Супадзенне пазіцыяў: Кітай і Аб’яднаны пераходны кабінет выступаюць супраць ядравай зброі Пуціна


Аб’яднаны пераходны кабінет Святланы Ціханоўскай патрабуе ад Расеі адмовіцца ад размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі. А міжнародную супольнасць заклікае перашкодзіць выбуховым планам Крамля. Нечакана размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі выразна асудзіў Кітай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

АляксандрЛукашэнка – нелегітымны, і ўтрымлівае ўладу незаконна, а таму не мае ніякага права дазваляць Расеі ставіць у Беларусі сваю ядравую зброю. Такі каментар «Белсат» атрымаў у Абʼяднаным пераходным кабінеце Святланы Ціханоўскай, які запатрабаваў ад Расеі вывесці з Беларусі ўсе свае войскі і вайсковыя абʼекты. «Іскандэры» і самалёты Су-25 з тактычнай ядравай зброяй на нашай зямлі супярэчаць Канстытуцыі, абавязальніцтвам Беларусі і нашым нацыянальным інтарэсам, кажуць у АПК.

«Мы памятаем, як Расея скарысталася сваімі вайсковымі базамі ў Крыме, каб забраць гэтую паўвыспу ад Украіны. Нелегальным чынам, але менавіта вайсковыя базы на тэрыторыі Крыму сталі пачаткам гэтай анексіі», – патлумачыў «Белсату» Валер Кавалеўскі, прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах.

Дзеянні Лукашэнкі і Пуціна – гэта пагроза міжнароднай бяспецы. Наступная пасля прымусовай пасадкі авіярэйсу Афіны-Вільня ў 2021-м годзе і арганізацыі масавай нелегальнай міграцыі ў Еўразвяз праз Беларусь. Але ядравая зброя больш небяспечнае парушэнне міжнародных пагадненняў, таму свет мусіць рэагаваць.

«Дэстабілізуецца міжнародная сітуацыя, змяняецца баланс сіл у рэгіёне. Тут можна казаць пра значна больш жорсткія санкцыі датычна рэжыму», – перакананы Валер Кавалеўскі.

У антыядравай песні да хору дэмакратычных дзяржаваў нечакана далучыўся голас аўтарытарнага Кітаю. Фу Цун – кітайскі амбасадар у Еўразвязе, заявіў, што Пекін не падтрымлівае ўварванне Расеі ва Украіну, не прызнае анексію Крыму і іншых украінскіх рэгіёнаў, а заявы пра «бязмежнае сяброўства» ці «партнёрства без межаў» між Кітаем і Расеяй – гэта рыторыка. І памылкай будзе разглядаць візіт Сі Цзінь Піна ў Маскву як стварэнне антызаходняга блоку.

«Гэта няправільная інтэрпрэтацыя візіту генеральнага сакратара Сі Цзінь Піна ў Маскву. Гэта была паездка міру, паездка сяброўства і супрацы. Падчас візіту генеральны сакратар Сі Цзінь Пін выступіў у абарону міру, і на гэта актыўна і пазітыўна адрэагаваў расейскі бок», – заявіў амбасадар Кітаю ў Еўразвязе Фу Цун у эфіры дзяржаўнага кітайскага тэлеканалу CGTV.

Гэта стратэгія Кітаю – не канфліктаваць, а балансаваць, пры патрэбе адыходзячы ад падтрымкі Масквы, тлумачыць дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч:

«Калі Расея знаходзіцца ў жорсткім супрацьстаянні з Захадам, і Расеі трэба шукаць любыя магчымыя механізмы ціску на Еўропу і ЗША, то Кітай захоўвае Еўропу і ЗША ў якасці сваіх важных эканамічных партнёраў. Стратэгічна яму вельмі важна гэтыя стасункі развіваць».

Заявы Фу Цуна ў заходняй прэсе і на дзяржаўным кітайскім тэлебачанні прагучалі, як падрыхтоўка важнага візіту ў Пекін старшыні Еўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен і прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона. Галоўная тэма перамоваў – расейска-ўкраінская вайна.

«Я думаю, што дыялог з Кітаем неабходны, бо мы, еўрапейцы і Еўразвяз, не мелі б рацыі, калі б аддалі эксклюзіўны дыялог з Кітаем іншым жыхарам еўрапейскага кантыненту, такім, як расейцы», – заявіў у Пекіне Эманюэль Макрон.

Як мяркуюць эксперты, Пуцін зрабіў памылку, бо спачатку разам з кітайскім генсекам заявіў аб недапушчальнасці развязвання ядравай вайны, а праз 4 дні паведаміў пра размяшчэнне ў Беларусі тактычнай ядравай зброі. Бо палітыка нераспаўсюджання – важная частка кітайскай замежнай палітыкі.

«Кітаю невыгодна пашырэнне ядравай зброі, фактычна эскалацыя падзеяў ва Украіне, канфлікту на Еўрапейскім кантыненце», – нагадвае Андрэй Казакевіч.

Пакуль у Пекіне прымаюць еўрапейцаў, у Маскве Пуцін 2 дні прымае Лукашэнку. Сёння яны абмяркуюць, як выжыць у варожым асяроддзі, а заўтра правядуць паседжанне так званага Найвышэйшага дзяржаўнага савету так званай Саюзнай дзяржавы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»