Такога не было. Людзі з інваліднасцю маўчаць аб праблемах


Сёння – Міжнародны дзень змагання за правы людзей з інваліднасцю. У шэрагу краінаў праходзяць канферэнцыі. Выказваюцца асобаў з фізічнымі асаблівасцямі, чальцы іхных сем’яў, палітыкі, грамадскія дзеячы. Падпісваюцца дакументы… Але ў Беларусі сёння чарговы дзень маўчання пра правы людзей з інваліднасцю. Не бачым нараканняў у медыях. Ведаем адно, што колькасць пасведчанняў аб інваліднасці зменшылася на 10 %.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аляксандра Гушча – мастачка, пасля апошніх выбараў апазіцыянерка і з дзяцінства – асоба з інваліднасцю. Праз фізічныя адрозненні ейнае жыццё моцна ўскладнілася…

«Засталіся крыўды на Беларусь у сувязі з маім дзяцінствам, досведам чалавека з інваліднасцю. Таксама на аснове досведу маёй сямʼі, сямʼі з дзіцём інвалідам. Я памятаю як маёй сямʼі, маім бацькам, было вельмі складана знайсці падтрымку – ці то фінансавую, ці то падтрымку ў грамадстве», – узгадвае жанчына.

Адметна, што Аляксандра ўдзельнічала ў грамадскім пратэставым руху пасля прэзідэнцкіх выбараў 20-га года. «Мяне затрымалі на жаночым маршы 19 верасня», – кажа. За апошнія 2 гады разам з дэфолтам базавых правоў беларусаў адбылося наступнае:

«Такога раней ніколі не было… Баяцца скардзіцца, хоць праблемаў шмат і ўсялякіх. Але скаргаў ні да нас, ні да дзяржаўных установаў мы не бачым. І гэта вельмі цікава. Мае калегі ў Беларусі вымушаныя замаўчаць, бо казаць небяспечна. Але маўчанне не здымае прадлемаў», – канстатуе дырэктар Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

«Офіс правоў людзей з інваліднасцю» быў ліквідаваны – у шэрагу грамадскіх арганізацыяў і абʼяднанняў, якія трапілі пад паслявыбарчыя рэпрэсіі. Дырэктар арганізацыі мусіў эміграваць. Але за навінамі з Беларусі – сочыць.

У ліпені 2020-га года на дзярж-уліку было 576 тысяч асобаў з інваліднасцю. Гэта 6 % насельніцтва краіны. У 2022 годзе колькасць знізілася на 10 % да 519 тыс. Цяпер асобы з інваліднасцю складаюць ужо каля 5 % насельніцтва.

«Магчыма, дзяржава папросту не дае людзям інваліднасць. Забірае “групы”, як кажуць у народзе. І не ўсталёўвае новую. Гэта значыць, што шмат людзей, якія па факце маюць інваліднасць, не атрымліваюць сацыяльную абарону», – падазрае Драздоўскі.

Але аднайменная дзяржпраграма летась стартавала. Да 2025 года чыноўнікі абяцаюць патраціць Br 4 млрд на дадатковае падтрыманне асобаў з інваліднасцю і іхных семʼяў. Ці будзе гэтая кампанія празрыстаю?

Агулам у свеце мільярд асобаў з інваліднасцю. Большасць з іх сёння маюць магчымасць скіраваць прэтэнзіі да ўладаў сваіх краінаў.

«Я лічу, што самая вострая праблема – адукацыя. У некаторых маленькіх раёнах вельмі цяжка, бо няма спецыяльных школ з адмысловымі выкладчыкамі, якія маглі б даць дзіцяці патрэбную дапамогу», – кажа Аляксандра, маці 5-гадовага хлопчыка з інваліднасцю.

У Літве сёння абмяркоўвалі праблему дапамогі семʼям, якія апякуюцца «асаблівымі» сваякамі.

«За апошнія 10 гадоў шмат зроблена для асобаў з інваліднасцю. І адна з найбольш важных паслугаў… Гэта асістэнт, які аплочваецца з дзяржаўных сродкаў і можа дапамагаць для людзей з інваліднасцю кожны дзень», – паведаміў вазочнік Юстас Джюгяліс – чалец Сейму Літвы.

Кожны дзень і столькі гадзінаў, на колькі мае патрэбу пэўная асоба.

Юлія Цяльпук, «Белсат»