Чырвоную кнігу Беларусі адкарэктуюць


Чырвоную кнігу Беларусі адкарэктуюць. Пра гэта ішлося падчас экалагічнай сустрэчы, арганізаванай «Зялёнаю сеткаю» сёння – у Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя. У новай версіі прапануюць знізіць ахоўны статус для зубра еўрапейскага ды іншых відаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Агулам з Кнігі могуць выключыць 12 відаў жывёлінаў і 26 відаў раслінаў. Гэта, на думку эколага Інэсы Балоцінай, адпавядае цяперашняй дзяржаўнай палітыцы ў экалагічнай галіне.

«Павелічэнне высечак лесу, зразумела, цягне за сабою небяспеку для захавання лясных відаў і жывёлінаў, і раслінаў. І таму сітуацыя пагаршаецца. Калі раней высякалі, напрыклад, 2 мільёна кубоў драўніны на пачатку двухтысячных, то цяпер – 27 мільёнаў кубоў».

Выключыць з Чырвонай кнігі рысь, мядзведзя, барсука і нават сімвал Беларусі – зубра – раней прапаноўваў старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч. Бо нібыта гэты прыродаахоўны рэестр замінае хутка прымаць пастановы адносна наваколля.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Зубры.
Фота: Alexandr frolov / Wikimedia

«Беларускае таварыства паляўнічых – гэта не грамадская арганізацыя ў класічным выглядзе, адзначыла Інэса Балоціна. – Гэта насамрэч вельмі цікавая дзяржаўна-грамадская з’ява. Яны праводзяць таксама дзяржаўную палітыку ў галіне прыродакарыстання».

Яшчэ раней у няміласць паляўнічых трапіў воўк. Некаторы час драпежнік быў у спісе «непажаданых прадстаўнікоў фаўны», што дазваляла яго адстрэльваць без абмежаванняў. Цяпер жа з шэрагаў шкоднікаў яго выключылі, але пакінулі ў спісах «непажаданых у паляўнічых угоддзях». Што гэта значыць, на ўмовах ананімнасці патлумачыў эколаг «Зялёнай сеткі»:

«Паляўнічым дазволена яго вынішчаць разам з бадзяжнымі сабакамі, варонамі і яшчэ некаторымі відамі».

Новае выданне Чырвонай кнігі рыхтуюць больш кулуарна, у адрозненне ад папярэдніх. Запрашаюць менш адмыслоўцаў, падкрэсліла Інэса Балоціна. Але тым не меней, грамадскасць мае шанец заступіцца за дзікіх жывёлінаў, узяць удзел у абмеркаваннях.

Напрыклад, скіраваць прапановы на «обращения.бел» або ў «Зялёную сетку».

Марына Яновіч, «Белсат»