Расея знайшла «доказы» сувязяў тэрарыстаў з Украінаю


Следчы камітэт Расеі працягвае расследаванне тэракту ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе», у выніку якога загінулі прынамсі 144 асобы. З’явіліся нібыта доказы датычнасці Украіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У тэлефоне тэрарыста выяўленыя фотавыявы людзей у камуфляжнай форме з украінскім сцягам на фоне разбураных дамоў і ўкраінскай паштовай маркі з нецэнзурным жэстам, – кажа кіраўніца ўпраўлення ўзаемадзеяння са СМІ, генерал-маёр юстыцыі РФ Святлана Пятрэнка. – Гэтыя дадзеныя могуць сведчыць аб сувязі паміж здзейсненым тэрарыстычным актам і правядзеннем спецыяльнай ваеннай аперацыі».

Наколькі гэткія доказы вартыя даверу?

«Калі б яны знайшлі ў тэлефоне фота Такера Карлсана, гэта б азначала, што Такер Карлсан мае беспасярэдняе дачыненне да тэракту ў “Крокус Сіці Холе”? А было б фота Уладзіміра Салаўёва або Дзмітрыя Кісялёва, або Маргарыты Сіманьян? А калі б яны былі падпісаныя на старонку Сіманьян у “Тэлеграме”? Гэта не ёсць важкім доказам, але расейскія спецслужбы намагаюцца максімальна актуалізаваць украінскую тэму», – мяркуе вайскова-палітычны аглядальнік групы «Iнформацiйний спротив» Аляксандр Каваленка.

Прычым расейскія афіцыйныя асобы ад самога дня тэракту не разглядаюць ніякіх іншых версіяў арганізацыі нападу на «Крокус Сіці Хол», акрамя ўкраінскай. Хаця адказнасць за гэтыя дзеянні ўзяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».

«Расея не можа быць аб’ектам тэрактаў з боку ісламскіх фундаменталістаў. Мы – краіна, якая дэманструе ўнікальны прыклад міжканфесійнай згоды і адзінства, міжрэлігійнага і міжэтнічнага адзінства», – упэўнены Уладзімір Пуцін.

Будынак «Крокус Сіці Хол» пасля тэракту.
Фота: sotavisionmedia / Telegram

Адметна, што пра імавернасць тэрактаў расейскіх сілавікоў папярэджвалі загадзя. Прычым рабілі гэта не толькі краіны Захаду.

«Іран – іншая тэрарыстычная дзяржава, якая дарэчы ваюе з Ісламскай дзяржавай, такая крывавая варажнеча, таксама перадаў інфармацыю расейскаму боку пра тое, што намячаецца падобны тэракт. І гэта таксама расейскія спецслужбы праігнаравалі», – кажа былы амбасадар Ізраілю ў Расеі Аркадзь Мілман.

Выглядае, што цяпер Пуцін спрабуе скарыстаць правал уласных спецслужбаў на сваю карысць.

«Зрабілі з гэтага на сёння вялікую інфармацыйную кампанію супраць Украіны, – разважае Аляксандр Каваленка. – У першую чаргу арыентаваную на ўнутранага спажыўца, каб ім скарміць тэзу пра тое, што гэтая так званая СВА супраць Украіны недарэмна распачалася: вось бачыце, Украіна – гэта тэрарыстычная дзяржава. Другі крок – гэта намагацца праз свае гаворачыя галовы распаўсюджваць гэты наратыў у краінах Захаду».

Наколькі ўдала гэта атрымаецца, пытанне іншае. Днямі прэзідэнт Украіны агучыў атрыманую інфармацыю, што Расея да 1 чэрвеня плануе мабілізаваць 300 тысячаў сваіх грамадзянаў. Разам з тым, павялічваецца колькасць кантрактнікаў. Міністэрства абароны Расеі заявіла, што з 25-га сакавіка дамовы з расейскім войскам падпісалі каля 16 тысячаў чалавек. Яны «пажадалі адпомсціць за загінулых у выніку трагедыі, што адбылася 22 сакавіка 2024 года».

Ян Федаровіч, «Белсат»