Сёння адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за правы людзей з інваліднасцю


Вандроўнік з інваліднасцю і сацыяльны прадпрымальнік Аляксандр Аўдзевіч – заснавальнік і стваральнік праекту «Інклюзіўны барыста» ў Беларусі, у межах якога адкрыў цягам года пяць кавярняў. Цяпер ён працягвае праект у Варшаве, дзе жыве ўжо амаль год.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пераехаў, бо не было куды вяртацца. І Польшча – краіна, у якой у мяне віза была, бо я падарожнічаў», – тлумачыць Аляксандр Аўдзевіч.

У Польшчы барыста яшчэ не атрымаў афіцыйнага пасведчання пра інваліднасць. Аднак з досведу знаёмых ведае, што дакумент дае падставы для зніжак.

«Вядома, гэта пачынаючы ад вазкоў. І нават уласнае аўта можна набыць за 200 еўраў, за 300, усялякія сучасныя штукі, пра якія ў Беларусі я нават не мог марыць», – кажа Аляксандр.

З яго словаў, матэрыяльнай дапамогі ад дзяржавы стае на жыццё. Лепш прыстасаванае ў Польшчы і асяроддзе да патрэбаў людзей з інваліднасцю.

«Гэта выяўляецца ў даступнасці гарадскога транспарту, па-першае, гэта выяўляецца ў даступнасці метро. Шмат станцыяў у Беларусі недаступныя для вазочніка і там цябе носяць на руках», – пералічвае Аляксандр адрозненні.

Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, станам на першага кастрычніка летась толькі ў кожным пятым аб’екце (18,7 %) сацыяльнай інфраструктуры існаваў бесперашкодны доступ для людзей з інваліднасцю. Чарговая мяжа ў дзяржаўных дакументах – 2025 год, менавіта тады, паводле новага закону «Аб правах інвалідаў і іхнай сацыяльнай інтэграцыі», маюць запрацаваць і квоты працоўных месцаў для інвалідаў, і аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма ўліку даступнасці.

«У чатах людзей з інваліднасцю законы нават не абмяркоўваюцца. Гэта кажа пра што? Пра тое, што людзі нічога не чакаюць – ні харошага, ні кепскага, не сочаць за сітуацыяй. Што, напэўна, няма надзеі, што нешта зменіцца і ў іх бок прымуць закон, які ім паспрыяе», – кажа Эльвіра Каралёва, актывістка, якая займаецца інклюзіўнымі праектамі.

Не заўважыла зменаў з прыняццем новага закону і большасць гледачоў «Белсату», якія адказалі на нашае пытанне ў сацыяльных сетках. А кожны восьмы мяркуе, што стала яшчэ горш. Са знішчэннем грамадскіх арганізацыяў, што займаліся абаронай правоў інвалідаў, сітуацыя адкацілася назад, а людзі баяцца скардзіцца, мяркуе заснавальнік Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі:

«Гэта скончыцца тым, што людзі сядуць удома і папросту не выйдуць на працу, не пойдуць вучыцца. І мы зноў апынёмся на 30 гадоў назад, дзе казалі: а чаму людзі з інваліднасцю не маюць добрай адукацыі, не маюць добрай працы? А вось таму!»

У Беларусі, паводле афіцыйных звестак, больш чым 530 тысяч асобаў з інваліднасцю, гэта шэсць адсоткаў насельніцтва краіны. Дзяржава ўспрымае іх як цяжар, як абʼект для дабрачыннасці, а не як грамадзянаў з роўнымі правамі, мяркуе Сяргей Драздоўскі:

«Беларускае грамадства больш, чым дзяржава, прасунулася ў разуменні таго, што праблемы інваліднасці – гэта праблемы правоў чалавека. Але мы сталі перад сцяной, што правы чалавека ў Беларусі – гэта нейкая варожасць, варожыя праявы».

Калі Беларусь вернецца ў стан верхавенства закону, давядзецца пачынаць гэтую працу зноўку, падкрэслівае Сяргей Драздоўскі. Таму важна сіламі супольнасці захаваць у краіне ўжо створаную культуру інклюзіўнасці, культуру дапамогі, культуру павагі да правоў людзей з інваліднасцю.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»