Адвакат Ролянд Краўзэ: заява ў першую чаргу супраць Лукашэнкі, бо ён аддаваў загады


У Беларусі судзяць удзельнікаў мірных пратэстаў, а па-за Беларуссю будуць судзіць тых, хто чыніў гвалт над пратэстоўцамі.

«Калі Лукашэнка ці іншая асоба прыедзе ў Еўропу, у Еўразвяз, распачнецца працэдура», – кажа Ролянд Краўзэ – адзін з чатырох адвакатаў, што звярнуліся ў Федэральную пракуратуру Нямеччыны.

Ад імя дзесяцярых пацярпелых падчас выбарчай кампаніі, грамадзянаў Беларусі, Польшчы, Швейцарыі ды Ізраілю, адвакаты выставілі абвінавачанні беларускім чыноўнікам, у тым ліку Аляксандру Лукашэнку, у злачынствах супраць чалавечнасці – паводле міжнароднага крымінальнага кодэксу.

«Ініцыятыва была наша і калегаў-адвакатаў з Беларусі. Яны кантактавалі з адвакатамі з Вільні ды Нямеччыны, бо ёсць опцыя ўніверсальнай юрысдыкцыі», – кажа Ролянд Краўзэ.

Універсальная юрысдыкцыя – гэта міжнародная працэдура, якая дазваляе прыцягваць да адказнасці за незаконныя затрыманні, катаванні, выкраданні ды забойствы людзей, здзейсненыя ў іншай краіне.

«Заява скіраваная на тое, каб дабіцца прызнання рэжыму Лукашэнкі тэрарыстычнай арганізацыяй, якая здзейсніла злачынствы супраць чалавечнасці», – кажа Кацпэр Сеніцкі, грамадзянін Польшчы, адзін з затрыманых і збітых у Менску пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Паводле Ролянда Краўзэ цягам месяца генеральны пракурор Нямеччыны мае вывучыць справу, пасля чаго распачнецца судовая працэдура.

Гэта не першая падобная справа ў Нямеччыне. Нядаўна чатырма з паловаю гадамі турмы пакаралі працаўніка сірыйскіх спецслужбаў, адказнага за злачынствы супраць чалавечнасці ў Сірыі.

«Гэта прыклад таго, што такога кшталту злачынствы не застаюцца незаўважанымі. І можна спадзявацца, што ў сваёй краіне ты будзеш недатыкальным, але ў цэлым свеце ты будзеш несці адказнасць», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі.

Раней заявы пра злачынствы супраць чалавечнасці па скаргах грамадзянаў Беларусі пачалі разглядаць пракуратуры Літвы і Чэхіі. Першым жа заяву супраць беларускага рэжыму падаў беларус Максім Харошын, які цяпер жыве ў Літве.

Уладальніка крамы «Першая Кветкавая» брутальна затрымалі 13-га кастрычніка ў адным са сталічных двароў. З Першамайскага РУУС Менску збітага мужчыну забрала хуткая дапамога.

«Гэта не хуткі працэс, але цягам нейкага часу мы дакладна даможамся справядлівасці», – казаў Максім Харошын летась у снежні пасля таго як падаў заяву.

Вераць у справядлівасць і апытаныя намі менчукі:

«На жаль гэта вельмі доўга, але я веру што справядлівасць заўсёды перамагае».

«Пытанне толькі часу».

«Чым больш будзе розгалас, тым больш для нас станоўчы момант».

У Чэхіі ды Польшчы падрыхтаваны ўжо дзясятак заяваў ад беларусаў, распавядае Аляксандр Дабравольскі. У Літве ўжо 17 чалавек падалі адпаведныя дакументы і яшчэ два дзясяткі заяваў рыхтуюцца камандаю фонду «Байсол».

«Давесці ўдзел людзей, датычных да катаванняў, будзе нескладана, бо вельмі шмат пацярпелых, якія распавядаюць, хто і як іх катаваў, пры які абставінах, ёсць дакументы і сведкі. Што датычыць Лукашэнкі, у палітычным сэнсе няма сумневаў, што ён за гэтым стаіць, але гэта таксама трэба будзе даказаць», – кажа Аляксандр Дабравольскі.

Беларусь застаецца на парадку дня ў Аб’яднанай Еўропе. Не забывацца пра беларускіх вязняў заклікала канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель:

«Цяпер гэта вельмі важна, калі мы думаем, напрыклад, пра Беларусь, каб мы не забываліся на тых, хто цяпер у зняволенні. І мы выкарыстоўваем усе палітычныя кантакты і дазволім перабыванне ў Нямеччыне тым, каму пагражае вострая небяспека».

Паводле беларускай пракуратуры, супраць беларусаў пасля выбараў завялі ўжо больш за 3 тысячы крымінальных справаў, а больш як дзве тысячы заяваў аб гвалце з боку сілавікоў і забойствах мірных пратэстоўцаў застаюцца без разгляду.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»