаць людзям прыйдзецца прыехаць сюды ў Польшчу».

«Еўрарадые» – не адзінае незалежнае медыя, што зазнала ціск з боку ўладаў. За здушванне свабоднага распаўсюду інфармацыі міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» уключыла Аляксандра Лукашэнку ў спіс «ворагаў свабоды прэсы».

«Гэта працяг планамернага ціску на незалежныя медыі. Мы назіраем гэты ціск з першых дзён выбарчай кампаніі 2020 года, калі ў траўні калегаў пачалі затрымліваць, штрафаваць, садзіць на суткі. Усё гэта разгарнулася ў кампанію пераследу ў жніўні, у цяжкія наступствы, у збіццё, у затрыманні, у крымінальныя справы. Гэтая хваля працягваецца. Улады маюць план далейшай зачысткі медыяполя», – каментуе намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

З пачатку пратэстаў сілавікі затрымалі больш за 500 журналістаў. Больш як 10 выданняў сутыкнуліся з забаронай друку і распаўсюду. 25 супрацоўнікаў беларускіх медыяў, сярод якіх журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, застаюцца за кратамі. Заўтра мае адбыцца суд над журналістам міжнароднага тэлеканалу «Настоящее время» Раманам Васюковічам. Яго вінавацяць у працы без акрэдытацыі падчас жывога эфіру 25-га траўня.

Ігар Станкевіч, «Белсат»