Чаго чакаць беларусам праз эканамічны крызіс?


Усё больш беларусаў, а дакладна больш за 40 адсоткаў, адзначаюць рост цэнаў на прадукты і паслугі ў краіне. Яшчэ ў лістападзе іх было амаль на 7 адсоткаў менш. Пра гэта, спасылаючыся на ўласнае апытанне, паведамляе Нацбанк.

«Так, адчуваем рост цэнаў на харчаванне больш за ўсё, таму што гэта самы галоўны артыкул расходаў у нас»

«На прадукты, на рэчы – не магу сказаць. Але калі статыстычна ўзяць, сярэдні чэк быў да 20 рублёў, то цяпер ужо да 30 і больш»

«Адчуваецца і на малочныя прадукты, і на хлеб, і на курыцу. Самыя тыя прадукты, якія пенсіянеры набываюць, вось на іх якраз і ёсць рост цэнаў», – разважаюць жыхары і госці Бабруйску.

Ні Сусветны, ні Еўразійскі банк развіцця не прадказваюць беларускай эканоміцы нічога радаснага. Яшчэ на гэты год прыпадзе рост валавога ўнутранага прадукту, але далей нас чакае рэцэсія. Дасягнуць зменаў у лепшы бок немагчыма без пераадолення палітычнага крызісу. Акрамя гэтага, у беларускіх уладаў увогуле няма плану для выхаду з крызісу. Падобна, што яны проста яго ігнаруюць, мяркуе старэйшы аналітык Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі.

«Усё яшчэ ідуць размовы пра структурную рэформу дзяржаўнага сектару, але ў цяперашняй палітычнай кан‘юнктуры, цяперашняй фінансавай кан’юнктуры, калі нам цяжка пазычаць, калі ўсе крыніцы, акрамя Расейскай Федэрацыі, перакрытыя, такія рэформы праводзіць таксама вельмі складана», – кажа Леў Львоўскі.

Апроч іншага, да канца года Нацбанк прадракае інфляцыю больш за 7 %. Пры гэтым паводле афіцыйных прагнозаў, рост спажывецкіх цэнаў не павінен пераваліць за 5 %. І тое, што Лукашэнка чарговы раз «замарозіў» цэны на сацыяльна значныя тавары, не дасць нічога, а то і зробіць горш. Таму што пакуль кошт адных стрымліваецца, яго могуць кампенсаваць падвышэннем цаны на іншыя.

Як у гэткай сітуацыі ўратаваць свае ашчаджэнні? Ці нават проста іх зрабіць?

«Безумоўна, трэба інвеставаць у тыя навыкі, у тыя рэчы, паслугі, якія могуць стаць асобнай крыніцай даходу для вашай хатняй гаспадаркі: адукацыя, дзеці, здароўе, перш за ўсё – тыя веды, якія потым спатрэбяцца на рынку. Не толькі беларускім рынку, але і сусветным», – кажа кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Рабіць дакладныя прагнозы на бліжэйшую эканамічную будучыню Беларусі – складана. Але, паводле эканамістаў, пры тых умовах, што ёсць цяпер, Беларусь хутчэй за ўсё чакае крызіс.

Надзея Бельская, «Белсат»