«БЮРО» распавёў пра шэры бізнес і лакшэры-жыццё світы Шэймана


Правая рука і гаманец беларускага дыктатара Віктар Шэйман адбудаваў цэлую бізнес-імперыю, заснаваную на кантрабандзе і шэрых схемах, і трапіў пад санкцыі Захаду. Але эканамічныя абмежаванні не замінаюць шэйманаўскай камандзе зарабляць мільярды для сям’і Лукашэнкі. Праект «Бюро» апублікаваў расследаванне, якое паказвае шэры бізнес і раскошнае жыццё світы Шэймана.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

2020 год. Дыктатар прымае свайго даўняга паплечніка, тагачаснага кіраўніка Упраўлення справамі Лукашэнкі. Апошні задае курс:

 «Трэба супрацоўнічаць з дзяржавамі, як мы кажам, дальняй дугі, дзяржавамі заможнымі».

Віктар Шэйман з «упраўлення» звольніўся і ачоліў неафіцыйныя праекты сямʼі Лукашэнкі – кажа аўтар расследавання «Бюро», прысвечанага асобам са світы Шэймана, якія «робяць грошы» у санкцыйных умовах – на пракладванні шэрых маршрутаў у краіны Афрыкі, Азіі, Кітаю. Гаворка пра бізнес-холдынг «Алексвіт».

«Усе новыя кампаніі, якія мы знайшлі… большасць з іх уваходзіць у “Алексвіт”. Гэта “Шаўковы шлях”, заняты прадуктамі харчавання і субпрадуктамі – пастаўкамі ў Азію. Яшчэ адна кампанія, “Авангард-грузатранс”,таксам заточаная пад Азію. І ў сябе на сайце напрамкі пішуць, што яны займаюцца мультымадальнымі перавозкамі з краіны Азіі», – кажа журналіст «БЮРО» Аляксей Карпека.

Віктар Шэйман, што трапіў у санкцыйныя спісы, афіцыйна нічым не валодае. У матэрыялах «Бюро» і іншых расследавальнікаў сустракаем прозвішчы ягоных давераных асобаў – браты Яўген і Юрый Жоўнеры, Аляксандр Раманоўскі і Антон Новік, Сяргей і Таццяна Аношкі. Апошнюю называюць фінансісткай Шэймана.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Віктар Шэйман.
Фота: belaruspartisan.by

«Мы знайшлі яе акаўнт на Linkedin. Яна сябе называе намесніцаю старшыні праўлення групы кампаніяў. Яна і раней займалася фінансавым бокам разнастайных праектаў, у тым ліку ў Аляксандра Мураўёва ў яго групе кампаніяў АТEC», – узгадвае Аляксей Карпека.

Раней Таццяна працавала ў кампаніі «Глобалкастам», якую лавілі на нелегальных пастаўках адзення і санкцыйных харчоў у Расею. «БЮРО» апублікавала доказы лакшэры-жыцця Таццяны Аношкі. Ёсць ейнае фота з бутэлькай шампанскага, кошт якога даходзіць да 10 тысячаў долараў, на навагодняй імпрэзе ў шыкоўным Atlantis Hotel у Дубаі.

Дарагая брэндавая вопратка, камплекты ўпрыгожанняў з каштоўнымі камянямі і металамі – коштам да $ 7,7 тыс. А 10-дзённы адпачынак у VIP-асабняку на Мальдывах каштаваў сямʼі Аношак 110 тысячаў долараў. На карʼернай мапе Сяргея Аношка – больш чым два дзесяцігоддзі ў шэйманаўскіх кампаніях. Перайшоў ён туды разам з Яўгенам Чанавым, Юрыем Грышчуком і іншымі колішнімі працаўнікамі экс-уладальніка «Мотавела» Аляксандра Мураўёва. Сувязь з Шэйманам адмаўляе:

«Верагодна я атрымаў бы лепшыя ўмовы ўтрымання ў турме і калоніі».

Прадстаўнік «BELPOL» лічыць, што нават лаяльны і адданы Віктар Шэйман не застрахаваны ад турмы. І называе сумы, якія цяпер бізнесовец са сваёй світай прыносіць сямʼі дыктара:

«Нават на прыкладзе той жа самай зямлі ў Сочы і электраэнергіі, якую прадавалі праз кампаніі ва Украіну. Толькі па гэтых фактах сума скрадзеных у дзяржавы грошай перавышае 1 мільярд долараў», – заявіў Уладзімір Жыгар.

Гэтыя грошы, мінаючы бюджэт Беларусі, выводзяць у афшоры на Кіпры і ў Арабскіх эміратах.

Юлія Цяльпук, «Белсат»