Беларускае тэлебачанне выпусціла «расследаванне» пра дыверсію ў Мачулішчах


Беларускае дзяржаўнае тэлебачанне выпусціла фільм пра падзеі ў Мачулішчах і назвала яго «расследаваннем». Яго шырока разрэкламавалі праўладныя рэсурсы. З відэа вынікае, што лукашэнкаўскія сілавікі нібыта бліскуча выкрылі і затрымалі ўдзельнікаў цэлай сеткі шпіёнаў і тэрарыстаў, што працавалі на заданне ўкраінскіх спецслужбаў. Што ў гэтым фільме выглядае рэальным, а што выклікае сумневы? І які мэсідж прапагандысты гэтак пасылаюць беларускай аўдыторыі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Агенты ў Горадні, Віцебску і Мачулішчах, а таксама ўкраінец, які здзейсніў атаку на расейскі А-50. Усе яны нібыта працавалі на СБУ – сцвярджае фільм, які дзяржаўнае тэлебачанне пазіцыянуе як расследаванне.

Маўляў, выканальніка дыверсіі ў Мачулішчах, ягоных памагатых ды іншых шпіёнаў і тэрарыстаў бліскуча затрымалі спецслужбы. Але некаторыя дэталі выклікаюць пытанні. Чамусьці ліставанне фігурантаў у чаце падаецца не здымкамі экрана, а намаляванае ў графічным рэдактары. Запіс тэлефоннай размовы кіроўцы, які нібыта вёз Швяца пасля дыверсіі, зроблены так, быццам кіроўцу здымалі проста з сярэдзіны салона, а ён гэтага не заўважыў. Затрыманне ж праграміста, які нібыта шпіёніў у Мачулішчах, здымалі ажно з некалькіх ракурсаў. У фільме ўвогуле шмат занадта кінематаграфічных кадраў. І нідзе не ўказваецца, што гэта рэканструкцыя падзеяў.

«Украіне, каб узарваць гэты самалёт, не трэба марнаваць 8 месяцаў на нейкага шпіёна, які будзе швэндацца па нейкіх межах, угаворваць, каб яго пусцілі ў краіну, нейкімі калідорамі заязджаць. Украіна мае магчымасць ударыць па гэтым аб’екце са сваёй тэрыторыі», – мяркуе палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Дзяржаўнае тэлебачанне і раней здымала відэа з прэтэнзіяй на сенсацыю, адзначае палітолаг. І прыгадвае гісторыю 2017-га года, калі праз беларускую мяжу быццам бы прарываўся джып са зброяй.

«Гэта здымалася ўначы, у лесе, нечакана камеры зʼявіліся, якія ўсё гэта здымалі з некалькіх ракурсаў. Але вы больш не знойдзеце гэтага дакументу. Яго выдалілі з сайту КДБ, яго няма на сайтах беларускіх прапагандысцкіх каналаў. Яго выдалілі», – кажа Дзмітрый Балкунец.

Калі спецслужбы сапраўды, як кажуць аўтары фільму, пачаткова сачылі за дыверсантам, то чаму яны дазволілі пасадзіць дрон з выбухоўкаю на самалёт? І чаму Лукашэнка ўчора быццам апраўдваўся перад кіраўніком расейскай выведкі, распавядаючы пра затрыманне меркаванай агентуры?

Асноўны ж пасыл фільму, падобна, скіраваны на ўнутрыбеларускую аўдыторыю.

«Тое, што было паказанае, сведчыць пра эскалацыю сітуацыі, жаданне літаральна ўзарваць Беларусь, каб запалохаць простых людзей, а яшчэ справакаваць і ўцягнуць краіну ва ўкраінскі канфлікт», – сцвярджаюць аўтары фільму.

Але ж хіба гэта ў інтарэсах Украіны?

«Ды Беларусь ужо наўпрост уцягнутая ў вайну! Якія тут інтарэсы Украіны? З тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Украіны 13 з нечым месяцаў таму ўвайшла стотысячная групоўка войскаў. Пра што далей размаўляць?» – кажа вайсковы эксперт, падпалкоўнік запасу ЗСУ Мікола Саламаха.

З імаверных доказаў у фільме паказалі дроны ды іншую тэхніку, пашпарты і квіткі меркаванага дыверсанта. А таксама прызнанні фігурантаў на камеру. Але ці можна ім да канца верыць, ведаючы пра метады допытаў, якія ўжываюць сілавікі? Як заўважыла выданне «Наша Ніва», у аднаго з фігурантаў, падобна, зламаная сківіца.

Валянцін Васіленка, «Белсат»