Спіс «экстрэмістаў» расце як на дражджах


Самаму малодшаму – 16 гадоў, самаму старэйшаму – 74. Перадусім – грамадзяне Беларусі, але ёсць і замежнікі. Усяго 3960 асобаў у спісе «экстрэмістаў» Міністэрства ўнутраных справаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта людзі, асуджаныя за пратэсты, то бок артыкул 342. Гэта людзі, асуджаныя па розных дыфамацыях, за абразу Лукашэнкі, чыноўнікаў, міліцыянтаў, за абразу суддзяў ці за распальванне сацыяльнай варажнечы», – кажа праваабаронца Анастасія Васільчук.

Праваабаронцы зазначаюць: у Беларусі ўсё больш выпадкаў, калі ўлады пад выглядам барацьбы з экстрэмістамі і тэрарыстамі змагаюцца з іншадумствам. Прыклады і факты рэпрэсіяў, што адбываліся цягам апошняга года, – у новым дакладзе праваабарончага цэнтру «Вясна».

«Людзі, якія сядзяць у МУС, у КДБ, у Савеце Міністраў, у Палаце прадстаўнікоў, – яны ўвогуле не разумеюць сэнсу і значэння словаў “экстрэміст” і “тэрарызм”. І хочацца ім сказаць: шаноўныя, звярніцеся, калі ласка, да слоўнікаў», – зазначае праваабаронца Алена Маслюкова.

У аснове ж гэтых рэпрэсіяў – заканадаўства, якое рэжым паслядоўна змяняе і рэфармуе. Так, як зручна.

«Гэта адбываецца з 2021 года, калі Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму быў істотна зменены, калі азначэнне экстрэмізму было яшчэ больш пашыранае, калі з’явіліся новыя склады злачынства, а санкцыі тых складаў, якія ўжо былі ў Крымінальным кодэксе, сталі жорсткімі», – гаворыць юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

У выніку каментар у інтэрнэце становіцца знявагаю службовай асобы, а перапост паведамлення з пэўнага тэлеграм-каналу або падпіска на яго – спрыяннем экстрэмісцкай дзейнасці.

Затрыманне гарадзенца за каментар.
Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

«Калі, прабачце, 20-гадовая дзяўчына, студэнтка, выдатніца, знаходзіцца ў спісе тэрарыстаў, я не ведаю, гэта выглядала б смешна, калі б не было настолькі трагічна і балюча», – лічыць Алена Маслюкова.

«Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі». Рэзалюцыю пад такою назваю напярэдадні прыняла Рада правоў чалавека ААН. Паводле дакументу, мандат адмысловай дакладчыцы пра сітуацыю ў нашай краіне працягнулі яшчэ на год. З 2018 гэтую пасаду займае Анаіс Марэн:

«Мандат адмысловага дакладчыка існуе ўжо 12 гадоў, і калі глядзець на гэтую гісторыю, на жаль, сітуацыя толькі пагоршылася».

Апроч таго, Рада правоў чалавека ААН працягнула мандат адмысловай групе з трох незалежных экспертаў. Яна займаецца расследаваннем сурʼёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, збірае і захоўвае доказы міжнародных злачынстваў.

«Гэтая каманда ўжо год таму абвесціла, што некаторыя з гэтых парушэнняў могуць быць злачынствам супраць чалавецтва. Гэта ўжо зусім іншы ўзровень. Гэта ўжо не парушэнне правоў чалавека, гэта вельмі сурʼёзныя злачынствы», – зазначае Анаіс Марэн.

Палітычныя выкраданні, забойствы, катаванні – такія злачынствы не маюць тэрміну даўніны.

Алесь Яшчанка, «Белсат»