Хто такі Анатолій Шарый, якога суд адпусціў пад падпіску аб нявыездзе?


У Іспаніі суд адпусціў пад падпіску аб нявыездзе Анатолія Шарыя. Днём раней іспанская паліцыя затрымала прарасейскага блогера ўкраінскага паходжання паводле ордару на арышт ад Службы бяспекі Украіны. Шарый будзе чакаць экстрадыцыі, на радзіме яго падазраюць у здрадзе дзяржаве, а таксама дыскрымінацыі паводле нацыянальнай прыналежнасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

4 траўня паліцыя Іспаніі затрымала грамадзяніна Украіны Анатолія Шарыя, 5 траўня адпусціла пад падпіску аб невыездзе. Пра гэта напісалі амаль усе ўкраінскія медыі – чаму?

Хто ж такі Анатолій Шарый? Блогер украінскага паходжання, аб’ект увагі ўкраінскіх грамадскіх аб’яднанняў, якія адсочваюць магчымых агентаў уплыву Крамля.

Былы журналіст глянцавых выданняў, які супрацоўнічаў з «Московским комсомольцем», Шарый апошнія некалькі гадоў называе сябе «медыяэкспертам» і незалежным блогерам.

Афіцыйна Шарый зарабляе ахвяраваннямі гледачоў і рэкламай.

«У яго вялізная сетка кантактаў і асведамляльнікаў, яму ўсе зліваюць інфу, усе дапамагаюць», – рэкламаваў Шарыя крамлёўскі блогер і дызайнер Арцемій Лебедзеў.

Шарый – падазраваны ў дзяржаўнай здрадзе Украіне.

«Якое грамадства пабудаванае ў гэтай недадзяржаве?!» – абураўся Шарый у відэа, дзе распавядаў, што артылерыйскі абстрэл дзіцячага садка ў Станіцы Луганскай з боку баевікоў ЛНР – інсцэніроўка ўкраінскіх уладаў.

Узор дзяржавы па Шарыю – Расейская Федэрацыя.

«Я хачу, каб мы імкнуліся і раслі, як імкнецца і расце Масква. Бо Масква – класны горад», – агітавала ў блогу Шарыя ягоная жонка Вольга.

Адзін з ягоных пастаянных тэзісаў – «ДНР і ЛНР гэта проста незадаволеныя грамадзяне Украіны, на Усходзе ідзе грамадзянская вайна, а украінскія вайскоўцы – забойцы».

«Я супраць паставак любой зброі. І калі ўкраінцы забіваюць украінцаў, калі славяне забіваюць славян, калі чалавек забівае чалавека – я гэтага не прымаю. Я пацыфіст», – так Шарый агітаваў супраць паставак узбраенняў Украіне перад адкрытай фазай расейскага ўварвання.

«Ёсць вялікі пласт аўдыторыі, якая калеблецца, для якой не ўсё так адназначна, і для іх выбудоўваецца іншая схема працы, шукаецца лінія расколу», – тлумачыць падобныя метады прапаганды аналітык iSANS Ян Аўсеюшкін.

Эксперты ў дэзінфармацыі і прапагандзе адзначаюць, што Шарый дзейнічае не так адкрыта, як Кісялёвы-Салаўёвы з дзяржаўных расейскіх каналаў.

«Ён працуе значна танчэй, канцэнтруецца на крытыцы ў першую чаргу ўкраінскага боку. Тыя наратывы, якія ён выкарыстоўваў апошнія 5-6 год, гэта крытыка украінскай арміі, нацыянальнага будаўніцтва, Украіны як дзяржавы. І рабілася ўсё гэта пад соўсам барацьбы, змагання за праўду», – адзначае Ян Аўсеюшкін.

З дапамогай рэкламы і кідкіх загалоўкаў Анатолій Шарый сабраў сабе дастаткова вялікую аўдыторыю нават каб удзельнічаць у выбарах у Вярхоўную Раду Украіны. Сам прайсці ў дэпутаты не меў права, але ягоная штучна створаная партыя была на бюджэтным фінансаванні і выкарыстоўвалася для правакацыяў.

«У Адэсе адбылася тэрміновая сесія, бо трэба тэрмінова напіліць грошай на Тэрытарыяльную абарону. Бо на Адэсу зараз нападуць расейскія войскі і гэтак далей. Вы ведаеце, хто адзіны выступіў супраць гэтага вар’яцтва? Правільна, дэпутат партыі Шарыя!» – смяяўся Шарый незадоўга да адкрытай фазы вайны.

Да 24 лютага Шарый падтрымліваў крамлёўскую дэзінфармацыю, што Расея не нападзе. Потым стаў раскручваць тэму непераможнай расейскай зброі.

Чакаць экстрадыцыі ва Украіну прарасейскі блогер будзе чакаць ва ўласным маёнтку ў Каталоніі на беразе Міжземнага мора. Домік каштуе не менш мільёна еўраў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».