Больш за 1000 затрыманых – падсумаванне адміністрацыйнага пераследу ў сакавіку


Першы месяц вясны прынёс пацяпленне ў надвор’і, але не ў рэпрэсіях. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у сакавіку адбылося больш за тысячу затрыманняў паводле палітычных матываў. Амаль 400 чалавек атрымалі агулам звыш 6-ці тысяч содняў. Каля васьмідзесяці асобаў атрымалі штрафы на агульную суму больш за сто тысяч рублёў.

«Гэта затрыманні за іншадумства. Што там канкрэтна паслужыла падставай для міліцыянтаў, каб затрымаць гэтых людзей, – яно насамрэч не важнае», – лічыць праваабаронца Павел Сапелка.

Больш за 500 асобаў затрымалі ў Дзень Волі і 27 сакавіка. Арыштоўвалі нібы за ўдзел у пратэсце. А фактычна мінімум 50 менчукоў у пратаколе маюць прычынаю затрымання паднятую ўверх руку. У некаторых прычына – налепка з Пагоняй на машыне, балонікі ў колерах нацыянальнага сцяга, бела-чырвоныя брошка, шкарпэткі або цукеркі.

«Вялікіх маршаў з сімволікай у выглядзе сцягаў, транспарантаў, расцяжак ужо не праводзіцца, а затрымліваць кагосьці за штосьці трэба, таму на першы план выходзяць такія, здавалася б, абсурдныя тлумачэнні», – растлумачыў былы падпалкоўнік міліцыі Зміцер Дзмітрыеў.

Цяпер шмат якія беларусы падумаюць, якога колеру вопратку выбраць перад выхадам з дому. Пра дадатковыя захады бяспекі распавялі жыхары Менску:

«У выходныя насамрэч гуляем, але калі шчыра, то звяртаю ўвагу, ува што я апранутая».

«Намагаемся менш выходзіць кудысьці».

«Калі я бачу ў міліцэйскай форме – я ці іду іншым шляхам, каб не бачыць іх, ці калі ведаю, што такое адбываецца, не выходжу з дому».

З пачатку выбарчай кампаніі затрымалі больш за 35 тысяч беларусаў. Праект «23.34», які сабраў інфармацыю пра амаль 5 з паловай тысяч затрыманняў, прааналізаваў іх. Гэтак, у 26% выпадкаў прымяняўся фізічны гвалт, у 52% – псіхалагічны. Штрафы далі палове затрыманых, 43% адправілі адбываць содні. Абскардзіць рашэнне суда пажадалі 41%. У 2 % апеляцыйных справах яго прызналі несапраўдным.

Пасля зменаў у Адміністратыўным кодэксе артыкул 23.34 ужо пад нумарам 24.23. Цяпер пакаранне за мірныя сходы яшчэ больш жорсткае. За паўторнае затрыманне пагражае цяпер да пяці тысячаў васьмісот рублёў штрафу і да 30 содняў арышту.

«Мы ведаем пра падзеі 25, 27 сакавіка, якія адбываліся ў Менску, у іншых гарадах. 00:28-00:37 Рэпрэсіі ў сувязі з гэтым толькі ўзмацніліся, і гэтаму, вядома, спрыялі змены ў адміністратыўнае заканадаўства», – упэўнены Павел Сапелка.

З новым кодэксам павялічылася максімальнае пакаранне за непадпарадкаванне – да дзвюх тысячаў дзевяцісот рублёў. За сцягі караць цяпер могуць паводле артыкулу 24.26 як за незаконнае выкарыстанне і выраб сцягоў і сімвалаў. Як новы метад пакарання ўвялі грамадскія працы.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»