«На камуналку ў наступным месяцы можа не хапіць». Як санкцыі б'юць па беларусах?


Ад сёння ізноў падаражала паліва – на 2 капейкі. Але гэта драбяза ў параўнанні з тым, наколькі растуць кошты на іншыя тавары – айчынныя і замежныя. Як было ў даваенны час, як цяпер і якіх цэннікаў чакаць у будучыні?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Br 4,19 за чатыры рулоны туалетнай паперы… і подпіс «выдатны кошт» над цэннікам… мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасці. Згодна з назіраннямі нашых гледачоў, папера – у ліку тавараў, якія заўважна падаражэлі за апошні месяц.

«Пракладкі былі за 8 рублёў. Думала, заўтра набуду. Заўтра яны 10 рублёў. Жаба душыць. Да заўтра думаю, іду набываць, а яны ўжо 13. Днямі знайшла яблыкі за 4,5. Усцешылася, бо паўсюль яны за 6. На камуналку ў наступным месяцы можа не хапіць».

«Корм для коткі, садавіна, гародніна, малако, кава зерневая, парашок пральны, мяса».

«Я перастаў разумець логіку ўтварэння цэнаў. То таматы за 8, то за 11, то за 22. Прычым цікава, што самыя добрыя за апошні месяц я менавіта за 8 набываў. А тут «Капеечка», ад якой варта чакаць ніжэйшых цэнаў, выдае максімальныя», – пішуць гледачы.

Вось і тыя таматы. Найдаражэйшыя выраслі ў Беларусі, дзе на іх не сезон. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання рапартавала, што выявіла ў Менску і Магілёве завышаныя кошты на гародніну айчыннай вытворчасці.

Імпартную садавіну і гародніну пасля забароны на ўвоз з краінаў Захаду, даводзіцца везці ўжо не за дзвесце, а больш за тысячу кіламетраў, што таксама адбіваецца на цане – адзначае эканаміст Леў Марголін. Цэнаўтварэнне на імпарт тлумачыць так:

«У гандлёвай сетцы гэты тавар будзе ляжаць можа тыдзень, два ці тры. А можа 2 месяцы. Тыя, хто займаецца гандлем, павінныя быць упэўненыя, што калі яны прададуць гэты тавар, у іх хопіць грошай, каб набыць новую партыю. Яны ж не ведаюць, што будзе».

Калі курс рубля стабільны цягам некалькіх месяцаў, рост коштаў запавольваецца. У перыяд няпэўнасці, як цяперашні санкцыйны, прадпрымальнікі закладаюць у кошты рызыкі на выпадак стратаў.

Узор «панікі цэнаў» – іх штодзённы рост на сродкі жаночай гігіены, пра які пісала глядачка «Белсату». Ці гісторыя гледача, які ў дзень пачатку Пуціным вайны супраць Украіны набыў грыль фірмы «Delonghi» за 850 рублёў. Ужо назаўтра грыль каштаваў 1150, а сёння – 1230.

Як і ў Расеі, праз першыя наступствы санкцыяў папулярныя мадэлі побытавай тэхнікі ды электронікі падаражэлі ў сярэднім на 30–40 %. Аўтамабілі, паводле газеты «Камерсант», – да 45 % у Расеі… Здавалася б, спрыяльныя ўмовы для экспарту аўтамабіляў «Джылі» ў Расею…

«Але выяўляецца, што Кітай пакуль не вызначыўся, што рабіць, бо ён жа таксама прадае гэтыя аўтамабілі. Застацца на Расейскім рынку, ці ўсё ж такі прыпыніць ці скараціць вытворчасць тут, каб не мець ніякіх рэпутацыйных праблем на Захадзе», – кажа Марголін.

Кітай толькі часткова заменіць «праселыя» рынкі – лічаць даследнікі кампаніі «InCome In», якія разлічылі тры сцэнары для сёлетняй беларускай эканомікі. У базавым сцэнары ВУП 2022-га года пакажа мінус 1-2 %. Прамысловасць застанецца на нулі дзякуючы субсідыям. Долар будзе каштаваць Br 3-4. ЗВР зменшацца да $ 6–6,5 млрд. Інфляцыя, паводле афіцыйнай метадалогіі, складзе 10 % і 12 % – стаўка рэфінансавання.

Песімістычны сцэнар чакае ў выпадку зацягвання вайны і больш аптымістычны – у выпадку падпісання мірнага пагаднення да канца вясны.

Юлія Цяльпук, «Белсат»